Зямлянка 4/394, 438; 5/20

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМЛЯ́НКА,

1) заглыбленая ў зямлю жылая пабудова, прамавугольная або круглая ў плане, з перакрыццем з жэрдак ці бярвён, засыпаных зямлёй. Адзін з самых старажытных і пашыраных відаў уцепленага жылля, вядомы з эпохі верхняга палеаліту.

Сцены З. рабілі з бярвён або плялі з галля і абмазвалі глінай. Унутры звычайна знаходзілася агнішча, уздоўж сцен — нары. У эпоху неаліту З. былі невялікіх памераў, у эпоху бронзы — вялікія з некалькімі памяшканнямі і агнішчам. У неаліце, жал. веку, раннім сярэдневякоўі (6—9 ст.) і ў эпоху Кіеўскай Русі на землях славян, у т.л. ў Беларусі, вядомы таксама паўзямлянкі — З. з драўляным зрубам, большая ч. якога ўзвышалася над зямлёй (гл. Жыллё). Як жылыя пабудовы З. і паўзямлянкі зберагліся ў комі, удмуртаў і інш. да 17—18 ст., у ітэльменаў і ніўхаў да 19 ст., у каракаў, кетаў, селькупаў да 20 ст., у паўночна-амер. індзейцаў (напр., навахаў) і эскімосаў да нашых дзён.

2) З. вайсковая — дрэваземляное збудаванне для размяшчэння асабовага складу войск і штабоў у палявых умовах. Будуюцца адна- або двухсхільнымі з перакрыццем з жэрдак (накату з бярвён), глінянай праслойкі і грунтавой абсыпкі, з выхаднымі тамбурамі ў тарцах. Маюць печ для абагрэву і абсталяванне для адпачынку. У Вял. Айч. вайну сав. войскі і партызаны выкарыстоўвалі З. з драўляным зрубам і перакрыццем з бярвён у 2—3 накаты. Карысталася З. і насельніцтва вёсак, спаленых акупантамі.

Зямлянка вайсковая: 1 — печка; 2 — мятая гліна; 3 — дзверы; 4 — зямля; 5 — слой галля або саломы; 6 — накатнік; 7 — кроквы.

т. 7, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗНЕ́Ц (Віктар Сямёнавіч) (10.4.1933, с. Уладзіміраўка Кампанееўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 2.4.1981),

украінскі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1957). Пісаў пераважна для дзяцей. Творы вызначаюцца драматызмам, глыбокім псіхалагізмам, паасобныя з элементамі казачнай фантастыкі (аповесці «Ветразі над стэпам», 1965; «Зямлянка», 1966; «Драўляне», 1968; «Маўчун», 1972; раман «Падземныя барыкады», 1977). Развіццю духоўнасці падлеткаў прысвечана аповесць «Гук павуцінкі» (1970). Літ. прэмія імя Л.Украінкі 1988.

Тв.:

Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1983;

Бел. пер. — Гук павуцінкі: Аповесць. Мн., 1974.

В.А.Чабаненка.

т. 3, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ (Соф’я Дзмітрыеўна) (12.4.1904, в. Обаль Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 4.9.1980),

бел. жывапісец. Засл. работнік культуры Беларусі (1975). Скончыла Віцебскі маст. тэхнікум (1931). Працавала ў жанрах пейзажа, нацюрморта, тэматычнай карціны. Значная частка твораў прысвечана партызанам Беларусі: «За баявой вучобай», «Партызанскі лагер», «Партызанская прысяга» (усе 1943—44), «Партызаны ў вёсцы» (1946), «Партызаны ў дазоры» (1947), «Партызанская зямлянка» (1968), «Ой бярозы ды сосны, партызанскія сёстры» (1975) і інш. Сярод інш. работ: пейзажы «Восень» (1949), «У пачатку верасня» (1958), «Нарач» (1968), «Бярозкі» (1972), «На Браслаўшчыне» (1973),’ «На Лепельшчыне» (1976); нацюрморты «Кветкі» (1948), «Гладыёлусы» (1954), «Макі» (1965), «Кубак чэмпіёна» (1971), «Дзень Перамогі» (1979). Творчасці ўласцівы выразнасць пластычнай мовы, шматграннасць жывапісных сродкаў у спалучэнні з тонкім лірызмам.

Л.Ф.Салавей.

С.Лі.
С.Лі. Бярозкі. 1972.

т. 9, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)