Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІЯ НАВІ́НЫ»,
штомесячная грамадска-паліт. газета. Выдавалася з 25.12.1945 да 1947 у Парыжы на бел. мове аб’яднаннем бел. работнікаў пры Цэнтр.Франц.хрысц. сіндыкаце. Рэдактар Л.Рыдлеўскі. Інфармавала аб жыцці і дзейнасці бел. эміграцыі, друкавала артыкулы на гіст. і эканам. тэмы, аб грамадска-паліт. жыцці на Беларусі, творы Я.Купалы, Л.Геніюш, Н.Арсенневай, А.Зязюлі, А.Салаўя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ КАТАЛІ́ЦКАЯ ГРАМАДА́,
грамадская арг-цыя католікаў Беларусі. Створана ў 1990. Асн. кірункі дзейнасці: вяртанне бел. касцёла да нац. вытокаў, забеспячэнне паўнапраўнага функцыянавання ў ім бел. мовы, выданне рэліг. і богаслужэбнай л-ры, выхаванне патрыятызму, маральнасці, культуры і грамадз. адказнасці. Падтрымлівае сувязі з каталіцкімі арг-цыямі замежжа. З 1992 выдае час. «Хрысціянская думка». Выдала кнігу А.Станкевіча «Родная мова ў святынях» (факсіміле), зб. вершаў А.Зязюлі «З роднага загону» і інш. Скульптурна-манум. секцыя грамады ўдзельнічае ў распрацоўках праектаў рэстаўрацыі культавых збудаванняў, стварэнні помнікаў гіст. асобам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГО́ЎСКАЯ РАЗМАЛЁЎКА,
від бел.нар. творчасці; традыц. аздабленне алейнымі фарбамі мэблі, дываноў, шкляных пано — «карцінак», рамак для фотаздымкаў, тканін для ўпрыгожання інтэр’ера хаты і інш. Была пашырана ў вёсках Агова, Опаль Іванаўскага, Здзітава, Жорнаўка, Спорава Бярозаўскага, Крамно Драгічынскага р-наў Брэсцкай вобл. ў канцы 19 ст. — 1960-х г. Выконвалася на дрэве, шкле, палатне, цыраце, паперы.
Асаблівай жывапіснасцю і хараством паліхромнай размалёўкі, гармоніяй дэкору і формы вылучаюцца агоўскія куфры. Матывы агоўскай размалёўкі — раслінныя (букеты, вазоны), зааморфныя (ластаўкі, галубы, зязюлі), антрапаморфныя («паненка», «кавалер»), геаметрычныя; часам уключаюць надпісы (добрае пажаданне, прозвішча майстра, год стварэння вырабу). Агоўская размалёўка мае шмат агульнага з паліхромнай аб’ёмнай вышыўкай гладдзю на адзенні, ручніках і інш. Сувеніры, рэчы хатняга ўжытку, мэбля, аздобленыя па матывах агоўскай размалёўкі, вырабляюцца на Брэсцкай фабрыцы сувеніраў, Пінскай фабрыцы мастацкіх вырабаў, майстрамі-надомнікамі.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Агоўская размалёўка. Пано. Размалёўка па шкле. 1960-я г. Вёска Крамно Драгічынскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́С»
(«Biełarus»),
штотыднёвая грамадска-паліт., літ.-маст. і рэліг.-асветная каталіцкая газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 13(26).1.1913 да 30.7(12.8).1915 у Вільні на бел. мове, друкавалася лацінкай. Была разлічана пераважна на каталіцкую частку бел. сялян і інтэлігенцыі. Рэдактары-выдаўцы: А.І.Бычкоўскі, з № 5 за 1914 Б.А.Пачопка. Друкавала артыкулы на эканам., паліт. і с.-г. тэмы, казанні святароў на тэмы маралі і педагогікі, жыціі святых, малітвы. Асаблівасць бел. адраджэнскай ідэі ў газ. «Беларус» — адзінства нац. культуры, асветы і хрысціянскай веры. Арыентавалася на сац. гармонію і вясковы, сялянскі лад жыцця, не прымала класавай барацьбы і сацыяліст. ідэі. Выступала за паступовае вырашэнне асн.сац. праблем праз асвету на роднай мове, выкарыстанне прагрэс. метадаў гаспадарання. У 1-ю сусв. вайну займала памяркоўную «патрыятычную» і «абарончую» пазіцыі, заклікала дапамагаць салдацкім сем’ям. Друкавала літ. творы А.Гаруна (пад псеўд. А.Сумны), А.Паўловіча, А.Зязюлі, Г.Леўчыка, К.Сваяка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ЎЦЕВЫ ПУЗЫ́Р,
полы орган стрававальнай сістэмы большасці пазваночных жывёл і чалавека, у якім адбываецца збіранне і канцэнтрацыя жоўці. Размешчаны на ніжняй паверхні правай долі печані. Адсутнічае ў міног, некат. рыб, птушак (галубы, зязюлі, калібры, папугаі, страусы, туканы), млекакормячых (кітападобныя, сланы, алені, вярблюды, няпарнакапытныя, многія мышападобныя грызуны).
Форма грушападобная, радзей канічная. Мае дно, цела і шыйку, якая пераходзіць у пузырную пратоку, што злучана з пячоначнай пратокай і ўтварае агульную жоўцевую пратоку. У чалавека ёмістасць Ж.п. 30—70 см, даўж. 10—14 см, шыр. 3,5—4 см. Сценка Ж.п. таўшч. 1,5—2 мм складаецца са слізістай і мышачнай абалонак, ніжняя паверхня ўкрыта брушынай. Пры перыяд. скарачэнні мускулатуры сценак Ж.п. жоўць паступае ў агульную жоўцевую пратоку і дванаццаціперсную кішку, дзе ўдзельнічае ў працэсах стрававання. Ж.п. рэгулюе і падтрымлівае на пастаянным узроўні ціск жоўці ў жоўцевых шляхах. Паталогіі Ж.п.: заганы развіцця, пашкоджанні, функцыян парушэнні, захворванні (запаленне — халецыстыт, жоўцекамянёвая хвароба), пухліны Лячэнне — кансерватыўнае і аператыўнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБАНА́ЦКІ (Юрый Аліферавіч) (1.1.1914, в. Барсукоў Казялецкага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 25.4.1994),
украінскі пісьменнік. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Нежынскі пед.ін-т (1937). У Вял.Айч. вайну камандзір партыз. атрада імя М.Шчорса. Героіку Вял.Айч. адлюстраваў у кнігах апавяданняў «Над Дзясной» (1951), «Старэйшы брат» (1952), «Незабыўнае» (1953), раманах «Мы — не з легенды» (1973), «Чырвоная раса» (1981) і інш. Надзённыя праблемы сучаснасці ў аповесці «Між добрымі лю́дзьмі» (1955) і раман «Хвалі» (1967; Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1970). Аўтар твораў для дзяцей: «Малінавы звон» (1958), «Марская чайка» (1959), «Курыны бог» (1966), «Прыгоды Івана Каструбы» (1984) і інш. За раман «Кукуюць зязюлі» (1975) і аповесці для дзяцей «Курылавыя астравы» (1963), «Гераподзвія» (1966) і інш.Літ. прэмія імя Л.Украінкі 1975. На бел. мову паасобныя яго творы пераклалі У.Краўчанка, А.Чаркасаў, І.Шамякін, П.Кавалёў.
Тв.:
Твори. Т. 1-4. Київ, 1984—85.
Літ.:
Про Юрія Збанацького: Статі, етюди, есе. Київ, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВА́ЛЬ (сапр.Кавалёў) Васіль Пятровіч
(17.8.1907, в. Сава Горацкага р-на Магілёўскай вобл. — 29.10.1937),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1926—27, 1928—1929). З 1928 працаваў у час. «Маладняк». У 1936 рэпрэсіраваны. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1925. Дэбютаваў вершамі і лірычнымі замалёўкамі. У ранніх апавяданнях (зб. «Як вясну гукалі», 1927) рамантычна-ўзнёслая вобразнасць, паэтычна-эмацыянальны арнаментальны стыль. Гал. тэмы твораў — адвечны побыт і праца бел. вёскі (зб-кі «На загонах», 1928, «Крыніца», 1929). Пазбаўляючыся метафарычнасці, фальклорна-паэт. стылізацыі, ішоў да паглыбленага псіхалагізму, рэаліст. адлюстравання рэчаіснасці, канкрэтнарэаліст. лепкі характараў (апавяданні «Шчасце Сілівея Зязюлі», «Ноч на моры», аповесць пра вайскоўцаў «Дзень палымнее», 1931—32). Для дзяцей напісаў аповесці «Санька-сігналіст» (1934), «Следапыты» (1936). На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Чэхава, М.Горкага, Б.Лаўранёва, К.Станюковіча, І.Мікітэнкі, І.Лэ, М.Канапніцкай і інш.
Тв.:
Выбранае. Мн., 1959;
Следапыты;
Санька-сігналіст. Мн., 1961.
Літ.:
Пальчэўскі А. Васіль Каваль // Пальчэўскі А. Выбр.тв.Мн., 1975. Т. 2;
Казека Я. Васіль Каваль // Казека Я. Падарожжа ў маладосць. Мн., 1984;
Грамадчанка Т. Васіль Каваль // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг.Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖНІ́ВЕНЬ (ад слова «жніво»),
восьмы месяц каляндарнага года (31 дзень), апошні месяц лета на Беларусі. 15 Ж. працягласць дня ў Мінску 14 гадз 56 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам 50,3°, сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 478 МДж/м², радыяц. баланс дадатны (252 МДж/м²). На тэр. Беларусі сярэдняя т-ра паветра 15,5—18 °C, у 2-й пал. Ж. магчымы замаразкі на глебе (часам і ў паветры). Звычайна Ж. халаднейшы за ліпень, але прыкладна раз у 5 гадоў бывае наадварот. Адносная вільготнасць паветра ў Ж. не ніжэй за 70%, ападкаў 60—85 мм, у асобныя гады можа быць і больш (149 мм, Бабруйск, Жыткавічы, 1970) ці ападкі зусім не выпадаюць (Лепель, 1939). У сярэднім з ападкамі бывае 14—16 дзён. Частыя ліўневыя дажджы з моцнымі вятрамі выклікаюць паляганне збожжавых культур. У Ж. канчаецца жніво азімых, убіраюць яравыя, лён. З сярэдзіны месяца пачынаецца сяўба азімых жыта і пшаніцы. Даспявае садавіна, у разгары збор брусніц, касцяніц, чаромхі, ажыны. Ж. самы багаты месяц на грыбы. Паступова пачынаюць адлятаць у вырай птушкі: стрыжы, ластаўкі, зязюлі, івалгі, мухалоўкі, валасянкі, пліскі. Збіраюцца ў чароды шпакі, гракі. У канцы Ж. размнажаюцца змеі, яшчаркі, пачынаецца гон у казуль, нараджаюцца зайчаняты (другі прыплод).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІНЕЗІ́ЙСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Займае астравы Ціхага ак. (акрамя Новай Зеландыі і а-воў Кермадэк). Уваходзіць у царства Палеагею. Паводле сістэмы раянавання рас. вучонага У.Г.Гептнера (1936) лічылася Палінезійскай зоагеагр. падвобласцю, што ўваходзіла ў Аўстрал. зоагеагр. вобласць з царства Натагею.
Багацце флоры астравоў П.б.в. знаходзіцца ў прамой залежнасці ад памераў вострава або архіпелага і разнастайнасці рэльефу. На астравах трапляюцца ўсе тыпы раслінных згуртаванняў, ад трапічных лясных да пустынных фітацэнозаў. Відавая разнастайнасць залежыць ад спосабаў пападання насення і дарослых раслін на акіянічныя астравы (з паветранымі і марскімі плынямі, з дапамогай птушак, жывёл і чалавека). Фауна ярка выяўленага астраўнога характару, мае мноства эндэмічных форм. З наземных млекакормячых трапляюцца некат. дробныя грызуны, завезеныя чалавекам, і рукакрылыя (даўгакрылы, крыланы, начніцы). Найб. багатая арнітафауна (каля 100 родаў): мноства галубоў, вадаплаўных (альбатросы, чайкі і інш.), веліканогія куры, зімародкі, зязюлі, кулікі, ластаўкі, медасосы, папугаі, совы і інш. (каля 35 эндэмічных груп). З паўзуноў характэрны геконы і сцынкі, каля берагоў — марскія змеі. Жабы трапляюцца на Гавайскіх, Фіджы а-вах і архіпелагу Бісмарка. З прэснаводных рыб пераважаюць прахадныя формы (напр., вугры). Беспазваночныя найб. багата прадстаўлены ў зах.ч. вобласці, сярод іх ад 30 да 80% эндэмікаў (жукі, матылі і інш.). Характэрны наземны рак — пальмавы злодзей.
А.М.Петрыкаў.
Да арт.Палінезійская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі флоры і фауны: 1 — аргіраксіфіум гавайскі; 2 — эрытрына; 3 — сцэвола такада; 4 — ігуана каналоф; 5 — серпадзюбка-акіялоа; 6 — канюк галапагоскі.