палацава-паркавы ансамбль 18—19 ст. у г. Пушкін (да 1918 Царскае Сяло) Ленінградскай вобл. Ядро ансамбля — Вялікі (Кацярынінскі) палац (перабудаваны; 1743—48, арх. А.В.Квасаў, С.І.Чавакінскі; 1752—57, арх. В.В.Растрэлі) з багатым убраннем фасадаў і інтэр’ераў (арх. Растрэлі, Ч.Камерон, В.П.Стасаў). У 1780—90-я г. да палаца прыбудаваны ў стылі класіцызму т.зв. тэрмы Камерона (арх. Камерон), Зубаўскі флігель (арх. Ю.М.Фельтэн) і корпус Ліцэя (арх. І.В.Няелаў, перабудаваны ў 1811 арх. Стасавым, у 1811—17 тут вучыўся А.С.Пушкін). У 1720—1860-я г. ствараліся паркі: Кацярынінскі, Аляксандраўскі, Баболаўскі, Ніжні, Фермскі (агульная пл. каля 600 га). У парках — Аляксандраўскі палац (1792—96, арх. Дж.Кварэнгі), аздоблены двайной каланадай, шматлікія павільёны, у т. л. барочны Эрмітаж (1743—54, арх. М.Р.Зямцоў, Растрэлі), Грот (1749—63, арх. Растрэлі і інш.); альтанкі, каскады, руіны ў стылях барока, псеўдаготыкі, класіцызму, помнікі Пушкіну (1899—1900, скульпт. Р.Р.Бах), садова-паркавая скульптура, сажалкі, каналы. З 1983 маст.-арх. палацава-паркавы музей-запаведнік.
Літ.:
Лемус В.В. Пушкин;
Альбом. Л., 1982;
Семенникова Н.В. Пушкин: Дворцы и парки. 2 изд. Л., 1987;
Город Пушкин: Ист.-краевед. очерк-путеводитель. СПб., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ РАЁН,
на ПдУ Віцебскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,7 тыс.км. Нас. 44,8 тыс.чал. (1995), сярэдняя шчыльн. 26,4 чал./км², гарадскога 12%. Цэнтр — г.Орша; г. Барань, г.п. Арэхаўка і Копысь. 261 сельскі нас. пункт. 18 сельсаветаў: Браздзетчынскі, Веравайшанскі, Высокаўскі, Дубраўскі, Задроўеўскі, Зубаўскі, Клюкаўскі, Крапівенскі, Кудаеўскі, Ліпкаўскі, Малатынскі, Межаўскі, Панізоўскі, Першамайскі, Пішчалаўскі, Смалянскі, Стайкаўскі, Якаўлевіцкі.
Размешчаны ў межах Аршанскага ўзвышша і Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паўночная ч. занята Лучоскай нізінай. Паверхня пераважна ўзгорыстая і платопадобная. Пераважаюць выш. 180—220 м, найвыш. пункт 237,5 м (на ПнЗ ад в. Стайкі). Карысныя выкапні: торф, даламіт, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, легкаплаўкія гліны. Сярэдняя т-растудз. -7,8 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 627 мм за год. Вегетацыйны перыяд 184 дні. Рэкі: Дняпро з прытокамі Аршыца і Адроў (справа), Крапівенка і Лешча (злева). Гушчыня натуральнай рачной сеткі 0,43 км/км². Азёры: Вял. Арэхаўскае, Дзевінскае, Перавалачна, Кузьміно, Карэсіна. Пад лясамі 23% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя і яловыя, трапляюцца бярозавыя, асінавыя і альховыя. Агульная пл. балотаў 4,2 тыс.га. Глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (67,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (23,3%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (3%), тарфяна-балотныя (3%), поймавыя (2,5%); паводле мех. складу — сугліністыя (84,9%), супясчаныя (11,4%), тарфяныя (3%), пясчаныя (0,7%).
Пад с.-г. ўгоддзямі 107 тыс.га, з іх асушаных 11,7 тыс.га. На 1.1.1995 у Аршанскім раёне 23 калгасы і 10 саўгасаў. Развіты льнаводства, малочна-мясная жывёлагадоўля, свінаводства і птушкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў (кафля, цэгла, жалезабетонныя вырабы), металаапрацоўцы (лёгкае машынабудаванне, станкабудаванне), лёгкай (тэкст., швейная), харч. прам-сці. БелДРЭС. Здабыча торфу. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі ад Оршы на Мінск, Магілёў, Крычаў, Віцебск, Лепель. Найб. значныя аўтадарогі Брэст—Масква і Магілёў—Віцебск. Магістральны газаправод Таржок—Мінск—Івацэвічы і нафтаправод на Наваполацк (адгалінаванне ад нафтаправода «Дружба»). У раёне Смалянскі саўгас-тэхнікум, Высокаўскае СПТУ, 26 сярэднеагульнаадук., 7 базавых, 11 пач. школ, 2 муз. школы, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 4 клубныя і 58 бібліятэчных устаноў, 6 бальніц, 28 фельч.-ак. пунктаў. Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі». Архітэктурныя помнікі ў в. Смаляны: касцёл дамініканцаў (18 ст.), руіны замка (17 ст.), Спаса-Праабражэнская і Аляксееўская цэрквы (18 ст.). Помнікі прыроды — Высокаўскі і Межаўскі паркі. Выдаецца «Аршанская газета».