АКІСЛЕ́ННЯ СТУПЕ́НЬ, акіслення лік,

умоўны паказчык, які характарызуе зарад атама ў хім. злучэннях. У малекулах з іоннай сувяззю супадае з зарадам іонаў, напр., у NaCl акіслення ступень Na + I, Cl – I Na + 1, Cl – 1. У злучэннях з кавалентнай сувяззю за акіслення ступень прымаецца зарад, які атрымаў бы атам, калі б усе пары электронаў гэтай сувязі былі цалкам зрушаны ў бок больш электраадмоўных атамаў. Электронныя пары, абагульненыя аднолькавымі атамамі, дзеляцца папалам. Акіслення ступень выкарыстоўваецца пры складанні ўраўненняў рэакцый акіслення-аднаўлення, пры класіфікацыі неарган. злучэнняў, асабліва каардынацыйных (гл. Комплексныя злучэнні).

т. 1, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУКЦЫ́ЙНАЯ ВЫМЯРА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,

сістэма электравымяральных прылад пераменнага току, у якіх вярчальны момант ствараецца пры ўзаемадзеянні магн. патокаў нерухомых электрамагнітаў з магн. полем токаў, што наводзяцца ў рухомай частцы прылады.

Вярчальнае магн. поле ствараецца ў выніку ўзаемадзеяння двух ці больш пераменных магн. патокаў, якія зрушаны ў прасторы і па фазе. Гэтае поле індуктуе ў дыску віхравыя токі. Узаемадзеянне магн. поля віхравых патокаў з вярчальным полем электрамагнітаў стварае ў дыску вярчальны момант. Прылады І.в.с. простыя, устойлівыя да перагрузак, не адчувальныя да знешніх магн. уздзеянняў, але маюць значныя частотныя і тэмпературныя хібнасці. Выкарыстоўваюцца ў лічыльніках электрычных, дзе тэмпературныя хібнасці кампенсуюцца.

Схема прылады індукцыйнай вымяральнай сістэмы: 1 — спружына, якая стварае процідзейны момант; 2 — рухомы дыск; 3 — пастаянны магніт (заспакойвальнік ваганняў); 4, 6 — электрамагніты паслядоўнага і паралельнага ланцугоў; 5 — абмоткі электрамагнітаў.

т. 7, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ГІ АНАЛІТЫ́ЧНЫЯ,

вагі для дакладнага вымярэння масы цела. Бываюць раўнаплечыя, аднаплечыя і электронныя. Манціруюцца на пластмасавай або шкляной аснове і змяшчаюцца ў спец. шафку. Забяспечваюцца прыстасаваннямі для павышэння дакладнасці і хуткасці ўзважвання: заспакойвальнікамі ваганняў каромысла, цеплавымі экранамі, механізмамі накладання і здымання ўбудаваных гіраў, найменнымі шкаламі і інш.

Апоры рычага (каромысла) вагі аналітычныя — прызмы і падушкі са спец. сталяў або цвёрдых камянёў (карунд, агат). Пункт апоры бывае пасярэдзіне (раўнаплечыя) ці зрушаны ад сярэдзіны рычага (аднаплечыя вагі аналітычныя). Асн. частка нагрузкі на адну з шаляў ураўнаважваецца гірамі на другой, астатняе вымяраецца па вугле адхілення каромысла ад становішча раўнавагі па найменнай шкале. Электронныя вагі аналітычныя маюць аналагавы і лічбавы выхад са стандартнымі сігналамі для далучэння да ЭВМ, дысплеяў, графапабудавальнікаў і інш. Прадугледжана магчымасць далучэння блока праграмнага кіравання. У памяці мікрапрацэсарнага блока закладзены праграмы для падрыхтоўкі да работы, праверкі функцыянавання, дыягностыкі дэфектаў і інш.

П.​А.​Пупкевіч.

Аднаплечыя вагі аналітычныя: 1 — каромысел; 2 — процівага і заспакойвальнік; 3 — крыніца святла; 4 — праекцыйная шкала; 5 — аб’ектыў; 6 — карэктар нуля, 7 — экран; 8 — грузапрымальная шаля; 9 — набор гіраў.

т. 3, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТАМНЫЯ СПЕ́КТРЫ,

спектры, якія ўзнікаюць пры выпрамяненні і паглынанні фатонаў свабоднымі ці слаба ўзаемадзейнымі атамамі (атамнымі газамі, парай невял. шчыльнасці). Лінейчастыя, складаюцца з асобных спектральных ліній, кожная з якіх адпавядае пераходу электрона паміж двума адпаведнымі ўзроўнямі энергіі атама.

Спектральныя лініі характарызуюцца пэўнымі значэннямі частаты ваганняў святла ν, хвалевага ліку ν/c і даўжыні хвалі λ=c/ν, дзе c — скорасць святла ў вакууме. Для найбольш простых атамных спектраў, якімі з’яўляюцца спектры атама вадароду і вадародападобных іонаў, месцазнаходжанне спектральных ліній вызначаецца па формуле: 1 λ = ν c = Eni Enk hc = RZ2 ( 1 n2k 1 n2i ) , дзе En — энергія ўзроўню, h — Планка пастаянная, R — Рыдберга пастаянная, Z — атамны нумар, n — галоўны квантавы лік. Спектральныя лініі аб’ядноўваюцца ў спектральныя серыі, адна з якіх (пры nk=2, ni=3, 4, 5) наз. серыяй Бальмера; адкрыццё яе ў 1885 дало пачатак выяўленню заканамернасцяў у атамных спектрах. Спектры атамаў шчолачных металаў, якія маюць адзін знешні электрон, падобны да спектра атама вадароду, але зрушаны ў бок меншых частот, колькасць спектральных серый павялічана, заканамернасці ў спектрах апісваюцца больш складанымі формуламі. Атамы, у якіх дабудоўваюцца dw- і f-абалонкі (гл. ў арт. Перыядычная сістэма элементаў Мендзялеева), маюць найб. складаныя спектры (многа соцень і тысяч ліній).

Тэорыя атамных спектраў заснавана на характарыстыцы электронаў у атаме квантавымі лікамі n і 1 і дазваляе вызначыць магчымыя ўзроўні энергіі. Вывучаны спектры вял. колькасці нейтральных і іанізаваных атамаў, расшчапленне спектральных ліній атамаў у магнітным (Зеемана з’ява) і ў электрычным (Штарка з’ява) палях. З дапамогай атамных спектраў вызначаецца састаў рэчыва (спектральны аналіз).

Літ.:

Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскоп я. М., 1962;

Фриш С.Э. Оптические спектры атомов М.; Л., 1963;

Собельман И.И. Введение в теорию атомных спектров. М., 1977.

М.​А.​Ельяшэвіч.

т. 2, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)