ПЛАВІ́ЛЬШЧЫКАЎ (Пётр Аляксеевіч) (4.4.1760, Масква — 30.10.1812),
рускі акцёр і драматург. Скончыў Маскоўскі ун-т (1779). У 1779—93 акцёр Пецярбургскага т-ра (у 1787—93 інспектар трупы), потым на маскоўскай сцэне. Выступаў у трагедыях, бытавых камедыях і мяшчанскай драме: Ярб («Дыдона» Я.Княжніна), Эдып («Эдып у Афінах» У.Озерава), Праўдзін і Скацінін («Недаростак» Дз.Фанвізіна) і інш. Заклікаў да паказу ў мастацтве «трэцяга саслоўя» — мяшчанства, купецтва (праграмныя артыкулы ў час. «Зритель», 1792, разам з І.Крыловым). Аўтар камедый з сялянскага і купецкага побыту «Бабыль» (паст. 1790), «Сядзелец» (паст. 1803), трагедый «Рурык» (пад назвай «Усяслаў», паст. 1791), «Ярмак, пакарыцель Сібіры» (1803) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНСЕРЭ́,
расійскія мастакі; бацька і сын.
Яўген Аляксандравіч (24.8.1848, г. Маршанск Тамбоўскай вобл., Расія — 4.4.1886), скульптар. У 1867 і 1876 вывучаў маст. ліццё ў Парыжы. Майстар дробнай, пераважна жанравай скульптуры, анімаліст. Сярод твораў: «Тройка» (1868), «Сакалінае паляванне» (1872), «Запарожац пасля бітвы» (1873), «Кіргізскі касяк адпачывае» (1880), «Арабская конная гульня» (1884), «Святаслаў» (1886). Яўген Яўгенавіч (4.9.1875, г. Паўлаўск Ленінградскай вобл. — 13.9.1946), графік і жывапісец. Акад. жывапісу (з 1912). Засл. дз. маст. Грузіі (1933). Нар. мастак Расіі (1945). Вучыўся ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў у Пецярбургу (1892—95), у акадэміях Каларосі і Жуліяна ў Парыжы (1895—98). Чл. аб’яднання «Свет мастацтва». Выкладаў у Тбіліскай АМ (1922—34), Маскоўскім арх. ін-це, Усерасійскай АМ у Ленінградзе (1934—38). Зазнаў уплывы А.Бенуа і К.Сомава. Творчасць вызначаецца імкненнем да жыццёвай пераканаўчасці, канкрэтнасці ў перадачы гіст. эпохі, цікаўнасцю да нар. жыцця. Выконваў сатыр. малюнкі для часопісаў «Жупел», «Адская почта», «Зритель» (1905—08), ілюстраваў творы Л.Талстога, М.Лермантава і інш. Аўтар станковых работ «Нікольскі рынак у Пецярбургу» (1901), «Імператрыца Лізавета Пятроўна ў Царскім сяле» (1905), «Караблі часоў Пятра I» (1911), серыі «Трафеі рускай зброі» (1942), манум. размалёвак у будынках Казанскага вакзала (1933—34, 1945—46) і гасцініцы «Масква» (1937) у Маскве. Афармляў спектаклі ў Малым т-ры ў Маскве. Дзярж прэмія СССР 1943.
Літ.:
Подобедова О.И. Е.Е.Лансере. М., 1961.
Я.Я.Лансерэ. Імператрыца Лізавета Пятроўна ў Царскім сяле. 1905.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛО́Ў (Іван Андрэевіч) (13.2.1769, паводле інш. звестак 1766 або 1768, Масква ? — 21.11.1844),
рускі байкапісец, драматург, журналіст. Чл.Рас. акадэміі (з 1811), ардынарны акад. Пецярбургскай АН (з 1841). З 1782 у Пецярбургу, выдаваў сатыр.час. «Почта духов» (1789), «Зритель» (1792, з П.Плавільшчыкавым і А.Клушыным), дзе змяшчаў свае сатыр. «пахвальныя прамовы», артыкулы, аповесці са з’едлівай крытыкай грамадскіх заган. У 1791 адзін з заснавальнікаў кнігавыдавецкай кампаніі «Крылоў з таварышы». У 1794—1805 жыў у Маскве (у 1801—03 у Рызе). З 1806 зноў у Пецярбургу, з 1812 пам. бібліятэкара, з 1816 бібліятэкар Публічнай б-кі. Першы літ. твор — камічная опера «Кафейніца» (нап. 1782, выд. 1869). У 1780-я г. напісаў трагедыі «Клеапатра» (1785, не захавалася) і «Філамела», камічную оперу «Шалёная сям’я», камедыі «Вершаплёт у прыхожай» (усе нап. 1786) і «Свавольнікі» (нап. 1787—88), камічную оперу «Амерыканцы» (нап. 1788, паст. 1800). У жарце-трагедыі «Падшчыпа, або Трыумф» (нап. каля 1800, выд. 1859) высмейваў «нямецкую» цывілізацыю, патрыярхальныя норавы, сцвярджаў раўнапраўе кніжнага стылю і прастамоўя. У п’есах «Модная крама» (паст. 1806), «Урок дочкам» (паст. 1807) высмейваў дваранскія норавы, а сац. заганы трактаваў як праяўленне спрадвечных людскіх слабасцей, але выкрыццё іх замяніў філас. асэнсаваннем. Першыя байкі К. — пераклады з Ж.Лафантэна (1806). Яго ўласныя байкі з’явіліся ў друку ў 1808 («Варона і лісіца», «Воўк і ягня»). Першы зб. — «Байкі» (1809). Усяго выдаў 9 зборнікаў, у якія ўвайшло каля 200 баек. Амаль усе яны напісаны з пэўнай нагоды: сатыра на ўрадавыя ўстановы («Квартэт»), на Аляксандра I («Выхаванне льва»), Мікалая I («Вяльможа»), на пэўныя падзеі дзярж., грамадскага і літ. жыцця, на падзеі вайны 1812—14 («Булат», «Кошка і салавей», «Воўк на псярні», «Абоз»). У жанр байкі унёс філас.-гіст. змест, вызваліў яе ад абстрактнага маралізатарства; у аснову многіх сюжэтаў клаў рэальныя ўзаемаадносіны людзей. Сатыр. смеласць яго баек, іх апазіц. гучанне вынікалі з сутнасці іроніі К., якая апіралася на нар. разуменне ісціны і справядлівасці. Свабодна выкарыстоўваў прастамоўе, якое процістаяла «мове прыстойнага грамадства» і кніжнай мове. Многія яго афарыстычна дакладныя вызначэнні сталі крылатымі выразамі, прыказкамі і прымаўкамі. Творчасць К. значна паўплывала на развіццё жанру байкі ў бел. л-ры. На Беларусі яго творы былі вядомы яшчэ пры жыцці іх аўтара. У канцы 19 ст. Ф.Багушэвіч, А.Абуховіч зрабілі першыя пераклады яго твораў на бел. мову; М.Косіч выдала «Пералажэнні некаторых баек Крылова на беларускую гаворку» (1903). Пазней байкі К. перакладалі Я.Купала, М.Клімковіч, В.Таўлай, К.Крапіва, Я.Брыль, М.Лужанін, М.Танк і інш.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—3. М., 1945—46;
Соч.Т. 1—2. М., 1969;
Басни: Сатир. произв.;
Воспоминания современников. М., 1989;
Бел.пер. — Байкі. Мн., 1950.
Літ.:
Степанов Н.Л. Крылов. М., 1969;
И.А.Крылов: Пробл. творчества. М., 1975;
Гордин М., Гордин Я. Театр Ивана Крылова. М., 1983;
Гордин М.А. Жизнь Ивана Крылова. М., 1985;
Казека Я. Няходжанай дарогай. Мн., 1973. С. 25—48.