Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ПНІК (Phlomis),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўразіі. На Беларусі вырошчваюць З. клубняносны (Ph. tuberosa).
Шматгадовыя травяністыя расліны або паўкусты і кусты з простым ці галінастым сцяблом. Лісце найчасцей яйцападобнае ці трохвугольнае. Кветкі двухполыя, няправільныя, двухгубыя, у шматкветкавых несапраўдных кальчаках, сабраных у коласападобнае суквецце; ружовыя, ліловыя, часам жоўтыя. Чашачка 5-зубчастая, трубчастая ці званочкавая. Плод — 4-гранны шматарэшак. Лек., кармавыя, меданосныя і дэкар. расліны. Клубнепадобныя патаўшчэнні на каранях З. клубняноснага ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ДРАВАЯ ПАДЗЬ,
запаведнік у Расіі, у Прыморскім краі, на зах. беразе Амурскага зал. Засн. ў 1916 з мэтай аховы прыроднага комплексу ландшафтаў трацічнага і мелавога перыядаў. Пл. каля 17,9 тыс.га. Пераважны рэльеф — ступеньчатыя горныя хрыбты выш. 300—400 м. Расліннасць характэрная для Паўд. зоны хвойна-шыракалістых барэальных лясоў. Пераважаюць дубовыя, клянова-ліпавыя і мяшаныя шыракалістыя лясы. Шмат ліян. Вышэйшых раслін 817 відаў, з іх рэдкія — жалезная бяроза, ліяна арысталохія, зопнік Максімовіча, жэньшэнь. У фауне 57 відаў млекакормячых, у т. л. рэдкія — тыгр, леапард, харза, гіганцкая буразубка; 250 відаў птушак, у т. л. рэдкія качка-мандарынка, сіні салавей і інш; паўзуны, земнаводныя. Насякомыя эндэмікі: вусач далёкаўсходні, хвастаносец Маака.