Золата 1/290; 2/332; 4/8, 32, 480, 481, 593; 5/286, 454; 8/415 (табл.), 494, 577; 10/495

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ЛАТА (Aurum),

Au, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 79, ат. м. 196,9665, адносіцца да высакародных металаў. У прыродзе 1 стабільны ізатоп ​197Au. У зямной кары 4,3·10​−7% па масе. Гал. з мінералаў — золата самароднае. Вядома з глыбокай старажытнасці.

Жоўты мяккі і вельмі пластычны метал, tпл 1064,4 °C, tкіп 2880 °C, шчыльн. 19320 кг/м³. Хімічна даволі інертнае, устойлівае ў паветры і вадзе; з кіслародам, азотам, вадародам, вугляродам непасрэдна не ўзаемадзейнічае. Узаемадзейнічае з галагенамі пры награванні (напр., з хлорам пры 250 °C утварае хларыд AuCl3 — рубінава-чырвонае крышт. рэчыва, раскладаецца пры t>254 °C); гарачай селенавай к-той; сумесямі кіслот сернай і азотнай, азотнай і салянай (царская гарэлка); воднымі растворамі цыянідаў у прысутнасці кіслароду (гл. Цыяніраванне). Лёгка ўтварае амальгаму, на гэтым заснаваны адзін з метадаў вылучэння з горных парод (гл. Амальгамацыя). Дае з інш. металамі (медзь, серабро, плаціна) сплавы, больш трывалыя і цвёрдыя за З. чыстае. Выкарыстоўваюць З. і яго сплавы ў электроннай прам-сці (кантакты); у вытв-сці хімічна ўстойлівай апаратуры, прыпояў, каталізатараў, гадзіннікаў; для залачэння, афарбоўкі шкла; для вырабу зубных пратэзаў, ювелірных вырабаў, манет, медалёў (колькасць З. ў іх паказвае проба; гл. Проба высакародных металаў).

Літ.:

Баукова Т.В., Леменовский Д.А. Золото в химии и медицине. М., 1991.

І.В.Боднар.

т. 7, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ЛАТА (эканам.),

каштоўны высакародны метал; першы метал, які чалавек стаў выкарыстоўваць для сваіх патрэб. Ёсць звесткі пра здабычу З. і выраб з яго прадметаў у Егіпце (4100—3900 да н.э.), Індыі, Індакітаі (2000—1500 да н.э.) і інш. Як адзін з найб. каштоўных металаў З. выконвае функцыі ўсеагульнага эквіваленту пры абмене тавар — грошы, бо ў параўнанні з інш. таварамі яно валодае шэрагам пераваг: трываласцю, якаснай аднароднасцю, падзельнасцю, партатыўнасцю (высокай вартасцю пры невял. аб’ёме і вазе), зручнасцю ў захоўванні, адноснай рэдкасцю ў прыродзе. З. ў форме зліткаў захоўваецца ў якасці залатога запасу цэнтр. банкаў, шырока выкарыстоўваецца для вырабу манет, у радыёэлектроніцы, касм. тэхніцы, прыладабудаванні, ювелірнай справе, медыцыне.

У якасці грошай З. выкарыстоўвалася яшчэ за 1500 гадоў да н.э. ў Кітаі, Індыі, Егіпце, дзяржавах Месапатаміі, у 8—7 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі. У 7 ст. да н.э. ў Лідыі пачалася чаканка першых у гісторыі манет. У Кіеўскай Русі чаканка манет з З. і серабра пачалася ў 10 ст. У час мангола-татарскага нашэсця ў рас. княствах мела хаджэнне манг. «ценьга», ад якой і паходзіць рус. назва грошай (деньги). У старажытнасці і ў сярэдневякоўі разам з З. функцыі грошай выконвалі медзь і серабро. У Расіі ў пач. 19 ст. была пачата распрацоўка радовішчаў З. на Урале і ў Сібіры. У сярэдзіне 19 ст. багатыя радовішчы З. адкрыты ў ЗША (Каліфорнія), Аўстраліі, у 1880 — у Паўд. Афрыцы. Рост сусв. здабычы З. паскорыў выцясненне абясцэненага серабра і стварыў умовы для пераходу большасці краін да залатога монаметалізму ў яго класічнай форме золатаманетнага стандарту, які ўпершыню быў уведзены ў Вялікабрытаніі ў 1821 (гл. Залаты стандарт). Традыцыйна ў якасці сусв. грошай З. выступала як усеагульны эквівалент для разлікаў спачатку асобных рынкаў, а потым і краін. У час сусв. эканам. крызісу 1929—33 усе краіны адышлі ад залатога стандарту, усталявалася сістэма неразменных на З. крэдытных грошай (банкнот). Але З. застаецца грашовым металам і працягвае выконваць функцыі страхавога фонду, грашовага абарачэння і рэгулятара велічыні цыркулюючай грашовай масы.

У адпаведнасці з рашэннямі Брэтан-Вудскай канферэнцыі (1944) рэзервовай валютай для разліку краін — членаў створанага на гэтай канферэнцыі Міжнар. валютнага фонду (МВФ) разам з З. прызнаны долар ЗША. З’явілася своеасаблівая біметалічная сістэма (гл. Біметалізм), якая ў канчатковым выніку вядзе да выцяснення З. і замены адных грошай другімі. Нягледзячы на фіксаваную афіц. цану ў 35 дол. за тройскую унцыю З., рыначная цана З. ў 1972 склала 58 дол., а ў 1974—159,3 дол. за унцыю. Ямайская канферэнцыя 1975 абвясціла канчатковае зняцце З. з міжнар. абарачэння. Асн. валютай становяцца крэдытныя грошы, т.зв. спец. правы запазычвання (Special Drawing Rights), у якасці рэзервовых валют побач з доларам ЗША аб’яўлены ням. марка, франц. франк, англ. фунт стэрлінгаў. МВФ распрадаў свой залаты запас, а ўсе яго члены атрымалі эквівалентную долю СДР. У 1975 З. яшчэ захоўвала свае пазіцыі як маштаб цэн, як мера вартасці. СДР прыраўноўвалася да З. і як сродак утварэння скарбаў з прычыны таго, што краіны, якія выкупілі З. ў МВФ, папоўнілі ім свае валютныя рэзервы. Такім чынам, цяпер функцыі сусв. грошай адыгрываюць крэдытныя грошы, а ў краінах ЕС — агульнаеўрапейскія грашовыя адзінкі ЭКЮ, у якасці рэзервовых валют выступаюць банкноты ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Японіі. У СССР да сярэдзіны 1980-х г. рубель прыраўноўваўся да пэўнай колькасці З., вагавае ўтрыманне рубля складала 0,86 г З. Цяпер рубель (рас. і бел.) прыраўноўваецца да долара па курсавой суадносіне, якая ўстанаўліваецца з улікам попыту і прапановы на грашовым рынку. Асн. пастаўшчыкі З.: Паўд.-Афр. Рэспубліка, Расія́, Канада, ЗША, Гана, Бразілія, Аўстралія, Японія. Рынкі З. ў Лондане, Цюрыху, Парыжы, Бейруце, Токіо, Сінгапуры, Нью-Йорку і інш.

Літ.:

Марфунин А.С. История золота. М., 1987;

Самуэльсон П. Экономика: Пер. с англ. Т. 2. М., 1993;

Долан Э.Дж., Линдсей Д.Е. Макроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 7, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тэзаўраванне золата 10/377

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ЛАТА СУСА́ЛЬНАЕ, сусаль,

вельмі тонкія (звычайна долі мікраметра) плёнкі золата. Вырабляюць каваннем з золата ці яго сплаваў. Выкарыстоўваюць для дэкар. аздаблення вырабаў. З.с. наз. часам плёнкі з металаў, сплаваў (напр., медных) ці хім. злучэнняў (дысульфід волава), якія імітуюць золата.

т. 7, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тэзаўраванне золата

т. 16, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ЛАТА САМАРО́ДНАЕ,

мінерал класа самародных элементаў, Au. Прымесі серабра, медзі, жалеза і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі актаэдрычныя, дадэкаэдрычныя або кубічнай формы. Агрэгаты ў выглядзе зерняў, лускавінак, лісцікаў, суцэльныя масы і інш. Колер ярка-жоўты, з прымесямі — бледна-жоўты, чырванавата-жоўты, зеленаваты. Бляск металічны. Цв. 2—3. Шчыльн. 15,6—19,2 г/см³. Коўкае, цягучае, пластычнае. Адрозніваюць: тонкадысперснае (да 10 мкм), пылападобнае (5—10 мкм), дробнае (0,05—2 мм) і буйное (больш як 2 мм, у т.л. самародкі). Трапляецца ў карэнных (гідратэрмальных) радовішчах з кварцам і пірытам, у пегматытах і россыпах. На Беларусі рудапраяўленні З.с. вядомы ў россыпах, трапляюцца ўключэнні ў пародах крышт. фундамента.

У.Я.Бардон.

Золата самароднае.

т. 7, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎРА́ТЫ,

солі золата, гл. ў арт. Золата.

т. 2, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАЛАТЫ́ ПУЛ»,

спецыяльная міжнар. арг-цыя, створаная ў 1961 ЗША і 7 заходнееўрап. краінамі для правядзення сумесных аперацый на Лонданскай залатой біржы з мэтай стабілізацыі рыначнай цаны золата на ўзроўні яго афіц. цаны. Выступала за міждзярж. рэгуляванне цаны на золата. З.п. распаўся ў 1968. Са спыненнем абмену долара ЗША на золата ў 1971 афіц. рынак золата практычна перастаў існаваць.

т. 6, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТЫ́Я РУ́ДЫ,

прыродныя мінеральныя ўтварэнні, якія маюць у сабе золата Au у выгаднай для здабычы колькасці. Выяўлена больш за 30 мінералаў золата. Асн. прамысл. значэнне мае золата самароднае, менш значныя кюстэліт (каля 10—20% Au) і тэлурыды. Акрамя ўласна З.р. вядомы золатазмяшчальныя руды інш. металаў (медзі, нікелю, серабра, цынку, жалеза, марганцу). Паводле генезісу З.р. падзяляюцца на эндагенныя, экзагенныя (россыпы) і метамарфізаваныя. Практычна ўсе эндагенныя З.р. гідратэрмальнага паходжання і маюць золата ад 2—3 г да некалькіх соцень грам на тону пароды. Утвараюць масіўныя плітападобныя жылы (радовішчы Украіны, Казахстана, Ганы, Канады і інш.), сульфідныя жылы (радовішчы Расіі, Аўстраліі), паклады і трубападобныя целы (радовішчы Узбекістана, ЗША). Паводле саставу пераважаюць золата-сульфідна-кварцавыя і золата-кварцавыя З.р. Пробнасць золата ў іх 700—900. Экзагенныя З.р. знаходзяцца пераважна ў россыпах, радзей — у зонах акіслення золатазмяшчальных сульфідных радовішчаў. У россыпах З.р. прадстаўлены рыхлымі або слабасцэментаванымі прыпаверхневымі адкладамі, якія ўтвараюць рудныя пласты і струмені. Золата ў іх знаходзіцца ў выглядзе абкатаных і паўабкатаных зерняў, лусак, зросткаў з кварцам, самародкаў. Колькасць Au ад 100 мг/м³ да дзесяткаў грам у кубічным метры пароды, пробнасць 800—950. У зонах акіслення канцэнтрацыя золата ад 2—3 да 10 г/т. З.р. тут у выглядзе гнёздаў, лінзаў ці пакладаў складанай формы. Метамарфагенныя З.р. звязаны з пластамі залатаносных кангламератаў або гравелітаў (радовішчы ПАР, Ганы, Бразіліі і інш.). Золата ў іх у выглядзе зерняў змяшчаецца ў цэменце, трапляецца і ў форме тонкіх пражылак, якія сякуць кварцавую гальку. Колькасць 3—20 г/т, пробнасць больш за 900. Запасы золата ў свеце размяркоўваюцца вельмі нераўнамерна. На Беларусі вядомы толькі рудапраяўленні Au у россыпах і ўкрапанні ў пародах крышт. фундамента.

У.Я.Бардон.

т. 6, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)