ЗМА́ЗКА ў тэхніцы,
1) змазачныя матэрыялы, якія памяншаюць трэнне і аблягчаюць працэсы мех. апрацоўкі металаў.
2) Змазачнае дзеянне змазачнага матэрыялу на паверхні трэння, у выніку якога памяншаюцца сіла трэння і зношванне паверхняў.
3) Падача змазачнага матэрыялу да паверхні слізгання ці качэння дэталей. Спосабы З. вызначаюцца функцыямі і ўмовамі работы вузла трэння, уласцівасцямі змазачнага матэрыялу.
4) Кансервацыйныя матэрыялы і матэрыялы для герметызацыі (ушчыльняльнікі). Выкарыстоўваюць для прадухілення карозіі метал. вырабаў пры захаванні і эксплуатацыі і ўшчыльнення злучэнняў дэталей машын (гл. Пластычныя змазкі).
т. 7, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЎЛІ́ЧНЫ ТРА́НСПАРТ,
від транспарту для перамяшчэння цвёрдых сыпкіх матэрыялаў патокам вады. Падзяляецца на безнапорны (самацёчны) і напорны. Выкарыстоўваецца пры гідрамеханізацыі земляных і горных работ, транспарціроўцы сыравіны на цукр. і спіртавых з-дах, драніцы і папяровай масы на папяровых ф-ках, выдаленні попелу і шлаку з кацельняў і інш.
Транспартаванне ажыццяўляецца пры скарасцях вадкасці, большых за крытычную, калі завіслыя часцінкі матэрыялу не асядаюць. У самацёчным гідраўлічным транспарце сумесь матэрыялаў з вадой (пульпа) перамяшчаецца па трубах, жалабах, каналах пад нахілам, у напорным — па трубаправодах з дапамогай помпаў, землясосаў, эрліфтаў і інш. Гідраўлічны транспарт вызначаецца высокай прадукцыйнасцю, малымі эксплуатацыйнымі выдаткамі, магчымасцю транспартавання на вял. (да соцень кіламетраў) адлегласці і спалучэння з інш. тэхнал. працэсамі (напр., гідраўлічным разбурэннем пароды, абагачэннем матэрыялаў). Недахопы — значныя расходы вады і эл. энергіі, хуткае зношванне помпаў і трубаправодаў. Набывае пашырэнне кантэйнерны трубаправодны гідраўлічны транспарт (у шэрагу краін запатэнтаваны як «безнапорны трубаправодны транспарт» — БТТ). Герметычныя кантэйнеры-цыліндры, загружаныя матэрыялам, падаюцца ў запоўнены нясучай вадкасцю трубаправод і перамяшчаюцца ім за кошт перападу ціскаў у пачатку і канцы трубаправода або з дапамогай розных рухачоў (тросавых, стужачных, эл.-магнітных). БТТ адрозніваецца таннасцю, незалежнасцю ад надвор’я, матэрыял транспартуецца з высокай канцэнтрацыяй, не забруджваецца нясучай вадкасцю, непатрэбна яго абязводжванне. Гл. таксама Трубаправодны транспарт.
Літ.:
Введение в аэрогидродинамику контейнерного трубопроводного транспорта. М., 1986.
т. 5, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)