Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛУ́ЦКІ, ПаўлоцкіЗміцер Іванавіч (?, г. Табольск Цюменскай вобл., Расія — сак. 1747), расійскі падарожнік бел. паходжання, даследчык Чукоткі. Яго бацька з ліцвінаў, што перайшлі ў рас. падданства. Служыў у войску, капітан. У 1727 узначаліў экспедыцыю (400 казакаў, 10 матросаў) на Камчатку і інш. землі Д. Усходу. Паводле загаду П. судна «Св. Гаўрыіл» пад камандаваннем І.Фёдарава выйшла з Анадыра (на Чукотцы) і 31.8.1732 дасягнула «Вялікай Зямлі» (узбярэжжа сучаснага амер. штата Аляска ў раёне м. Прынца Уэльскага), якую геадэзіст М.С.Гвоздзеў упершыню нанёс на карту. Т.ч. была адкрыта паўн.-зах. ўскраіна Паўн. Амерыкі. П. на чале экспедыцыі (215 казакаў і 220 абарыгенаў) даследаваў Чукотку; прайшоў чукоцкім узбярэжжам Паўн. Ледавітага і Ціхага акіянаў ад Чаўнскай губы да Анадыра (2000 вёрст), некалькі разоў перасек увесь край па розных маршрутах. Даў першыя звесткі па геаграфіі, араграфіі, гідраграфіі і этнаграфіі Чукоткі. Загінуў у сутычцы з чукчамі.
Літ.:
Ермоленко В.А. Д.И.Павлуцкий (? — 1747) // Вест. Бел. гос. ун-та. Сер. 2. 1997. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РТНЫ (Цішка) (сапр.ЖылуновічЗміцер Хведаравіч; 4.11.1887, г. Капыль Мінскай вобл. — 11.4.1937),
бел. пісьменнік і грамадскі дзеяч. Акад.АН Беларусі (1928). Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. Працаваў рамеснікам-гарбаром у Капылі, на з-дзе ў Пецярбургу. Пасля 1917 сакратар Бел.нац. камісарыята, рэдактар газ.«Дзянніца», з 1.1 да 3.2.1919 старшыня Часовага рэвалюцыйнага ўрада Савецкай Беларусі, потым палітработнік 14-й арміі і штаба Зах. фронту. Пазней узначальваў Дзярж.выд-ва Беларусі, працаваў у Наркамаце асветы БССР, у Ін-це гісторыі АН Беларусі. У 1923 пленум ЦККП(б)Б прыняў пастанову аб прысваенні яму звання нар. паэта Беларусі, аднак пастанова не была выканана. Чл.ЦБКП(б)Б (1918—19), кандыдат у чл.ЦККП(б)Б (1927—29), чл.ЦВКБССР у 1920, 1931. 16.1.1931 выключаны з партыі, 15.11.1936 арыштаваны. 7.4.1937 пераведзены ў Магілёўскую псіхіятр. лячэбніцу, дзе, паводле афіц. версіі, памёр ад гангрэны лёгкіх. У 1988 рэабілітаваны.
Друкавацца пачаў у 1908 у газ. «Наша ніва». Выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, даследчык гісторыі бел. л-ры, крытык. Першы зб. «Песні» (1913). Гартны — пачынальнік рабочай тэматыкі ў бел. паэзіі і прозе. У рамане «Сокі цаліны» (нап. 1914—29) паказаў шляхі фарміравання характару рэв. змагара, узняў некранутыя пласты нар. жыцця, разгарнуў шырокія малюнкі заводскіх будняў, стварыў яскравыя вобразы сялян-местачкоўцаў. У зб-ках апавяданняў «Трэскі на хвалях» (1924) і «Прысады» (1927) адлюстравана разбуджаная рэвалюцыяй бел. вёска. У творах Гартнага заўважаўся паварот ад аднабаковай рамантызацыі і лірыка-эмацыянальнага ўспрыняцця грамадз. вайны да рэаліст. паказу канкрэтнага чалавека і яго псіхалогіі. У рамане «Перагуды» (1935) паказаў вёску ў перыяд калектывізацыі. У зб. «Узгоркі і нізіны» (1928) — даследаванні творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, М.Чарота, А.Гурло. На месцы пахавання Гартнага пастаўлены помнік. Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Капылі і інш.