КАЭФІЦЫЕ́НТ ЗМЕ́ННАСЦІ АБСТАЛЯВА́ННЯ,

паказчык выкарыстання абсталявання на прадпрыемствах, які характарызуе зменнасць яго працы. Разлічваецца як адносіны колькасці адпрацаваных станка-змен (машына-змен) да агульнай колькасці станкоў, замацаваных за прадпрыемствам, цэхам, участкам (або да найб. колькасці станка-гадзін, якія могуць быць адпрацаваны пры адназменнай працы і інш.). Павышэнне К.з.а. мае важнае значэнне для павелічэння аб’ёму прадукцыі, зніжэння яе сабекошту, паляпшэння выкарыстання сродкаў вытворчасці.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЭФІЦЫЕ́НТ ЗМЕ́ННАСЦІ ПРАЦО́ЎНАЙ СІ́ЛЫ,

паказчык, які характарызуе сярэдняе штодзённае выкарыстанне аднаго фактычна занятага працоўнага месца. Разлічваецца як адносіны чалавека-дзён, адпрацаваных ва ўсіх зменах да іх колькасці, адпрацаваных за той жа перыяд у найб. загружаную змену.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫХАДНЫ́Я ДНІ,

дні штотыднёвага адпачынку, ва ўстаноўленыя заканадаўствам, правіламі ўнутр. працоўнага распарадку. У Рэспубліцы Беларусь пры 5-дзённым рабочым тыдні работнікам даюцца 2 выхадныя дні, пры 6-дзённым рабочым тыдні — 1 выхадны дзень. Агульным выхадным днём з’яўляецца нядзеля. Другі выхадны дзень, калі ён не вызначаны законам, устанаўліваецца графікам зменнасці. Абодва выхадныя дні даюцца, як правіла, запар. Працягласць штотыднёвага бесперапыннага адпачынку павінна быць не менш як 42 гадзіны. На бесперапынна дзеючых прадпрыемствах, ва ўстановах, арг-цыях выхадныя дні даюцца ў розныя дні пачаргова кожнай групе работнікаў у адпаведнасці з графікамі зменнасці. Прыцягненне да работы ў выхадны дзень дапускаецца толькі са згоды работніка і ў выпадках, спецыяльна прадугледжаных законам (арт. 63 КЗаП). Работа ў выхадны дзень можа кампенсавацца па дамоўленасці адгулам або ў грашовай форме.

С.​У.​Скаруліс.

т. 4, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАНСО́Н ((Adanson) Мішэль) (7.4.1727, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 3.8.1806),

французскі батанік. Чл. Франц. АН (1759). Даследаваў трапічную Афрыку. Адзін з заснавальнікаў натуральнай сістэмы раслін, варыянт якой выклаў у працы «Сямейства раслін» (1763). У пошуках лагічных высноў класіфікацыі склаў 65 штучных сістэм, параўноўваў іх паміж сабой і па колькасці супадзенняў вызначаў ступень блізкасці супадпарадкаваных груп раслін паміж сабой (упершыню скарыстаў матэм. метады ў біялогіі). Прызнаваў магчымасць зменнасці відаў. З 1772 захапіўся філасофіяй.

Літ.:

Adanson. The bicentennial of Michel Adanson’s Familles des plantes. Pt. 1—2. Pittsburgh, 1963.

т. 1, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБО́ЧЫ ЧАС,

вызначаная ў заканадаўчым парадку працягласць рабочага дня, на працягу якой работнік абавязаны выконваць даручаную яму работу. Пачатак і заканчэнне рабочага дня рэгулююцца правіламі ўнутр. распарадку і графікамі зменнасці. Рэжым Р.ч. залежыць ад умоў і характару работы. Р.ч. падзяляецца на час работы і час перапынкаў (рэгламентаваных і нерэгламентаваных). Рэгламентуецца прац. заканадаўствам шляхам вызначэння працягласці рабочага дня (часткі сутак, на працягу якой работнік выконвае свае абавязкі), рабочага тыдня (Р.ч. на працягу каляндарнага тыдня), рабочага года (каляндарнага года, які адлічваецца з дня працаўладкавання), звышурочнай работы. Вымяраецца для асобнага работніка ў гадах, днях і гадзінах, для калектыву — у чалавека-гадах, чалавека-днях і чалавека-гадзінах.

т. 13, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОБАТАТЭХНІ́ЧНЫ КО́МПЛЕКС,

сукупнасць апрацоўчых і інш. машын, прамысловых робатаў, транспартнага і дапаможнага абсталявання, прызначаных для аўтам. выканання тэхнал. аперацый. Звычайна мае сістэму праграмнага кіравання на базе ЭВМ ці мікрапрацэсара, што дае магчымасць яго хуткай пераналадкі на апрацоўку інш. вырабу заменай інструменту або праграмы.

У склад найпрасцейшага Р.к. ўваходзяць адзінка вытв. абсталявання (тэхнал., кантрольна-вымяральнага, выпрабавальнага і інш.), прамысл. робат (робіць загрузку-выгрузку вырабаў) і кіроўная сістэма. Адзін робат звычайна абслугоўвае 2—3 і больш адзінак вытв. абсталявання. Складаныя Р.к. ўключаюць некалькі простых, аўтаматыз. склад загатовак і трансп. сістэму сувязі паміж комплексамі і складам. Яны могуць адначасова апрацоўваць некалькі розных вырабаў або выконваць некалькі розных аперацый на адным вырабе. Кампаноўка Р.к. ў залежнасці ад размяшчэння тэхнал. абсталявання бывае лінейная, кругавая, лінейна-кругавая; кіраванне — цэнтралізаванае (ад ЭВМ або спец. прыстасавання), дэцэнтралізаванае (ад мясц. прыстасаванняў кіравання, звязаных паміж сабой для ўзаемнай каардынацыі) і камбінаванае. Р.к. з’яўляецца першаснай ячэйкай гібкай аўтаматызаванай вытворчасці, апрацоўчым або зборачным гібкім вытворчым модулем. Дазваляе значна павысіць каэф. загрузкі і зменнасці абсталявання. Гл. таксама Рабатызаваны тэхналагічны комплекс.

Літ.:

Роботизированные производственные комплексы. М., 1987;

Черпаков Б.И., Великович В.Б. Робототехнические комплексы. М., 1989;

Попов Е.П. Робототехника и гибкие производственные системы. М., 1987.

Г.​І.​Хуцкі.

Робататэхнічны комплекс для свідравання і фасоннага фрэзеравання вырабаў: 1 — гідрафікаваны механізм; 2 — паваротнае прыстасаванне; 3 — панэль, якая апрацоўваецца; 4 — прамысловы робат; 5 — сістэма кіравання; 6 — гідрастанцыя.

т. 13, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)