Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ННАЯ ПАРО́ДАў геалогіі — горныя пароды, якія залягаюць на месцы ўтварэння і мала зменены працэсамі выветрывання. У геамарфалогіі — пароды, якія з’яўляюцца больш стараж., чым рэльеф, утвораны пры іх удзеле (напр., неагенавыя пароды — К.п. ў адносінах да чацвярцічных форм рэльефу і адкладаў, што складаюць гэтыя формы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯСФЕ́РНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК,
асабліва ахоўны ўчастак біясферы, амаль не зменены ці слаба зменены пераўтваральнай дзейнасцю чалавека. Выкарыстоўваецца як фонавы запаведна-эталонны аб’ект для вывучэння агульнабіясферных, рэгіянальных і лакальных прыродных працэсаў (уключаючы назіранні за іх антрапагеннымі зменамі). Уваходзіць у сістэму глабальнага маніторынгу. Ствараюцца паводле навук.міжнар. праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера» для даследавання эвалюцыі экасістэм. У свеце каля 300 біясферных запаведнікаў (1995), якія размешчаны ў найб. характэрных экасістэмах розных біягеаграфічных правінцый.
Прынцыповая схема біясфернага запаведніка складаецца з абсалютна ахоўнай тэр. — ядра, вакол якога вылучаюцца буферная зона, потым зона звычайнага, але строга рацыянальнага гасп. выкарыстання тэрыторыі. Тэарэтычна біясферныя запаведнікі павінны існаваць як прыродныя самарэгулёўныя сістэмы, таму звычайна займаюць вял. плошчы (дзесяткі тысяч квадратных кіламетраў) і экалагічна адасоблены ад суседніх экасістэм. Для геагр. зоны, да якой належыць Беларусь, дапушчальныя плошчы біясферных запаведнікаў 50—100 тыс.га, ідэальная — да 250 тыс.га. З 1978 існуе Бярэзінскі біясферны запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́ННЫ ЛАНДША́ФТ,
ландшафт, які ўзнік у працэсе пераўтваральнай дзейнасці чалавека, у т. л. яго ненаўмыснага ўздзеяння на прыроду. Займае каля палавіны тэрыторыі сушы. Вылучаюць антрапагенны ландшафт па ступені змененасці (слабазменены, зменены, моцназменены), па сацыяльна-эканам. функцыях (с.-г., індустрыяльны, урбанізаваны, рэкрэацыйны, запаведны, прыродаахоўны і інш.), па выніках антрапагенных уздзеянняў (акультураны, пераўтвораны, дэградзіраваны). На Беларусі антрапагенны ландшафт займае больш палавіны тэрыторыі. Распрацавана класіфікацыя антрапагеннага ландшафту, вылучаны тыпы, падтыпы, віды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́ННЫ РЭЛЬЕ́Ф,
рэльеф, створаны ці зменены дзейнасцю чалавека; частка антрапагеннага ландшафту. Формы антрапагеннага рэльефу ўзніклі з пачаткам гасп. дзейнасці (паляўнічыя ямы, пячоры, эрозія глебаў на пашах і інш.). Свядомае пераўтварэнне рэльефу адбываецца пры меліярацыі зямель, буд-ве, рэкультывацыі парушаных ландшафтаў. Стыхійна ўзнікаюць формы антрапагеннага рэльефу ў выніку нерацыянальнага вядзення сельскай і лясной гаспадаркі, буд-ва горных вырабатак, пракладкі дарог, выпрабаванняў ядз. зброі: ямы, прасяданні глебы, конусы вынасу, водмелі, рухомыя пяскі, камяністыя россыпы, кар’еры, адвалы, тэрыконы і інш.
Антрапагенны рэльеф у зоне здабычы калійных солей каля г. Салігорск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАСТАЕ́ЎСКІЯ,
шляхецкі род уласнага герба («Радван» зменены) у ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Вядомы з канца 15 ст., жылі на Піншчыне, у 17 ст. перасяліліся на Валынь і ў Навагрудскае ваяв. Родапачынальнік — Даніла Іванавіч Ірцішчавіч, які ў 1506 атрымаў ад пінскага кн. Ф.І.Яраславіча некалькі двароў, у т. л. Дастоева (адсюль прозвішча роду). Найб. вядомыя: Пётр, маршалак пінскі (1598—99); Яраш, падстароста оўруцкі (1604); Пётр, суддзя гродскі пінскі (1627—32); Бенядзікт, падчашы пінскі (1635); Андрэй, харужы валынскі (1649). Верагодна, з гэтага роду паходзіць рус. пісьменнік Ф.М.Дастаеўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАБІЁЗ (ад пара... + ...біёз),
1) рэакцыя ўзбудлівай тканкі (нерва, мышцы) на ўздзеянне раздражняльнікаў, якая характарызуецца нізкай лабільнасцю і немагчымасцю правядзення зададзенага рытму раздражнення. Мае некалькі фаз: правізарную, або ўраўняльную — здольнасць нерва (мышцы) да правядзення рытмічных імпульсаў аднолькава зніжана для раздражнення любой сілы; парадаксальную — моцныя раздражненні не перадаюцца праз зменены ўчастак нерва, а слабыя здольны выклікаць значныя скарачэнні мышцы; тармазную — нерв страчвае здольнасць да правядзення ўзбуджэння. П. — з’ява абарачальная, але ўзмацненне шкоднага фактару прыводзіць да неабарачальных парушэнняў жыццядзейнасці і смерці.
2) Штучнае злучэнне 2 арганізмаў праз крывяносную сістэму або праз зрошчванне іх тканак для вывучэння ўзаемнага ўплыву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКРЭ́ТНЫ ЧАС,
змененыпаясны час на 1 гадз уперад з мэтай больш рацыянальнага выкарыстання светлай часткі сутак. У СССР уведзены ў 1930. Д.ч. другога гадзіннага пояса лічыцца маскоўскім, апераджае сусветны час на 3 гадз. Парадак падліку Д.ч.: паясны час плюс 1 гадз. (пастаянна на працягу года) з дадатковым пераводам гадзіннай стрэлкі на 1 гадз уперад у летні час. Перавод адбываецца ўначы з апошняй суботы на нядзелю ў сакавіку і адпаведна на 1 гадз назад у кастрычніку. Тэр. Беларусі ўваходзіць у другі гадзінны пояс. За аснову Д.ч. ўзяты паясны, таму маскоўскі час апераджае беларускі на 1 гадз. Парадак пераводу гадзіннай стрэлкі ў летні час застаўся той самы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШНЕЎСКІ КАСЦЁЛ МАРЫ́І,
помнік архітэктуры ранняга барока з элементамі рэнесансу. Пабудаваны ў 1637—41 у в. Вішнева (Валожынскі р-н Мінскай вобл.). Перабудаваны ў 1771 у стылі ракако (да нефа прыбудаваны 2 прамавугольныя ў плане бакавыя капліцы, зменены інтэр’ер) і ў 1906 (дабудаваны 2-вежавы гал. фасад). Мураваны 1-нефавы храм з больш нізкай паўцыркульнай апсідай і бакавымі сакрысціямі, накрыты 2-схільным дахам з франтонам на гал. фасадзе. 3-ярусныя чацверыковыя вежы завершаны плаўна выгнутымі карнізамі, фігурнымі купалкамі. Сцены нефа крапаваны арачнымі нішамі, слаістымі пілястрамі, пілонамі, аздоблены паліхромнай арнаментальнай размалёўкай (мастак Ф.Рушчыц), скляпенні — геам. ляпным арнаментам 17 ст. Захаваліся каваныя дзверы 17 ст., разныя алтары 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́БЫ, караткахвостыя ракі (Brachyura),
атрад (падатрад) дзесяціногіх ракападобных. Больш за 4000 відаў. Пашыраны ў морах, прэсных водах і на сушы, пераважна ў тропіках.
Шыр. галавагруднага шчыта (карапакса) 2—60 см. Галава маленькая, у паглыбленні пад краем карапакса. Вочы фасетачныя. 1-я пара хадзільных ног мае клюшні. Брушка кароткае, падагнутае пад сківіцагрудзі. Брушныя канечнасці ў самца (1—2 пары) зменены ў капулятыўны орган, у самкі (4 пары) служаць для выношвання ікры. Кормяцца пераважна беспазваночнымі. Усе К., акрамя прэснаводных, размнажаюцца ў моры. Развіццё з метамарфозам. Некат. К. могуць мяняць афарбоўку цела. Здольныя да аўтатаміі і рэгенерацыі канечнасцей. Аб’екты промыслу.