ЗМА́ЗАЧНАЕ МА́СЛА,

вадкі змазачны матэрыял, які выкарыстоўваюць для змазкі вузлоў трэння розных механізмаў. Паводле спосабу атрымання падзяляюць на нафтавае масла, сінтэтычнае масла, масла расліннага і жывёльнага паходжання (напр., рыцына), па прызначэнні — на індустрыяльнае масла, маторнае масла, трансмісійнае масла і інш. Адпрацаванае З.м. рэгенерыруюць для паўторнага выкарыстання.

т. 7, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМА́ЗАЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

рэчывы з сукупнасцю ўласцівасцей, якімі абумоўлена іх змазачнае дзеянне. Выкарыстоўваюць для змазкі. Адрозніваюць вадкія (змазачнае масла, змазачна-ахаладжальныя вадкасці), пластычныя (пластычныя змазкі), цвёрдыя і газападобныя.

Цвёрдыя З.м. — парашкападобныя рэчывы (напр., графіт, дысульфіды малібдэну, вальфраму), мяккія металы (напр., індый, свінец), палімеры (найб. пашыраны політэтрафторэтылен), цвёрдыя арган. рэчывы (напр., мыла, воскі); газападобныя З.м. — індывід. газы, іх сумесі і пара некат. злучэнняў (напр., вуглевадародаў), выкарыстоўваюць для змазкі механізмаў, якія эксплуатуюцца ў асабліва цяжкіх умовах: высокіх (больш за 300 °C) і крыягенных т-рах, пры вял. нагрузках, высокім узроўні радыяцыі (напр., у ядз. рэактарах).

т. 7, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМА́ЗКА ў тэхніцы,

1) змазачныя матэрыялы, якія памяншаюць трэнне і аблягчаюць працэсы мех. апрацоўкі металаў.

2) Змазачнае дзеянне змазачнага матэрыялу на паверхні трэння, у выніку якога памяншаюцца сіла трэння і зношванне паверхняў.

3) Падача змазачнага матэрыялу да паверхні слізгання ці качэння дэталей. Спосабы З. вызначаюцца функцыямі і ўмовамі работы вузла трэння, уласцівасцямі змазачнага матэрыялу.

4) Кансервацыйныя матэрыялы і матэрыялы для герметызацыі (ушчыльняльнікі). Выкарыстоўваюць для прадухілення карозіі метал. вырабаў пры захаванні і эксплуатацыі і ўшчыльнення злучэнняў дэталей машын (гл. Пластычныя змазкі).

т. 7, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТО́РНАЕ МА́СЛА,

нафтавае ці сінт. змазачнае масла для рухавікоў унутр. згарання розных тыпаў.

Паводле прызначэння М.м. падзяляюць на дызельныя (для змазкі аўтатрактарных, транспартных, стацыянарных, цеплавозных і суднавых рухавікоў), карбюратарныя (для аўтамаб. рухавікоў) і авіяцыйныя, якія падзяляюць на групы паводле вязкасці (адна з асн. характарыстык М.м.) і інш. эксплуатацыйных уласцівасцей. Вырабляюць на аснове нафтавага масла ці сінтэтычнага масла з дабаўленнем ад 1 да 25% (па масе) прысадак (мыйных. процізносных, антыкаразійных. вязкасных і інш.). Выкарыстоўваюць таксама сумесь нафтавага масла з дабаўкамі сінт. кампанентаў.

т. 10, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАПО́ЛАЦКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНАННЕ «НАФТА́Н».

Створана ў 1992 на базе Полацкага нафтаперапр. з-да (пабудаваны ў 1958—63); з 1976 Наваполацкі нафтаперапр. з-д, у 1980—92 ВА «Наваполацкнафтааргсінтэз». Перапрацоўвае да 12 млн. т нафты за год. Нафта паступае па адгалінаванні магістральнага нафтаправода «Дружба». Асн. прадукцыя (1999): аўтамаб. бензіны розных марак, газа, дызельнае, пячное і маторнае паліва, паліўны мазут, змазачнае масла, бензол, талуол, параксілол, артаксілол, розныя маркі буд., дарожных і дахавых бітумаў, серная кіслата, прысадкі да змазачных маслаў, быт. газ, растваральнікі.

т. 11, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ФТАВАЕ МА́СЛА,

мінеральнае масла, прадукт перапрацоўкі высокакіпячых (300—600 °C) нафтавых фракцый: вадкая сумесь парафінавых, нафтэнавых, араматычных і нафтэна-араматычных вуглевадародаў, а таксама іх гетэравытворных.

Паводле спосабу вытв-сці падзяляецца на дыстылятнае (атрымліваюць дыстыляцыяй мазуту), астаткавае (прадукты ачысткі гудрону) і кампаўндавае (сумесь дыстылятнага і астаткавага Н.м.), паводле галін выкарыстання — на белае масла, змазачнае масла, ізаляцыйныя маслы, кансервацыйнае масла. Для надання неабходных эксплуатацыйных уласцівасцей у Н.м. дадаюць прысадкі. На аснове Н.м. (без прысадак) атрымліваюць гідраўлічныя і змазачна-ахаладжальныя вадкасці, тэхнал. і пластычныя змазкі.

т. 11, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЕВЫЯ З’Я́ВЫ,

сукупнасць з’яў, звязаных з асаблівасцямі ўласцівасцей паверхняў, што падзяляюць датыкальныя целы (фазы). Адыгрываюць значную ролю ў прыродных працэсах (выветрыванне горных парод, атм. працэсы, глебаўтварэнне і інш.), у біялогіі (функцыянаванне клетачных мембран), у тэхніцы (трэнне, знос, змазачнае дзеянне і інш.).

Падзяляюцца на некалькі груп. Фізічныя П.з.: каалесцэнцыя, змочванне, адгезія, трэнне, капілярныя з’явы, звязаныя з лішкам свабоднай (гл. Паверхневае нацяжэнне) ці поўнай энергіі, энтрапіі або інш. тэрмадынамічных велічынь у паверхневым слоі. Вызначаюць форму кропель вадкасцей, газавых пузыроў, крышталёў у раўнаважным стане, умовы ўзнікнення зародкаў новай фазы. Хімічныя П.з. абумоўлены зменай хім. саставу паверхні ў выніку адсорбцыі. Уплываюць на мех. ўстойлівасць дысперсных сістэм (гл. Паверхнева-актыўныя рэчывы), ліяфільнасць рэчываў (гл. Ліяфільнасць і ліяфобнасць), павышаюць хім. ўстойлівасць (напр., супраць карозіі). П.з., звязаныя з фіз.-хім. і структурнымі ўласцівасцямі паверхневых слаёў. Уплываюць на кінетыку гетэрагенных працэсаў (каталіз, гарэнне, фазавыя пераходы). Электрапаверхневыя з’явы: электракінетычныя з’явы, электронная эмісія, паверхневая праводнасць і інш. абумоўлены ўтварэннем падвойнага электрычнага слоя іонаў і ўзнікненнем скачкоў патэнцыялу на паверхні падзелу фаз. На выкарыстанні П.з. заснаваны шматлікія тэхнал. працэсы: флатацыя, фільтрацыя, мех. апрацоўка і ўшчыльненне матэрыялаў, хім. сінтэз з выкарыстаннем гетэрагенных каталізатараў і інш.

Г.​С.​Раманаў.

т. 11, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)