ЗМА́ЗАЧНА-АХАЛАДЖА́ЛЬНЫЯ ВА́ДКАСЦІ,

шматкампанентныя сістэмы, якія выкарыстоўваюць пры апрацоўцы металаў рэзаннем або ціскам. Прызначаны для змазкі і ахаладжэння металаапрацоўчых інструментаў і дэталей, адначасова змяншаюць знос інструментаў, павышаюць дакладнасць апрацоўкі дэталей, засцерагаюць абсталяванне і дэталі ад карозіі, паляпшаюць санітарна-гігіенічныя ўмовы працы.

Паводле складу адрозніваюць вадкія сумесі нафтапрадуктаў (газа, нафтавае масла) з масларастваральнымі паверхнева-актыўнымі рэчывамі (ПАР) і інш. прысадкамі, водныя растворы электралітаў (соды, нітрату натрыю і інш.) у сумесі з арган. ПАР, эмульсолы (3—10%-ныя водныя эмульсіі індустр. масел з дабаўкамі ПАР і інш прысадак). Найб. пашыраны эмульсолы, якія выкарыстоўваюць пры ўсіх аперацыях апрацоўкі металаў, а таксама для абястлушчвання дэталей, пры тлушчаванні скуры, замасліванні шэрсці і інш.

Л.М.Скрыпнічэнка.

т. 7, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМА́ЗАЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

рэчывы з сукупнасцю ўласцівасцей, якімі абумоўлена іх змазачнае дзеянне. Выкарыстоўваюць для змазкі. Адрозніваюць вадкія (змазачнае масла, змазачна-ахаладжальныя вадкасці), пластычныя (пластычныя змазкі), цвёрдыя і газападобныя.

Цвёрдыя З.м. — парашкападобныя рэчывы (напр., графіт, дысульфіды малібдэну, вальфраму), мяккія металы (напр., індый, свінец), палімеры (найб. пашыраны політэтрафторэтылен), цвёрдыя арган. рэчывы (напр., мыла, воскі); газападобныя З.м. — індывід. газы, іх сумесі і пара некат. злучэнняў (напр., вуглевадародаў), выкарыстоўваюць для змазкі механізмаў, якія эксплуатуюцца ў асабліва цяжкіх умовах: высокіх (больш за 300 °C) і крыягенных т-рах, пры вял. нагрузках, высокім узроўні радыяцыі (напр., у ядз. рэактарах).

т. 7, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)