ГЕТЭРАХРАМАЦІ́Н

(ад гетэра... + храмацін),

участкі кандэнсаванага храмаціну, які захоўваецца на працягу клетачнага цыкла. Стан гетэрахрамаціну вызначаецца кампактызацыяй ДНК і яе трывалай сувяззю з бялкамі (гістонамі). Інтэнсіўна афарбоўваецца ядз. фарбавальнікамі, уранілацэтатам і ў інтэрфазных ядрах відзён пад светлавым і электронным мікраскопамі як сетка цёмнага рэчыва. Ёсць у цэнтрамеры, целамеры, ядзеркавым арганізатары. Генетычна інертны. Абагачаны сатэлітнай ДНК і ўздзейнічае на актыўнасць генаў у сумежным эўхрамаціне. Гетэрахрамацін лічаць адказным за адгезію (зліпанне) сястрынскіх храматыд, за сінапс храмасом і рэкамбінацыю генаў пры красінговеры.

т. 5, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНУЛЯВА́ННЕ

(ад лац. granulum зярнятка),

наданне рэчывам, матэрыялам, мінер. угнаенням, кармам і інш. формы дробных шчыльных камячкоў (гранул). Паляпшае тэхнал. якасці сыравіны, стварае магчымасць выкарыстання яе дробнымі порцыямі, прадухіляе зліпанне, палягчае пагрузку, транспартаванне і г.д.

Выкарыстоўваецца ў металургіі (грануляванне вадкіх шлакаў — для ўжывання іх у дарожным буд-ве, вытв-сці цэменту і шлакавай цэглы; штэйнаў — для далейшай перапрацоўкі і выдалення серы; некат. металаў — для выкарыстання дробнымі порцыямі), энергетыцы (грануляванне кацельных шлакаў для паскарэння іх зацвердзявання), хім. прам-сці (грануляванне шкла, каталізатараў, палімераў суперфасфату, аміячнай салетры і інш. мінер. угнаенняў), сельскай гаспадарцы (грануляванне травяной мукі, камбікармоў і інш.). Расплаўленыя матэрыялы гранулююць раздрабленнем іх патоку струменем вады, сціснутага паветра, азоту або вадзяной пары, ліццём расплаву на мокры стальны барабан; хім. прадукты — акатваннем дробных часціц, распырскваннем расплаваў у полых высокіх вежах, ушчыльненнем парашкападобных матэрыялаў і інш.; кармы — кармавымі гранулятарамі, якія працуюць на прынцыпах выціскання, пракатвання і фармавання. Гл. таксама Гранульная металургія.

т. 5, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)