ГЕЛЬМІНТАСПО́РЫЙ

(Helminthosporium),

род недасканалых грыбоў сям. дэмацыевых. Шматлікія віды роду пашыраны ўсюды. Паразітныя формы, прыстасаваныя да пэўных відаў раслін, выклікаюць гельмінтаспарыёзы, сапратрофныя развіваюцца на кары, лісці, сухіх галінках і сцёблах дрэвавых і травяністых раслін. На Беларусі найб. шкодныя гельмінтаспорый ячменны (Н. teres), гельмінтаспорый аўсяны (Н. avenae), гельмінтаспорый злакавы (Н. gramineum).

Міцэлій шматклетачны, пранізвае асобныя органы раслін, развіваецца ва ўсіх тканках або знаходзіцца ў стадыі спакою. Канідыяносцы прамыя, слабаразгалінаваныя, вузлаватыя, у паразітных відаў сабраны ў пучкі, у сапратрофаў — адзіночныя. Канідыі цыліндрычныя, падоўжана-эліпсападобныя, з перагародкамі. У цыкле развіцця адзначаны стадыі сумчатых грыбоў.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬТЫПЛА́НА

(Altiplano),

заходняя частка ўнутр. пласкагор’я Цэнтр. Андаў Паўд. Амерыкі, у Перу і Балівіі. Займае катлавіны (днішчы) вял. азёраў, якія існавалі ў плейстацэне. Ляжыць на выш. 3300—3800 м. Алювіяльныя раўніны, азёры — Тытыкака і Паапо, саланчакі Уюні і Кайпаса (рэшткі стараж. азёраў), вулканічныя плато і асобныя масівы (да 5300 м). Клімат высакагорны, трапічны. Сярэднямесячныя т-ры ад 6 да 11 °C. Альтыплана — вобласць унутр. сцёку, гал. р. Дэсагуадэра. На Пн, дзе выпадае 500—700 мм ападкаў за год, — горны злакавы стэп, на З і Пд (ападкаў да 300 мм) — пустынная і паўпустынная расліннасць. Альтыплана — найб. заселеная ч. Балівіі.

Альтыплана. Паўпустынны ландшафт.

т. 1, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАТАЛІ́ЙСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е,

унутраная ч. Малаазіяцкага нагор’я, у Турцыі. Даўж. каля 700 км (з З на У), шыр. 400 кмПн на Пд). На Пн абмежавана Пантыйскімі гарамі, на Пд — гарамі Таўр. Паверхня выраўнаваная, слаба расчлянёная, пераважныя выш. 800—1500 м, найб. — 3916 м (вулкан Эрджыяс). Складзена ў асн. з асадкавых парод, адзначаны праяўленні вулканізму. Радовішчы бурага вугалю. Клімат субтрапічны, кантынентальны. Ападкаў ад 200 да 500 мм за год, максімальныя — вясной. Анаталійскае пласкагор’е перасякаюць рэкі Кызыл Ірмак, Сакар’я і інш. Ёсць саланчакі і салёныя азёры (воз. Туз і інш.). Глебы шэрыя і бурыя. Расліннасць — сухі палынова-злакавы стэп (у гарах) і паўпустыні з зараснікамі калючых падушкападобных хмызнякоў. Аазіснае земляробства, жывёлагадоўля.

т. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЕ́Р

(Acorus),

род шматгадовых травяністых раслін сям. ароннікавых. 2 віды, пашыраныя ва ўмераных і субтрапічных зонах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі аер звычайны (Acorus calamus; нар. назвы — ірны корань, шувар, касатар, явар, ярай, яір). Расце на балотах, водмелях рэк, азёр, сажалак, старыц, канаў. Радзіма Усх. Азія; у 13 ст. як лек. расліна завезена ў Польшчу, у 16 ст. яго пачалі разводзіць у Зах. Еўропе. Аер злакавы, або акурус (Acorus gramineus), асабліва пашыраны ў Японіі, на Беларусі вядомы як акварыумная расліна.

Расліны аеру звычайнага выш. 30—120 см маюць характэрны пах. Сцябло прамое, лісце даўж. да 1 м. Карэнішча тоўстае, доўгае, з бародаўчатай паверхняй. Кветкі дробныя, зеленавата-жоўтыя, у цыліндрычных зялёных катахах даўж. 6—8 см. Плод — маланасенная сухая ягада. Размнажаецца пераважна дзяленнем карэнішча. Настой з яго ўжываецца для ўзбуджэння апетыту, як танізоўны сродак, прэпараты — пры лячэнні язвавай хваробы, гастрыту. Эфірны алей выкарыстоўваецца ў лікёра-гарэлачнай і кандытарскай вытв-сці, парфумерыі.

Аер балотны.

т. 1, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ САЯ́Н,

горная сістэма на Пд Сібіры, Расія. Цягнецца ў паўн.-ўсх. напрамку ад вярхоўяў р. Абакан да стыку з Усх. Саянам (каля вытокаў рэк Казыр і Уда). Даўж. больш за 600 км, шыр. ад 80 да 200 км. Складаецца з вузкіх хрыбтоў, падзеленых глыбокімі рачнымі далінамі і міжгорнымі катлавінамі. Найб. вяршыня — г. Кызыл-Тайга (3121 м). Складкавая структура З.С. сфарміравалася ў эпоху каледонскай складкавасці, прадстаўлена 2 краявымі антыклінорыямі, якія падзелены сінклінорыем. Антыклінорыі складзены з гліністых і крамяністых сланцаў, кварцытаў і вапнякоў, прарванымі інтрузіямі гранітаў і дыярытаў, сінклінорыі — з магутнай пясчана-сланцавай тоўшчы. Карысныя выкапні: жал. і медна-кобальтавыя руды, нікель, хром, свінец, цынк, малібдэн, азбест.

Сучасны горны рэльеф сфарміраваўся ў выніку падняццяў канца неагену — пач. антрапагену. Высакагорным рэльефам вызначаецца водападзельны хрыбет, масіў Кызыл-Тайга, хр. Ергакі, сярэднягорным — бакавыя хрыбты (выш. да 2000—2500 м). На Пд — міжгорныя катлавіны (Усінская і Турана-Уюкская).

Клімат рэжа кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. на схілах гор ад -20 °C да -25 °C, у катлавінах да -30 °C, ліп. 10—12 °C, у катлавінах да 20 °C. Гадавая колькасць ападкаў на паўн. схілах 800—1200 мм, на паўд. — да 400 мм. Рэкі належаць да бас. Енісея; галоўныя — Абакан, Кантэгір, Алаш, Ус, Уюк. Большасць азёр прымеркавана да грабянёвай ч. водападзельнага хрыбта і размяшчаецца ў корах. Расліннасць залежыць ад вышыннай пояснасці і экспазіцыі схілаў. На паўн. схілах хваёва-лісцевыя лясы, на выш. 800—1800 м цемнахвойныя лясы, якія пераходзяць у рэдкалессе. Для высакагор’яў характэрны мохава-лішайнікавыя і камяністыя тундры, субальпійскія і альпійскія лугі. На паўд. схілах да выш. 1200—1800 м горны лесастэп з лістоўніцай. У катлавінах палынна-злакавы стэп. У тайзе водзяцца лось, марал, казуля, буры мядзведзь, рысь, собаль, вавёрка, у стэпах — грызуны. З.С. перасякаюць аўтадарогі Абакан—Кызыл (Усінскі тракт) і Абаза—Ак-Давурак.

т. 7, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛГАГРА́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ

(да 1961 Сталінградская вобласць),

у Расійскай Федэрацыі. Утворана 5.12.1936. Пл. 113,9 тыс. км². Нас. 2673,2 тыс. чал. (1994), гарадскога 74%. Цэнтр — г. Валгаград. Найб. гарады: Волжскі, Камышын, Міхайлаўка, Урупінск, Фралова.

Прырода. Валгаградская вобласць размешчана на ПдУ Усх.-Еўрап. раўніны. Падзяляецца Волгай на 2 часткі: заходнюю — правабярэжную і ўсходнюю — Заволжа. Паверхня правабярэжжа ўзвышаная, моцна расчлянёная ярамі і лагчынамі; у межах яго — паўд. ч. Прыволжскага узв. (выш. да 358 м), паўн. ч. Ергені, паўд.-ўсх. ч. Данской грады, а таксама Хапёрска-Бузулукская і Сарпінская нізіны. Заволжа — нізінная раўніна. Паміж Волгай і яе левым рукавом Ахтубай ляжыць Волга-Ахтубінская пойма. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, вапнякі, мел, гліны, фасфарыты, кухонная соль. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. вагаецца ад -12 °C на Пн да -8 °C на ПдУ, ліп. адпаведна ад 21,5 °C да 24,5 °C. Ападкаў каля 440 мм на З і да 270 мм на ПдУ. Гал. рэкі Волга (з Ахтубай) і Дон з прытокамі Хапёр, Мядзведзіца, Ілаўля. У вобласці Валгаградскае і Цымлянскае вадасховішчы. Салёныя азёры (Эльтон і інш.); ліманы. Мінер. крыніцы (Смарогдзінская, Ергенінская і інш.). Разнатраўна-злакавы стэп на чарназёмных і цёмна-каштанавых глебах (б.ч. узараны) зменьваецца палынова-злакавымі паўпустынямі на светла-каштанавых глебах.

Гаспадарка. Валгаградская вобласць — буйны прамысл. і с.-г. раён Расіі. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (трактары, судны, рухавікі, падшыпнікі, вымяральная апаратура; абсталяванне для нафтавай, электратэхн., лёгкай, харч. прам-сці і фермерскіх гаспадарак; буравое, трансп., мед., гандл. абсталяванне і інш.), паліўная (здабыча нафты і газу), нафтаперапр., хім. (шыны, лакі і фарбы, у т. л. і вытв-сць каўстычнай соды), нафтахім. (гумава-тэхн. вырабы, тэхн. валокны) прам-сць, чорная і каляровая (алюміній) металургія. Развіта буд. матэрыялаў (цэгла, керамічная плітка, жалезабетонныя вырабы), дрэваапр., лёгкая і харч. (масларобная, кансервавая, мукамольная і інш.) прам-сць. Волжская ГЭС. Пасевы збожжавых (пшаніца, ячмень, кукуруза, проса) і тэхн. (сланечнік, гарчыца) культур. Вырошчваюць бахчавыя (кавуны) і агародніну. Развіта жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, коза-, авечка- і свінагадоўля). Рыбалоўства. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Валгаград—Астрахань, Саратаў—Ілаўля і інш., аўтадарогі Масква—Астрахань, Саратаў—Валгаград і інш. Суднаходства па Волзе, Доне і Волга-Данскім канале. Важнейшыя парты і прыстані: Валгаград, Волжскі, Дубоўка, Калач-на-Доне.

П.І.Рогач.

т. 3, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)