Зельскі В. 4/231

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭТАРЫЯ́НЦЫ (лац. praetoriani),

у Старажытным Рыме прывілеяваная частка войска. Першапачаткова П. наз. ахова палкаводцаў, якая набіралася з саюзнікаў і рым. коннікаў. Створаная ў 2 н.э. Аўгустам імператарская гвардыя (9 кагорт па 1000 чал. у кожнай) таксама наз. П. Камплектаваліся з італійцаў. Адрозніваліся ад легіянераў большай платай, меншым тэрмінам службы. П. скасаваны ў 312 Канстанцінам Вялікім.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭКА́РЫЙ (лац. precarium ад preces просьба),

першапачаткова ў рым. праве даўгавыя адносіны паміж пазыкадаўцам і пазычальнікам незалежна ад формы маёмасці; у раннім сярэднявеччы ў Зах. Еўропе права карыстання зямлёй (на некалькі гадоў ці пажыццёва), якое даваў землеўладальнік селяніну на падставе яго пісьмовай просьбы. За гэта атрымальнік зямлі (прэкарыст) плаціў чынш ці выконваў паншчыну. Прэкарскі дагавор аднаўляўся кожныя 5 гадоў. П. быў пашыраны ва ўсіх еўрап. краінах да 13 ст. і стаў адным са сродкаў залежнасці вольных сялян ад буйнога землеўладальніка.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́МУЛ АЎГУ́СТУЛ (Romulus Augustulus),

апошні імператар [475—476] Зах. Рым. імперыі. Бацька Р.А. — военачальнік Арэст скінуў імператара Юлія Непата і 31.10.475 у Равене абвясціў імператарам непаўналетняга Р.А. Яго правы на трон не былі прызнаны ні Усх. Рым. імперыяй, ні правіцелем Галіі Сіягрыем, ні Непатам. Пасля таго як Арэст і Р.А. не выканалі патрабаванняў ўсх.-герм. наёмнікаў, тыя паўсталі і абралі сваім царом Адаакра. Арэст быў забіты, Р.А. 4.9.476 скінуты з трона і сасланы ў прав. Кампанія. Гэта лічыцца канцом Зах. Рым. імперыі.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫНЦЫПА́Т (ад лац. principatus кіруючая роля, імператарская ўлада),

форма ўлады ў Стараж. Рыме, асобы від манархіі, усталяваны Аўгустам у 27 да н.э. Сістэма П. фармальна захоўвала асновы рэсп. форм кіравання, але рэальная ўлада знаходзілася ў руках імператара, які быў галоўнакамандуючым усімі рым. арміямі, кіраваў б.ч. правінцый, быў вышэйшым апеляцыйным суддзёй імперыі і практычна галоўным заканадаўцам. Перыяд П., т.зв. Ранняй Імперыі, ахоплівае праўленне дынастый Юліяў-Клаўдзіяў [27 да н.э. — 68 н.э.], Флавіяў [69—96], Антанінаў [96—192].

Літ.:

Егоров А.Б. Рим на грани эпох: Пробл. рождения и формирования принципата. Л., 1985.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭ́ТАР (лац. praetor ад praeitor які ідзе наперадзе, стаіць на чале),

урадавая пасада ў Стараж. Рыме і саюзных лац. і італійскіх гарадах. З 367 да н.э. вёў судовыя справы, замяшчаў консула пры яго адсутнасці. Выбіраўся з патрыцыяў, з 337 да н.э. і з плебеяў на 1 год. З 242 да н.э. ўведзены пасады П. па справах паміж рым. грамадзянамі і П. па справах іншаземцаў. З утварэннем рымскіх правінцый П. кіравалі імі пасля заканчэння тэрміну службы. У час імперыі П. — вышэйшыя службовыя асобы ў гарадах.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБІКО́Н (лац. Rubico),

рака, якая сцякала са схілаў Апенін і ўпадала ў Адрыятычнае м. на Пн ад г. Арымін (цяпер г. Рыміні). Да 42 да н.э. па Р. праходзіла мяжа паміж Італіяй і рым. правінцыяй Цызальпінская Галія. Атрымала вядомасць пасля таго, як 10.1.49 да н.э. Юлій Цэзар насуперак закону (як праконсул мог узначальваць войска толькі па-за межамі Італіі) перайшоў цераз Р. і пачаў гэтым грамадз. вайну. Адсюль крылаты выраз «перайсці Р.» — прыняць беспаваротнае рашэнне. Дакладная ідэнтыфікацыя Р. з якой-н. з сучасных рэчак ускладнена тым, што з часоў антычнасці напрамкі цячэння рэк у гэтай мясцовасці значна змяніліся. У 1932 р. Ф’юмічына афіц. атрымала назву Рубікон.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНТЫКАПЕ́Й (грэч. Pantikapaion),

антычны горад-калонія ва Усх. Крыме (цяпер г. Керч, Украіна). Засн. ў 1-й пал. 6 ст. да н.э. выхадцамі з Мілета. У 2-й пал. 6 ст. да н.э. ў П. чаканілі сярэбраныя, з 4 ст. да н.э. — залатыя і медныя манеты. У 2-й пал. 5 ст. да н.э. П. аб’яднаў грэч. гарады па абодвух берагах Баспора Кімерыйскага, стаў сталіцай Баспорскай дзяржавы, гал. рамесніцкім, гандл. і культ. цэнтрам Паўн. Прычарнамор’я. Паліт. падзеі 2—1 ст. да н.э. (Саўмака паўстанне, войны Мітрыдата VI Еўпатара), землетрасенне (63 да н.э.) прывялі да разбурэння горада. Нягледзячы на некат. ажыўленне гандл. і паліт. жыцця ў 1—2 ст. н.э. П. паступова заняпаў. З сярэдзіны 3 ст. горад рабаваўся готамі, у канцы 4 ст. разбураны гунамі. Раскопкі вядуцца з 1-й пал. 19 ст. (сістэматычна з 1945).

А.​Г.​Зельскі.

т. 12, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́МУЛ (Romulus),

заснавальнік Рыма і першы рымскі цар [753—716 да н.э.]. Паводле стараж.-рым. падання Р. і яго брат-блізня Рэм былі сынамі весталкі Рэі Сільвіі і бога вайны Марса. Кінутых паводле загаду дзядзькі Рэі Амулія ў р. Тыбр братоў-немаўлят рака вынесла на бераг. Ваўчыца выкарміла іх сваім малаком (Капіталійская ваўчыца), пасля братоў знайшоў пастух Фаўстул, які разам з жонкай выхаваў іх. Р. і Рэм вярнулі свайму дзеду Нумітару царскую ўладу над Альба-Лонгай, несправядліва захопленай Амуліем, а на месцы свайго выратавання заснавалі горад. Падчас сваркі Р. забіў Рэма і стаў адзіным уладаром горада, які атрымаў яго імя. Ва ўяўленнях нашчадкаў Р. быў ініцыятарам выкрадання сабінянак, заснавання рым. сената, курый, арганізацыі войска, падзелу грамадзян на патрыцыяў і плебеяў. Пасля смерці Р. абагаўлёны, пазней атаясамліваўся з богам Квірынам.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́МЗЕН,

(Mommsen) Тэадор (30.11.1817, г. Гардынг, Германія — 1.11.1903), нямецкі гісторык антычнасці. Вучыўся ў Кільскім ун-це (1838—43) і Італіі (1844—47). Удзельнік рэвалюцыі 1848—49 у Германіі. Праф. рым. права ва ун-тах Лейпцыга (1848—50), Цюрыха (з 1852), Брэслаў (з 1854), з 1858 праф. стараж. гісторыі ў Берлінскім ун-це. Дэп. прускага ландтага (1863—66, 1873—79) і рэйхстага (1881—84). Выступаў супраць кансерватыўнай палітыкі О.Бісмарка і антысемітызму Г. фон Трайчке. Гал. працы: «Рымская гісторыя» (т. 1—3, 1854—55, т. 5, 1885; у цэнтры ўвагі праслаўленне Юлія Цэзара і рым. ваен. манархіі як моцнай нац. дзяржавы на шырокай нар. аснове), «Рымскае дзяржаўнае права» (т. 1—3, 1871—88), «Рымскае крымінальнае права» (1899). Выдаваў стараж. крыніцы, у т. л. збор лац. надпісаў «Corpus Inscriptionum Latinarum» (з 1863). Нобелеўская прэмія па л-ры 1902.

Літ.:

Чухно Т.А. Теодор Моммзен в исторической литературе // Вопросы всеобщей истории и историографии. Томск, 1982.

А.​Г.​Зельскі.

Т.Момзен.

т. 10, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)