БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДАПАМО́ГІ ПАЦЯРПЕ́ЛЫМ АД ВАЙНЫ́,
дабрачынная арг-цыя для дапамогі бежанцам 1-й сусв. вайны. Існавала ў 1915 — сярэдзіне 1920-х г. у Вільні. Т-ва арганізоўвала пункты харчавання, сталовыя, інтэрнаты, аказвала мед. дапамогу бежанцам. Сродкі складаліся з членскіх узносаў, ахвяраванняў, прыбыткаў з дабрачынных мерапрыемстваў. Адкрыла аддзелы ў Мінску, Дзісне, Вілейцы, Друскеніках, Полацку. Гуртавала вакол сябе дзеячаў бел.нац. руху, набыло значэнне прадстаўніка нац. інтарэсаў бел. насельніцтва. Займалася культ.-асв. працай. Пры ім была створана школьная камісія, якая арганізоўвала бел. школьніцтва, настаўніцкія курсы. У канцы 1916 у мяст. Свіслач пачала працаваць бел. настаўніцкая семінарыя. На курсах і ў семінарыі выкладалі А. і І.Луцкевічы, В.Ластоўскі, А.Пашкевіч (Цётка) і інш. З канца 1918 дзейнасць т-ва ў сувязі са складанай ваен. і паліт. сітуацыяй на Віленшчыне, адсутнасцю грошай пачала згортвацца, на пач. 1920-х г. зводзілася да ўтрымання дзіцячага прытулку ў Вільні. Звесткі пра функцыянаванне т-ва пасля 1925 не выяўлены.
А.М.Бабкоў, С.С.Рудовіч.
Статуты Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны 1915 і 1921.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЛЯ́ЦТВА 1) прыналежнасць людзей да адной мясцовасці паводле нараджэння або жыхарства ў межах сваёй нац. дзяржавы і абумоўленыя гэтым сувязі паміж імі.
2) Кампактная этнічная група ў іншанацыянальным акружэнні, часам арганізацыйна аформленая. Зямляцкі рух ураджэнцаў Беларусі з сярэдзіны 19 ст. да 1914 развіваўся ў буйных культ. і навук. цэнтрах Расійскай імперыі. Гэта былі пераважна аб’яднанні навучэнскай моладзі і інтэлігенцыі, якія ставілі за мэту займацца культ. і паліт. дзейнасцю, стваралі сістэму матэрыяльнай узаемадапамогі (гл.Круг беларускай народнай прасветы і культуры, Беларускі навукова-літаратурны гурток і інш.). У гады 1-й сусв. вайны 1914—18 свае З. на тэр. Расіі, Украіны, Грузіі і інш. стваралі бел.бежанцы. У 1916—20 на тэр. Беларусі існавалі польск. і рус. З. Пасля грамадз. вайны зямляцкі рух у СССР стаў масавай з’явай і падтрымліваўся парт.-дзярж. структурамі, але ў 1930-я г. пачаў згортвацца. З 1920-х г.бел. зямляцкія згуртаванні дзейнічаюць у многіх краінах свету (гл.Дыяспара беларуская, Эміграцыя). У 1956 у Польшчы заснавана Беларускае грамадска-культурнае таварыства (Беласток). У 1990-я г.бел. зямляцкі рух аднавіўся ў Маскве, С.-Пецярбургу, Таліне, Рызе, Кішынёве, Львове, Алматы, Новасібірску, Якуцку і інш. гарадах у форме бел. нацыянальных культ.-асв. т-ваў, клубаў, гурткоў моладзі. У 1990 створана згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».