ХЕРУ́СКІ (лац. Cherusci),

германскае племя. Паводле Тацыта, Х. жылі па берагах сярэдняга цячэння р. Везер і яе прытокаў; межы іх паселішчаў даходзілі да р. Эльба. У 11 і 9 ст. да н.э. згаданы ўварванні ў валоданні Х. армій Друза і Тыберыя. У 4 н.э. заваяваны рымлянамі. У 9 у Тэўтабургскім лесе (тэр. на ПнЗ Германіі паміж далінамі рэк Везер і Эмс) паўстаўшыя Х. на чале з Армініем разам з інш. герм. плямёнамі ў выніку чатырохдзённай бітвы знішчылі 3 рым. легіёны на чале з палкаводцам Варам. Унутр. разлад і войны з суседнімі плямёнамі прывялі да заняпаду Х., пасля 21 частка іх тэр. падпарадкавана хатамі. У 4 ст. рэшткі Х. увайшлі ў склад саксаў.

А.​Г.​Зельскі.

т. 17, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЫ́,

1) прадстаўнікі вышэйшых пластоў феадалаў у Чэхіі і Польшчы ў 13—14 ст. Лац. адпаведнік у афіц. граматах — «barones». У 14—15 ст. у Польшчы тэрмін «П.» ўсё больш замяняўся тэрмінам «можнаўладцы» або «магнаты».

2) У ВКЛ у 15—16 ст., у час юрыд. афармлення шляхецкага саслоўя, другая пасля князёў група феадалаў, нашчадкі знатных і заможных баяр, якія мелі буйныя маёнткі. Землі належалі П. паводле вотчыннага права («з поўным правам і панствам»). У дакументах 16 ст. згаданы розныя групы П.: П. радныя (паны-рада) — найб. буйныя свецкія і духоўныя землеўласнікі, якія адпаведна сваім дзярж. пасадам засядалі ў Радзе ВКЛ; П. (панове) харугоўныя — буйныя землеўласнікі, якія выходзілі на вайну не ў складзе павятовай шляхты, асобна са сваімі атрадамі васалаў; проста П. (паняты) — заможныя землеўласнікі, якія ў войску выступалі асобнай харугвай. У 2-й пал. 16 ст. паны-рада і князі (княжаты) складалі вышэйшую групу феадалаў ВКЛ — магнатаў. Астатнія П. зліліся з асн. масай шляхецкага саслоўя, якое стала юрыдычна аднастайным. Словам «пан» пры прозвішчы ці імю пачалі называць не толькі шляхціцаў-землеўласнікаў, але і ўсіх прадстаўнікоў шляхецтва. Паступова гэта слова набыло значэнне, адпаведнае рус. слову «господин» — спачатку толькі як абазначэнне гаспадара, валадара, а пазней і як ветлівы зварот да мужчын, незалежна ад іх паходжання і сац. становішча. У апошнім значэнні слова «пан» пры прозвішчы шырока ўжываецца ў Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Літве і на Украіне. Для Беларусі больш характэрна слова «спадар».

Літ.:

Грицкевич А.П. Формирование феодального сословия в Великом княжестве Литовском и его правовые основы (XV—XVI) // Первый Литовский Статут 1529 г. Вильнюс, 1982.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 12, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЦКАЕ КНЯ́СТВА,

1) удзельнае княства Тураўскай зямлі ў 12—14 ст. Цэнтр — г. Слуцк. Вылучылася ў 1160, калі слуцкім князем стаў Уладзімір Мсціславіч, унук Уладзіміра Манамаха. Канчаткова аформілася ў 1190-я г. Тут княжылі нашчадкі тураўскага кн. Юрыя Яраславіча. Гэта дынастыя панавала да канца 14 ст. Апошні князь з яе, Юрый, згаданы ў грамаце 1387. У 1320—30-я г. С.к. разам з інш. княствамі Тураўскай зямлі ўвайшло ў склад ВКЛ.

2) Буйное феад. княства ў ВКЛ. Узнікла ў 1395, калі вял. кн. Вітаўт адабраў у кн. Уладзіміра Альгердавіча Кіеўскае княства і даў яму як кампенсацыю Слуцк і Капыль з навакольнымі землямі ў якасці ўдзельнага княства. Да сярэдзіны 15 ст. цэнтрам княства быў Капыль (гл. Капыльскае княства), пасля Слуцк. Нашчадкі Уладзіміра Альгердавіча, князі Алелькавічы (Слуцкія) валодалі С.к. да 1612. Пасля смерці ў 1612 княгіні Соф’і С.к. перайшло да яе мужа Я.​Радзівіла і заставалася ў родзе Радзівілаў, з перапынкам у 1695—1744, калі знаходзілася ў жаночых нашчадкаў Радзівілаў слуцка-біржанскай лініі, княгінь Нойбургскіх.

С.к. займала тэрыторыю паміж р. Нёман на Пн, р. Лань на З, р. Пціч на У і р. Прыпяць на Пд; уключала гарады і мястэчкі Слуцк, Капыль, Цімкавічы, Грэск, Таль, Пагост, Любань, у 16 ст. — і Петрыкаў. Да 16 ст. яно знаходзілася ў васальнай залежнасці ад велікакняжацкай улады. Кіраваў С.к. князь з дапамогай баярскай рады. У слуцкага князя былі свае васалы — князі, баяры і слугі путныя, якія атрымлівалі за службу (вайсковую і адміністрацыйную) маёнткі. У валасцях кіравалі намеснікі князя. У 16 ст. С.к. паступова ператварылася ў вял. феад. вотчыну, але захавала рысы ўдзельнага княства. Да канца 18 ст. заставалася унікальнай адм.-тэр. адзінкай ВКЛ. З 1507 уваходзіла ў Новагародскі пав. і адначасова захоўвала ў адм., суд. і вайск. структурах свае асобныя ўстановы, якія падпарадкоўваліся слуцкаму князю. У 1791 С.к. скасавана, замест яго створаны Случарэцкі павет.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 15, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)