МІХА́ЙЛАЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (26.4.1888, г. Маршанск Тамбоўскай вобл., Расія — 29.9.1983),
расійскі астраном і гравіметрыст. Акад.АНСССР (1964; чл.-кар. 1943). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Маскоўскі ун-т (1911), дзе і працаваў з 1914 (у 1918—48 праф.). З 1947 у Гал.астр. абсерваторыі АНСССР (да 1964 дырэктар). У 1939—62 старшыня Астр. савета АНСССР, у 1934—60 прэзідэнт Усесаюзнага астранома-геад.т-ва. Навук. працы па тэорыі зацьменняў, тэорыі фігуры Зямлі, складанні зорных карт і каталогаў. Распрацаваў тэорыю зацьменняў Сонца, перадвылічыў абставіны 8 зацьменняў, праходжання планет па дыску Сонца, пакрыцця зорак Месяцам і інш. Удзельнік многіх гравіметрычных даследаванняў і экспедыцый па назіранні сонечных зацьменняў.
Тв.:
Теория затмений. 2 изд. М., 1954;
Звездный атлас, содержащий звезды до 8,25 величины. 3 изд. Л., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РНЫЯ КА́РТЫ,
адлюстраванні зорнага неба ці яго часткі на плоскасці пры дапамозе пэўнай картаграфічнай праекцыі, градуснай сеткі ў адпаведным маштабе.
Самыя старажытныя З.к. былі вядомыя ў Вавілоне і Егіпце. У Еўропе выкарыстоўваюцца з 13 ст. Адрозніваюць рысаваныя і фатаграфічныя З.к. На рысаваных зоркі вычэрчваюць па каардынатах, узятых з зорных каталогаў, абазначаюць кружочкамі розных дыяметраў у залежнасці ад бляску зоркі; падвойныя і пераменныя зоркі, зорныя скопішчы, туманнасці адзначаюць спец. знакамі (гл. карту да арт.Зорнае неба). Фатаграфічныя З.к. (больш падрабязныя і распаўсюджаныя) — адбіткі з астрафатаграфій з нанясеннем на іх градуснай сеткі. Камплект З.к. сумежных участкаў неба, якія пакрываюць усё неба ці некат. яго частку, наз. зорным атласам. Першы атлас зорак, бачных простым вокам, апублікаваў у 1603 ням. астраном А.Баер («Уранаметрыя»). Першую на рус. мове зорную карту выдаў у Амстэрдаме І.Ф.Капіевіч (1699). Найб. распаўсюджанне атрымалі «Атлас паўночнага зорнага неба» на аснове «Бонскага агляду» і атлас паўд. неба на аснове «Кордаўскага агляду». З.к. і атласамі карыстаюцца пры астр. назіраннях. Т.зв. рухомыя карты зорнага неба даюць магчымасць хутка вызначаць, якія сузор’і відаць над гарызонтам для любой шыраты ў любы момант часу.
Літ.:
Михайлов А.А. Звездный атлас. 4 изд. М.; Л., 1965.