ГАЛАНТАРЭ́Я (франц. galanterie літар. ветлівасць, далікатнасць),
гандлёвая назва прадметаў упрыгожання, туалету і асабістага ўжытку. Асартымент галантарэі з улікам зыходных матэрыялаў зведзены ў групы: тэкстыльную (стужкі, тасьмы, гальштукі і інш.), з пластычных мас (грабяні, гузікі і інш.), металічныя (брошкі, спражкі і інш.), скураныя (пальчаткі, рамяні паясныя і інш.), шчоткі і люстэркі.
т. 4, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЁННАЯ ПАЛА́ТА,
губернскі орган Мін-ва фінансаў па дэпартаменце дзярж. казначэйства Рас. імперыі ў 1775—1917. Складалася з кіраўніка (да 1845 ім быў віцэ-губернатар, пазней — прызначаны старшыня) і паўкалегіяльнай канцылярыі з назначаных дарадцаў, асэсараў, губ. казначэя. Мела аддзяленні: гаспадарчае, лясное, піцейных збораў, казначэйскае, кантрольнае. У выніку рэформы 1863 функцыі К.п. зведзены да вузка фінансавых пытанняў (размеркаванне прамых падаткаў, таргі на казённыя падрады, рэвізія казначэйстваў).
В.В.Швед.
т. 7, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСЕРВА́ТЫ́ЎНАЯ СІСТЭ́МА,
механічная сістэма, у час руху якой сума яе патэнцыяльнай і кінетычнай энергій застаецца пастаяннай (выконваецца закон захавання поўнай мех. энергіі). К. с. будзе кожная мех. сістэма, калі знешнія сілы, што дзейнічаюць на яе, не мяняюцца з цягам часу і з’яўляюцца патэнцыяльнымі (кансерватыўнымі), а ўсе ўнутр. сілы таксама патэнцыяльныя. Прыкладам К.с. можа быць матэм. маятнік, калі сіла трэння ў падвесе і сіла супраціўлення паветра (асяроддзя) зведзены да мінімальна магчымага значэння. Гл. таксама Дысіпатыўная сістэма.
т. 7, с. 591
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІ́ПУЛА (ад лац. manipulus poeni пучок сена, замацаваны і падняты на кап’і, што азначала каманду і месца збору асабовага складу, або manus рука — знак камандзіра ў стараж. рымлян),
тактычнае падраздзяленне пяхоты ў рым. легіёне. Склалася ў 5 ст. да н.э. ў сувязі з неабходнасцю расчлянення фалангі на больш рухомыя дробныя атрады, здольныя манеўраваць у час бою. Колькасць чал. у М. мянялася ад 50 да 120. М. падзялялася на 2 цэнтурыі. У 107 да н.э. ў выніку ваен. рэформы Г.Марыя М. зведзены ў кагорты (тактычнае падраздзяленне колькасцю 360—600 чал.).
т. 10, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫ́ШСКІЯ СТРАЛКІ́,
ваеннаслужачыя латышскіх фарміраванняў рас. арміі, створаных у 1915 у час 1-й сусв. вайны для абароны Прыбалтыкі ад герм. войск. У 1916 разгорнуты ў стралк. дывізію. З мая 1917 знаходзіліся пад уплывам бальшавікоў. Л.с. актыўна ўдзельнічалі ў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, у грамадз. вайне, падаўленні антысав. выступленняў, у т. л. Доўбар-Мусніцкага мяцяжу 1918, ахоўвалі сав. ўрад у Маскоўскім Крамлі. У крас. 1918 з Л.с. сфарміравана 1-я Лат. стралк. дывізія, у пач. 1919 яна разгорнута ў Армію Сав. Латвіі. Пасля паражэнняў улетку 1919 зноў зведзены ў дывізію, якая ў ліст. 1920 расфарміравана.
Літ.:
История латышских стрелков (1915—1920): Пер. с латыш. Рига, 1972;
Революционные латышские стрелки (1917—1920). Рига, 1980.
т. 9, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́Я ВЕ́РХНЯЯ,
прыродная вобласць Зах. Афрыкі, уздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. і Гвінейскага зал., паміж 10 — 12° паўн. ш. на Пн і 9—10° усх. д. на У. Большую ч. тэр. займае Паўночна-Гвінейскае ўзвышша, пераважныя выш. 500—1000 м, найб. — да 1948 м (г. Бінтымані). Уздоўж акіяна цягнецца нізінная раўніна шыр. 50—200 км. Клімат экватарыяльны і экватарыяльны мусонны. Сярэднямесячная т-ра 21 — 29 °C, ападкаў ад 1000—1500 мм на Пн да 3000—4000 мм на прыморскай нізіне. Шматлікія мнагаводныя рэкі, самыя вялікія — Нігер, Вольта. Ва ўнутр. раёнах Гвінеі Верхняй высакатраўныя саванны на чырвоных фералітных глебах, па далінах рэк галерэйныя лясы. Вільготныя трапічныя і лістападныя лясы прыбярэжнай раўніны значна зведзены; на забалочаных узбярэжжах мангравыя лясы і хмызнякі. У межах Гвінеі Верхняй поўнасцю або часткова размешчаны Гвінея-Бісау, Гвінея, Сьера-Леоне, Ліберыя, Кот-д’Івуар, Гана, Тога, Бенін, Нігерыя.
т. 5, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СУХІ́ ЗАКО́Н»,
закон аб забароне вытворчасці і продажу спіртных напіткаў. Дзейнічаў у ЗША (1920—33) і ў некаторых інш. дзяржавах. У ЗША, Ісландыі, Фінляндыі і інш. «С.з.» не прывёў да жаданай мэты. У Бельгіі, Францыі, Нарвегіі і інш. у розны час уводзіліся забараняльныя законы на напіткі пэўнага мацунку. У Швецыі з 1865 дзейнічала т.зв. Гатэнбургская сістэма, якая пазней з відазмяненнямі была ўведзена ў інш. скандынаўскіх краінах. Паводле гэтай сістэмы продаж спіртных напіткаў дазваляўся толькі адначасова з гарачай ежай, а рэстаратар атрымліваў даход выключна ад продажу харч. прадуктаў. З 1919 замест Гатэнбургскай была ўведзена картачная сістэма (т.зв. сістэма Брата), якая абмяжоўвала ўжыванне спіртных напіткаў да 4 л у месяц. У 1955—57 сістэма Брата адмерла, а «шведскі дэпартамент цвярозасці» фактычна быў зведзены на становішча статыстычнай установы. У Расіі забарона вытв-сці і продажу спіртных напіткаў была ўведзена ў 1914 і дзейнічала да 1925. Аднак забараняльныя меры прывялі да таго, што ў абход закона замест віна і гарэлкі сталі ўжываць розныя сурагаты, якія аказвалі яшчэ больш шкоднае ўздзеянне на арганізм. Чарговая спроба выкараніць п’янства і алкагалізм у б. СССР была зроблена ў 1980-я г. ў час праўлення М.С.Гарбачова. Яна пацягнула паўсюднае знішчэнне элітных вінаграднікаў і ажыятажны попыт на алкагольныя напіткі.
Г.А.Маслыка.
т. 15, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБТРАПІ́ЧНЫЯ ПАЯСЫ́, субтропікі,
прыродныя геагр. паясы ў Паўн. і Паўд. паўшар’ях Зямлі паміж трапічнымі паясамі і ўмеранымі паясамі. Размешчаны ў межах 30—40° паўн. і паўд. ш. Характарызуюцца чаргаваннем тэрмічных рэжымаў па паўгоддзях, перавагай трапічных пасатных паветраных мас летам і цыкланальнай цыркуляцыі ўмеранага пояса зімой, радыяцыйным балансам 70—100 ккал/см² за год. Пераважае субтрапічны клімат. Сярэднемесячныя т-ры паветра летам 20 °C і больш, зімой 4 °C і больш, што дазваляе бесперапынную вегетацыю раслін. Зімой магчымы замаразкі і невял. маразы (да -10 °C). На сушы С.п. колькасць ападкаў і кантынентальнасць клімату мяняюцца ад прыакіянічных раёнаў да ўнутрымацерыковых, што вызначае ландшафтныя адрозненні ў фарміраванні прыродных зон. На кожным з мацерыкоў у С.п. вылучаюцца 3 асн. сектары: зах. прыакіянічны (міжземнаморскі) з сухім летам і вільготнай зімой; унутрыкантынент. з бедным увільгатненнем; усх. прыакіянічны (мусонны) з багатым летнім увільгатненнем. Глебы і расліннасць мяняюцца ад вільготных вечназялёных і шыракалістых лясоў на чырваназёмах і жаўтазёмах да мусонных і цвердалістых лясоў, хмызнякоў і субтрапічных стэпаў на карычневых і шэра-карычневых глебах, ксерафітных рэдкалессяў, паўпустынь і пустынь на шэра-бурых глебах і шэразёмах. Тэрыторыя С.п. здаўна гаспадарча асвоена: лясы моцна зведзены, вял. плошчы займаюць ворныя землі і плантацыі (вырошчваюць рыс, бавоўнік, чай, цытрусавыя, арахіс і інш.). Акіян у межах С.п. адрозніваецца высокай т-рай (у сярэднім 15—16 °C) і салёнасцю вады, нязначнай колькасцю прамысл. рыб.
М.В.Лаўрыновіч.
т. 15, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ФРАНЦУ́ЗСКІ МАСІ́Ў, Цэнтральны масіў (Massif Central),
горны масіў у цэнтры і на Пд Францыі. Базальтавыя плато і цокальныя пласкагор’і, над якімі ўзвышаюцца конусы стараж. патухлых вулканаў. Выш. да 1886 м (г. Пюі-дэ-Сансі). На Пд карставае плато Кос, на ПдУ горы Севены, на Пн і ПнЗ пласкагор’і Марван, Лімузен, Мільваш і інш.
Адзін з найбуйн. стараж. масіваў, уваходзіць у склад Заходне-Еўрапейскай маладой платформы. Фарміраваўся пад уплывам шматлікіх праяўленняў складкавасці, магматызму і метамарфізму. Паўн. ч. (Авернскае ядро) складзена з крышт. сланцаў, змятых у складкі ў дакембрыі, пранізаных гранітнымі інтрузіямі. Кансалідаваны ў каменнавугальны перыяд. У кайназойскую эру ў выніку агульнага падняцця раскалоўся на шматлікія глыбы, стаў арэнай інтэнсіўнага вулканізму. Радовішчы уранавых руд, каменных вуглёў, буд. матэрыялаў і інш. Клімат умераны, акіянічнага тыпу. Лета халаднаватае (сярэдняя т-ра ліп. 11—16 °C), зімой маразы і снегапады чаргуюцца з адлігамі (сярэдняя т-ра студз. 0 °C). Ападкаў на наветраных схілах выпадае 1200—1500 мм за год, у катлавінах — 500—700 мм. У Ц.ф.м. бяруць пачатак шматлікія рэкі Францыі (Луара, правыя прытокі Гароны, Роны і інш.). Да выш. 1000—1200 м шыракалістыя (дуб, бук, каштан) і хвойныя лясы, да 1400 м — піхтавыя лясы, якія вышэй змяняюцца хмызнякамі і альпійскімі лугамі. Лясы амаль зведзены, укрываюць 10—15% плошчы, чаргуюцца з с.-г. ўгоддзямі і лугамі. На плато Кос стэпавыя лугі, на паўд. і паўд.-ўсх. схілах зараснікі хмызняку тыпу гарыга. Мінер. крыніцы, курорты (Вішы, Мон-Дор і інш.).
т. 17, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНЫЯ РАЎНІ́НЫ.
У Паўн. Амерыцы (на тэр. ЗША і Канады) паміж Апалачамі на У, Вялікімі раўнінамі на 3, Лаўрэнційскім узв. на Пн і ПнУ і Прымексіканскай нізінай на Пд. Пераважаюць выш. 150—500 м. Ц.р. адпавядаюць паўд. ч. Паўночна-Амерыканскай платформы. Радовішчы кам. вугалю, нафты, газу, кухоннай солі, свінцова-цынкавых руд і барыту.
Паўн. ч. Ц.р. фарміравалася пад уздзеяннем антрапагенавых зледзяненняў. Тут пашыраны марэнна-ўзгорысты рэльеф са шматлікімі азёрамі тэктона-ледавіковага паходжання (Вялікія азёры, Вініпег, Вініпегосіс, Манітоба і інш.). На Пд ад мяжы стараж. зледзяненняў распасціраюцца зандравая раўніна, укрытая лёсамі, парэзаная ярамі, і ўзвышаная раўніна, дзе выхады вапнякоў на паверхню ўтвараюць сталовыя плато (напр., Озарк) з эразійнымі і карставымі формамі. На Пд плато Озарк горы Бостан (выш. да 825 м). Клімат умерана кантынент., на крайнім Пд — субтрапічны. Сярэдняя т-ра студз. ад -20 °C на Пн да 4 °C на Пд, ліп. адпаведна 19 і 26 °C. Ападкаў 400—1200 мм за год. Б.ч. тэрыторыі раўнін у межах бас. р. Місісіпі, якая разам з прытокамі ўтварае разгалінаваную сістэму водных шляхоў. На Пн рэкі Св. Лаўрэнція і Нельсан. Глебы бурыя, лясныя і чарназёмападобныя. На Пн участкі мяшаных лясоў з дуба, клёна, ліпы, гемлока, елкі і хвоі. На марэнных узгорках ялова-піхтавыя лясы, па далінах рэк — дубова-гікорыевыя зараснікі. На Пд Ц.р. зона высакатраўных прэрый, якія амаль што зведзены ў выніку разворвання і засялення тэрыторыі. Ц.р. — адзін з гал. с.-г. раёнаў ЗША і Канады (збожжавая гаспадарка і жывёлагадоўля), больш за 3/4 тэр. пад ворывам і пашамі.
М.В.Лаўрыновіч.
т. 17, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)