Зварныя канструкцыі 4/307, 543, 544, 583; 6/34

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАРНЫ́Я КАНСТРУ́КЦЫІ,

металічныя канструкцыі будынкаў і збудаванняў, элементы якіх злучаны зваркай. У параўнанні з кляпанымі канструкцыямі маюць паніжаны расход металу, меншы кошт вырабу, большую герметычнасць швоў (што асабліва важна для трубаправодаў, рэзервуараў і г.д.). Недахопы: наяўнасць унутраных напружанняў і дэфармацый, карабачанне тонкіх элементаў. З.к. робяць пераважна дугавой зваркай, элементы значнай таўшчыні (30—50 мм і больш) — электрашлакавай зваркай.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУЧЭ́ННІ ў тэхніцы,

сувязі дэталей у вузлах машын, механізмаў, прылад, буд. канструкцый. Бываюць нерухомыя і рухомыя (пераважна ў машынах, вызначаюцца іх кінематыкай, напр., вал у падшыпніку). Нерухомыя З. падзяляюцца на раздымныя (дапускаюць паўторную зборку і разборку дэталей без іх пашкоджання і разбурэння) і нераздымныя (без магчымасці іх разборкі).

Да раздымных З. адносяцца: вінтавыя злучэнні, балтавыя, зубчастыя (шліцавыя), клемавыя, шпоначныя, баянетныя (гл. Баянет), З. штыфтамі і інш.; да нераздымных — зварныя злучэнні, заклёпачныя злучэнні, паяныя, прэсавыя, зробленыя вальцаваннем, скруткай, камбінаваныя. Асн. З. ў стальных канструкцыях — зварныя (найб. пашыраны), заклёпачныя і балтавыя; у драўляных — на ўрубках, шпонках, нагелях, балтах, шрубах, цвіках, клямарах, клеях; у зборных жалезабетонных канструкцыях — пераважна зварныя (зварваюцца выпускі арматуры або закладных дэталей з наступным заманалічваннем бетонам), часам балтавыя. З. шырока выкарыстоўваюцца ў прылада- і машынабудаванні, прамысл. і грамадз. буд-ве і інш.

Злучэнні дэталей і канструкцый: 1 — балтовае; 2 — шпоначнае; 3 — шліцавае (зубчастае); 4 — зварное; 5 — заклёпачнае; 6 — шрубамі.

т. 7, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТАВЫ́Я КАНСТРУ́КЦЫІ,

танкасценныя прасторавыя канструкцыі з ліставога металу. Выкарыстоўваюцца пераважна для буд-ва ёмістасцей рознага прызначэння (рэзервуараў, газгольдэраў, бункераў, трубаправодаў вял. дыяметраў і інш.).

Элементы Л.к. — цыліндрычныя, сферычныя, канічныя і інш. абалонкі, плоскія пласціны. Канструкцыі амаль заўсёды зварныя: невял. памераў зварваюць і манціруюць на месцы, вял. памераў (негабарытныя) скручваюць у рулоны, а на мантажнай пляцоўцы разгортваюць і манціруюць.

т. 9, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́КА ў ліцейнай вытворчасці,

прыстасаванне ў выглядзе жорсткай рамы (адкрытай скрынкі), якое запаўняецца фармовачнай сумессю для атрымання ліцейнай формы. Апокі бываюць: прамавугольныя, круглыя і фасонныя; суцэльналітыя і зварныя; ручныя, кранавыя і камбінаваныя (з ручным і кранавым пад’ёмам). Вырабляюцца са сталі, чыгуну, алюмініевых і інш. сплаваў. З апокі фармовачную сумесь выбіваюць на вібрацыйных машынах.

Апока ў ліцейнай вытворчасці: а — круглая; б — прамавугольная.

т. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́НКЕР (ням. Senker),

металарэзны інструмент для павелічэння дыяметра або памяншэння шурпатасці (чыставой апрацоўкі) гатовых цыліндрычных адтулін, атрыманых свідраваннем, штампоўкай або ліццём. У адрозненне ад свердла мае ад З да 6 рэжучых кантаў. Адрозніваюць З. суцэльныя, насадныя (з напаянымі пласцінкамі з цвёрдага сплаву), зварныя (з прываранымі хваставікамі з вугляродзістай канструкцыйнай сталі), зборныя (са зменных рэжучых частак і корпуса). Апрацоўку З. (зенкераванне) робяць на свідравальных, рэвальверных і вертыкальна-фрэзерных станках.

Зенкеры: 1 — суцэльны; 2 — насадны; 3 — зборны камбінаваны.

т. 7, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЁМНЫ МО́ДУЛЬ,

функцыянальны вузел электроннага прыстасавання, у якім дыскрэтныя элементы (паўправадніковыя прылады, рэзістары, кандэнсатары і інш.) размешчаны паралельна адзін аднаму і перпендыкулярна плоскасці іх злучэння ў эл. ланцугі адпаведна схеме. Бываюць зварныя (вывады элементаў злучаны зваркай), калончатыя (элементы паміж друкавальнымі платамі), сотавыя (элементы ў спец. гнёздах з ізаляцыйнага матэрыялу) і інш. Аб’ёмны модуль аднаго тыпу маюць аднолькавыя ці кратныя геам. памеры і ўтвараюць сістэму модуляў, дапасаваных паміж сабой па эл. параметрах.

Аб’ёмны модуль (без кажуха) — узмацняльнік гукавых частот: 1 — верхняя друкавальная плата; 2 — рэзістары; 3 — металічная перамычка паміж друкавальнымі платамі; 4 — кандэнсатар; 5 — ніжняя друкавальная плата; 6 — вывады; 7 — транзістар.

т. 1, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТА́ЛІ МАШЫ́Н,

1) асобныя састаўныя часткі і іх найпрасцейшыя злучэнні ў машынах, прыладах, апаратах, прыстасаваннях. Робяцца з аднаго матэрыялу без выкарыстання зборачных аперацый.

Да Д.м. адносяцца валы, восі, спружыны, падшыпнікі, муфты, шпіндэлі, поршні, шасцерні, балты, заклёпкі, шпонкі і інш., а таксама злучэнні (раздымныя — балтовыя, шпоначныя, шліцавыя, клінавыя, профільныя; нераздымныя — зварныя, заклёпачныя, прэсавыя), перадачы (трэннем — фрыкцыйныя і раменныя; счапленнем — зубчастыя, вінтавыя, чарвячныя, ланцуговыя).

2) Навук. дысцыпліна, якая вывучае тэорыю, разлікі і канструяванне Д.м. Яе задачы: выбар матэрыялаў для вырабу дэталей; наданне дэталям мэтазгодных форм і памераў, якія забяспечваюць трываласць канструкцый; вызначэнне ступені дакладнасці памераў, якасці рабочых паверхняў дэталей; распрацоўка тэхн. умоў на выраб Д.м. і інш. Звязана з механізмаў і машын тэорыяй, супраціўленнем матэрыялаў, матэрыялазнаўствам, тэхнічнай дыягностыкай, надзейнасцю вырабаў, тэхн. чарчэннем.

Літ.:

Детали машин. Расчет и конструирование: Справ. Т. 1—3. 3 изд. М., 1968—69.

т. 6, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́КУУМНАЯ ТЭ́ХНІКА,

апаратура, прызначаная для стварэння, падтрымання, выкарыстання і вымярэння вакууму. Да вакуумнай тэхнікі адносяцца металічныя (часам шкляныя) вакуумныя ўстаноўкі (рабочыя камеры) з вакуумнымі помпамі; вакуумная арматура (клапаны, вентылі, краны, засаўкі, нацякальнікі і інш.); сродкі вымярэння ціску (вакуумметры), цечашукальнікі (заснаваныя на выяўленні пробных рэчываў).

Устаноўкі абсталёўваюць таксама вакуумнымі пячамі, вакуумфільтрамі, электрычнымі, электроннымі і інш. прыладамі. Вял. значэнне ў вакуумнай тэхніцы маюць вакуумна-шчыльныя злучэнні (раздымныя, паяныя, зварныя). Вакуумная тэхніка шырока выкарыстоўваецца ў электроніцы (напр., вакуумная напыляльная тэхніка), фізіцы цвёрдага цела і плазмы, ядз. фізіцы, паскаральнай тэхніцы, металургіі (гл. Вакуумная металургія), розных тэхнал. працэсах (пры вакуумаванні бетону, сталі і матэрыялаў, вакуум-фармаванні вырабаў з тэрмапластаў, нанясенні на вырабы вакуумных пакрыццяў, зварцы і пайцы металаў, сушцы метадам сублімацыі тэрмаадчувальных рэчываў, атрыманні звышчыстых матэрыялаў і інш.). У вял. вакуумных камерах імітуюць умовы касм. прасторы.

Літ.:

Розанов Л.Н. Вакуумная техника. М., 1982;

Кузьмин В.В., Левина Л.Е., Творогов И.В. Вакуумметрическая аппаратура техники высокого вакуума и течеискания. М., 1984.

У.М.Сацута.

т. 3, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНАЯ ЗВА́РКА І РЭ́ЗКА,

дугавая зварка і кіслародная, электракіслародная, плазменная (электрадугавая) рэзка металаў пад вадой. Выкарыстоўваюцца пры буд-ве і рамонце падводнай ч. суднаў, нафта- і газаправодаў, шлюзаў, плацін, партовых і інш. гідратэхн. збудаванняў.

Пры «мокрым» спосабе падводнай зваркі выкарыстоўваюць стальныя электроды, пакрытыя слоем воданепранікальнай абмазкі. Пры зварцы частка абмазкі, што выступае, засцерагае ад вады эл. дугу, якая ўстойліва гарыць у парагазавым пузыры, што ўтвараецца пад уздзеяннем цяпла дугавога разраду. «Мокры» спосаб з выкарыстаннем спец. паўаўтаматычнага прыстасавання распрацаваны ў Ін-це электразваркі АН Украіны (1965). Дае магчымасць атрымаць трывалыя зварныя швы. «Сухім» спосабам зварваюць металы ў спец. камерах, спушчаных пад ваду. Пры падводнай рэзцы рэзальныя апараты таксама ствараюць магутныя цеплавыя палі, якія кампенсуюць ахаладжальнае дзеянне воднага асяроддзя. П.з. і р. ўпершыню даследаваны і ажыццёўлены ў СССР (1932) пад кіраўніцтвам акад. АН Украіны К.К.Хрэнава.

Да арт. Падводная зварка і рэзка. Падводная зварка «мокрым» спосабам: 1 — парагазавы пузыр; 2 — воданепранікальная абмазка; 3 — электрод; 4 — электрычная дуга.

т. 11, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)