Зборна-маналітныя канструкцыі 4/540

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБО́РНА-МАНАЛІ́ТНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

будаўнічыя канструкцыі, паасобныя элементы якіх, загадзя зробленыя на заводах і палігонах, злучаюць (маналіцяць) у адно цэлае на месцы буд-ва з дапамогай маналітнага бетону. Гл. Жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, Зборныя канструкцыі.

т. 7, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫШТАВА́ННІ,

часовыя дапаможныя прыстасаванні (канструкцыі) для размяшчэння на неабходнай вышыні рабочых, інструментаў, матэрыялаў пры выкананні буд. і мантажных работ. Бываюць зборна-разборныя (інвентарныя стоечныя, падвесныя і інш.) і перасоўныя самаходныя. Робяцца з метал. труб з раздымнымі злучэннямі элементаў, са стальных стрыжняў і канатаў (струн), насцілаў, агараджэнняў. Прасцейшыя Р. — драўляны насціл на стойках.

Рыштаванні самаходныя ВА «Белкамунмаш».

т. 13, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОК (галанд. dok, англ. dock),

1) збудаванне для агляду і рамонту падводнай часткі суднаў або для іх пабудовы. Бываюць сухія, наліўныя і плывучыя. Звычайна з’яўляюцца часткай верфі або суднарамонтнага прадпрыемства.

2) Штучны партовы басейн з затворам, прызначаны для стаянкі суднаў пад пагрузкай-разгрузкай у месцах з вял. прыліўна-адліўнымі ваганнямі ўзроўню мора.

3) Зборна-разборнае збудаванне для тэхн. абслугоўвання вял. лятальных апаратаў (пераважна дырыжабляў).

Док плывучы.

т. 6, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГА́Р (франц. hangar),

закрытае збудаванне для трымання, тэхн. абслугоўвання і рамонту лятальных апаратаў. Бываюць наземныя (найчасцей), падземныя і на вадзе; стацыянарныя (на аэрадромах, будуюцца з метал. або жалезабетонных нясучых канструкцый), часовыя (звычайна драўляныя) і зборна-разборныя для палявых аэрадромаў (канструкцыі са сталі, лёгкіх сплаваў і пластмас). Аснашчаюцца пад’ёмна-трансп. абсталяваннем, сродкамі сувязі, аўтам. пажаратушэння і інш. Пралёты ангараў да 150 м, выш. да 40 м. Вял. ангары складаюцца з некалькіх секцый.

т. 1, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКІ ЗАВО́Д СТАНКАПРЫЛА́Д.

Створаны ў г. Баранавічы ў 1946 як арцель «Чырвоны металіст». Рамантавала веласіпеды, прымусы, гадзіннікі і пішучыя машынкі, выпускала электраматоры і інш. З 1955 з-д станкапрылад, выпускае і распрацоўвае (з 1966) абсталяванне для станкабуд. прам-сці. З 1994 адкрытае акц. т-ва. Асн. цэхі: мех., зборна-малярны, кавальска-тэрмічны, пнеўмапатронаў, рамонтна-мех., інструментальны, ліцейны ўчастак. Выпускае (1995): ціскі станочныя, патроны такарныя 3-кулачковыя з ручным і механізаваным прыводамі, сталы паваротныя, круглыя з ручным і механізаваным прыводамі, гарызантальна-вертыкальныя, электрамех. заціскальныя галоўкі, пілы, тэрмапластааўтаматы, дрылі ручныя і інш.

С.​А.​Казак-Антаневіч.

т. 2, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЛО́НКА ў будаўніцтве і тэхніцы,

прасторавая канструкцыя, абмежаваная 2 крывалінейнымі паверхнямі, адлегласць паміж якімі (таўшчыня абалонкі) малая ў параўнанні з астатнімі памерамі. У залежнасці ад геаметрыі паверхні адрозніваюць абалонку: дадатнай (сферычныя, эліпсоідныя), нулявой (цыліндрычныя, канічныя) і адмоўнай (гіпербалічныя) крывізны. Бываюць тонка- і таўстасценныя; адна-, двух- і шматслойныя; маналітныя, зборныя, зборна-маналітныя і інш. Вырабляюць абалонку з жалезабетону, сталі, лёгкіх сплаваў, пластмасы, драўніны і інш. Выкарыстоўваюць у пакрыццях і перакрыццях будынкаў, у канструкцыях лятальных апаратаў, ракет, суднаў, рэзервуараў, частак машын і інш.

Тыпы паверхняў абалонак у будаўніцтве: 1 — дадатнай, 2 — адмоўнай, 3 — нулявой крывізны.

т. 1, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАКРЫ́ЦЦЕ,

1) у будаўніцтве — унутраная гарыз. агараджальная канструкцыя, якая раздзяляе па вышыні сумежныя памяшканні будынка. Адрозніваюць П. міжпаверхавае, паддашкавае, падвальнае, над праездамі і інш. Бываюць жалезабетонныя (у выглядзе зборных канструкцый, маналітных канструкцый, зборна-маналітных), на стальных бэльках, драўляныя, камбінаваныя. Найчасцей П. — комплексная канструкцыя з нясучай часткі (пліты, бэлькі), ізаляцыйных слаёў, падлогі, часам столі (як самаст. элемента П.).

2) У горнай справе — раздзяляльная канструкцыя, якая выкарыстоўваецца пры падземнай распрацоўцы пластоў карысных выкапняў вял. магутнасці. Раздзяляе пласты карыснага выкапня, які здабываецца, і абваленай горнай пароды. Бываюць шчытавыя (з жалезабетонных бэлек, труб), гнуткія (метал., палімерныя), міжпластавыя (насціл з бетонных пліт, метал. сеткі і інш.).

т. 12, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРАДЖА́ЛЬНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

будаўнічыя канструкцыі, якія складаюць вонкавую частку будынкаў ці падзяляюць іх на асобныя памяшканні. Засцерагаюць будынкі ад вільгаці, ветру, шуму, т-ры. Часта адначасова выконваюць функцыі нясучых канструкцый. Адрозніваюць вертыкальныя (сцены, перагародкі) і гарызантальныя (перакрыцці, пакрыцці, дахі).

Паводле канструкцыі агараджальныя канструкцыі бываюць: маналітныя, зборныя і зборна-маналітныя; простыя (аднаслойныя) і комплексныя (мнагаслойныя); з дробных (пліт, шчытоў, насцілаў) і буйнапамерных (буйнаблочныя, буйнапанельныя і каркасна-панельныя) элементаў. Робяць з бетону, жалезабетону, армацэменту, сталі, алюмініевых сплаваў, цэглы, каменю, драўніны, шкла, пластмасаў, паветранепранікальных тканін і плёнак і інш. Асн. патрабаванні да агараджальных канструкцый — мех. трываласць, жорсткасць, вільгаце-, вогне- і марозаўстойлівасць, даўгавечнасць, арх. выразнасць. Удасканаленне агараджальных канструкцый ідзе ў бок змяншэння іх масы і кошту, паляпшэння цеплафіз. уласцівасцяў і канструкцыйных вырашэнняў, павышэння ступені заводскай гатоўнасці.

т. 1, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНО́ВІЧ (Іван Іосіфавіч) (н. 18.4.1929, в. Цырын Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне дарожнага буд-ва і прамысл. транспарту. Д-р тэхн. н. (1974), праф. (1970). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1981). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1953). З 1962 у Бел. тэхнал. ін-це. У 1968—84 нам. міністра вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі, з 1980 у БПЛ. Навук. працы па праблемах прамысл. транспарту, буд-ве і эксплуатацыі аўтамаб. дарог, дарожным матэрыялазнаўстве і механіцы дарожных збудаванняў, тэорыі разліку зборна-разборных дарожных пакрыццяў, экалаг. маніторынгу.

Тв.:

Дорожное грунтоведение с основами механики грунтов. Мн., 1977 (разам з М.​П.​Вырко);

Основы строительного дела. Мн., 1980 (у сааўт.);

Дорожно-строительные материалы. Мн., 1983 (разам з К.​Ф.​Шумчыкам);

Дорожная климатология. Мн., 1994.

т. 9, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)