Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБАРО́Ў,
вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на левым беразе р. Дняпро, на аўтадарозе, якая злучае вёску з Рагачовам. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 115 км ад Гомеля. 515 ж., 217 двароў (1997). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля вёскі археал. помнік і геалагічнае агаленне Збароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБАРО́Ў,
гарадзішча жалезнага веку і эпохі Кіеўскай Русі каля в.Збароў Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл., на левым беразе Дняпра. Пляцоўка ўмацавана валам і ровам. Выяўлены рэшткі паўзямлянкавага жытла мілаградскай культуры, у культурным пласце эпохі Кіеўскай Русі — рэшткі наземнага жытла з глінабітнай печчу, сляды сцен 2-камернай пабудовы. Знойдзены фрагменты ляпной і ганчарнай керамікі, кавалкі бронзавых і шкляных бранзалетаў, бронзавы энкалпіён і інш. На думку археолага Г.Ф.Салаўёвай, у 12 ст. гарадзішча было рэзідэнцыяй рагачоўскіх князёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБАРО́Ў, Крупелка,
геалагічнае агаленне адкладаў лоеўскага міжстадыялу і муравінскага міжледавікоўя ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., каля в.Збароў, на левым беразе р. Дняпро; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Магутнасць азёрна-старычных (супескі, алеўрыты, мергель) адкладаў 2,3 м, якія агаляюцца на працягу 30 м. Адклады залягаюць у паніжэнні паверхні дняпроўскай марэны і перакрываюцца дэлювіяльнымі супескамі, змяшчаюць рэшткі выкапнёвых раслін (споры, пылок, насенне), сярод якіх выяўлены 75 відаў дрэў, хмызнякоў і травяністых раслін (хвоя, елка, лістоўніца, бяроза, вярба, бразенія, наяда, ірдзесты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СІПАЎ (Кірыла Нічыпаравіч) (15.2.1907, в.Збароў Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 16.8.1975),
Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў артыл. вучылішча (1935), Вышэйшую афіцэрскую артыл. школу (1947). У Чырв. Арміі з 1929. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну на фронце з 1941: сакратар партбюро артыл. палка, ст. палітрук. У ліп. 1941 у складзе «лясной дывізіі» на чале з ген.-лейт. І.В.Болдзіным прабіваўся з Навагрудскага«катла» на У. У 1942—43 у штабе партыз. руху пры Ваен. савеце Зах. фронту. Ўдзельнік вызвалення Беларусі, баёў ва Усх. Прусіі, вайны з Японіяй. Да 1965 у Сав. Арміі, да 1974 на грамадскай рабоце.