ПАЦЯРПЕ́ЛЫ ў праве,
асоба, якой злачынствам нанесена маральная, фізічная або матэрыяльная шкода. Паводле крымінальна-працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, асоба, якая прызнана П., мае права даваць следчаму і суду паказанні па справе, прадстаўляць доказы, заяўляць хадайніцтвы, знаёміцца з матэрыяламі справы пасля заканчэння папярэдняга следства, прымаць удзел у судовым разглядзе і карыстацца інш. працэсуальнымі правамі, а таксама абскарджваць прыгавор, вызначэнне суда або пастановы суддзі.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 12, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСУ́ДНЫ,
абвінавачаны, якога аддалі пад суд. Паводле працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь (КПК у рэдакцыі 1960) мае права браць удзел у суд. разглядзе яго справы, заяўляць адводы і хадайніцтвы, прад’яўляць доказы, выступаць у суд. спрэчках, выступаць з апошнім словам, абскарджваць прыгавор і вызначэнне суда. Яўка П. ў суд абавязковая. Разбор справы пры адсутнасці П. дапускаецца ў выключных выпадках, калі гэта не перашкаджае ўстанаўленню ісціны па сутнасці абвінавачвання. Свае правы П. рэалізуе сам або з дапамогай абаронца. Пасля вынясення абвінаваўчага прыгавору і набыцця ім законнай сілы П. становіцца асуджаным. КПК Рэспублікі Беларусь 1999 замест паняцця «П.» ўжывае паняцце «абвінавачаны», пакідаючы за ім тыя ж правы і абавязкі.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 11, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)