МЯРЭ́ЖА,

у беларусаў традыц. рыбалоўная снасць. Складаецца з 2 сеткавых мяшкоў (кулёў), нацягнутых на абручы і злучаных з аднаго боку паміж сабою сеткай, што перагароджвала шлях рыбе і накіроўвала яе ў конусападобныя горлы сеткі. Мяшкі скіраваны горламі адзін да аднаго; з аднаго боку яны адкрытыя, каб заходзіла рыба, з другога — зацягнуты матузом. Ставяць М. пераважна на азёрах, найчасцей па некалькі ў рад. Найб. пашырана на Паазер’і, дзе ў наш час з’яўляецца прыладай прамысл. лову.

Мярэжа.

т. 11, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКСІ́НЫ (Myxini),

падклас пазваночных кл. кругларотых. 1 атрад, 1 сям., 4 роды, каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных марскіх водах.

Даўж. да 1 м. Цела вугрападобнае, голае. Шкілет храстковы. Рот абкружаны некалькімі мясістымі вусікамі. Вочы зацягнуты скурай. Шчэлепных адтулін ад 1 да 15 пар. Крывяносная сістэма незамкнёная. Сэрца 1 асноўнае і 3 дадатковыя. Паразіты або драпежнікі, выядаюць унутранасці і мышцы ў рыб, угрызаюцца ў ахвяру з дапамогай моцнага языка з рагавымі зубамі; радзей кормяцца чарвямі. Адкладваюць 20—30 яец. Развіццё без ператварэння.

Міксіна еўрапейская.

т. 10, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ІТУС (ад лац. coitus савакупленне),

генітальны кантакт двух індывідуумаў з мэтай прадаўжэння роду і палавога задавальнення. Мае 4 стадыі: псіхічную (палавая дамінанта, узбуджэнне), высокага палавога ўзбуджэння, нарастання вастрыні сексуальнага ўзбуджэння, спаду нерв. ўзбуджэння з рэфрактарным перыядам у мужчын (перыяд абсалютнай — поўная адсутнасць эрэкцыі — і адноснай няўзбудлівасці). Кожная наступная стадыя ўзнікае і падключаецца, калі папярэдняя дасягнула пэўнай вышыні развіцця. Вышэйшая ступень палавога акта — аргазм. К. выклікае ўзмацненне кровазвароту, змены ў сардэчна-сасудзістай, дыхальнай, эндакрыннай і інш. сістэмах мужчыны і жанчыны. Асн. крытэрыі цыкла К. — нейрагумаральная гатоўнасць, палавое ўзбуджэнне, эрэкцыя, перабудова ўсіх сістэм арганізма; значна меншае значэнне маюць частата палавых актаў, іх працягласць і інш. колькасныя паказчыкі. Адрозніваюць К. гетэрасексуальны, гомасексуальны, перапынены, пралангіраваны (адвольна зацягнуты), няпоўны (адсутнасць эякуляцыі і аргазму). Пры парушэнні ў палавым акце неабходна кансультацыя ўрача-сексапатолага.

І.​У.​Дуда.

т. 8, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТА́ЎРЫ (відаць, ад познагрэч. polytaurea, ад полі... + taurea барабан),

старажытны мембранны ўдарны муз. інструмент. Вядомы многім народам свету. Традыцыйна выкарыстоўваюцца пераважна парамі. Мае котлападобны метал. корпус-рэзанатар, зверху зацягнуты скураной мембранай. Пры ўдары па ёй 2 драўлянымі калатушкамі ўзнікае гук акрэсленай вышыні. Для настройкі мембраны служаць спец. вінты, размешчаныя па акружнасці, або педальны механізм. У Еўропе Л. вядомы з сярэдневякоўя. Выкарыстоўваліся звычайна як ратны сігнальны інструмент асобна або ў ансамблі з трубамі. Пад назвай бубны ўпамінаюцца ў стараж.-рус л-ры 12 ст. У 17 ст. ўведзены ў оперна-сімф. аркестр. Поўны камплект сучасных Л. уключае да 5 інструментаў розных памераў і настройкі. На Беларусі паводле этнагр. крыніц 19 ст. наз. катламі, выкарыстоўваліся ў некаторых нар. абрадах (валачобным, купальскім), а таксама паўстанцамі 1863—64.

І.​Дз.​Назіна.

Літаўры.

т. 9, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)