ДЫРЭКТО́РЫЯ, Выканаўчая Дырэкторыя (Directoire exécutif),

урад Франц. рэспублікі ў ліст. 1795—ліст. 1799. Складалася з 5 чл. (дырэктараў), якіх выбіраў Савет пяцісот і Савет старэйшын. Выражала інтарэсы буйной буржуазіі. Унутр. палітыка была скіравана на барацьбу з рэв. рухам, знешняя мела захопніцкі характар. Пасля некалькіх «хістанняў» Д. то ўправа (рашэнне пра ануляванне выбараў дэпутатаў-дэмакратаў), то ўлева (са складу Д. выведзены адкрытыя рэакцыянеры) яе дзеянні сучаснікі назвалі «палітыкай арэляў». Спыніла сваё існаванне пасля дзярж. перавароту Напалеона Банапарта.

т. 6, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-ЯПО́НСКАЯ ВАЙНА́ 1904—05,

вайна паміж Расіяй і Японіяй за перадзел сфер уплыву на Д.​Усходзе, за панаванне ў Паўн.-Усх. Кітаі і Карэі. Узнікла ва ўмовах абвастрэння рас.-яп. супярэчнасцей у канцы 19 — пач. 20 ст. З абодвух бакоў насіла захопніцкі характар. У выніку япона-кітайскай вайны 1894—95 Японія захапіла ч. тэр. Кітая. Расія ў 1896 заключыла дагавор з Кітаем на буд-ва Кітайскай Чанчуньскай чыгункі, у 1898 узяла ў арэнду Квантунскі п-аў з Порт-Артурам (Люйшунем), у час задушэння Іхэтуаньскага паўстання (1899—1901) акупіравала Маньчжурыю. Інш. дзяржавы, занепакоеныя ўзмацненнем пазіцый Расіі і Японіі ў Кітаі, імкнуліся падштурхнуць абедзве краіны да ваен. канфлікту. Англа-яп. пагадненне 1902 спрыяла падрыхтоўцы Японіі да вайны. Пра свой нейтралітэт у гэтым канфлікце заявілі Германія і Францыя. Расія лічыла Японію слабым праціўнікам і спадзеючыся на лёгкую перамогу, не рыхтавалася належным чынам да вайны. Сілы Японіі ў пач. вайны на Д.​Усходзе значна пераўзыходзілі расійскія: яп. армія налічвала больш за 375 тыс. чал., 1140 гармат, 147 кулямётаў, флот — 80 баявых караблёў, што ў 3 разы перавышала рас. войскі ў жывой сіле, у 8 разоў у артылерыі, у 18 разоў у кулямётах, у 1,3 раза ў караблях. Рас. план прадугледжваў часткай войск стрымліваць яп. армію, абараняць Порт-Артур, потым перайсці ў наступленне, разграміць праціўніка і высадзіцца на Японскіх астравах. Японцы меркавалі нечаканым ударам знішчыць рас. флот, перакінуць войскі на мацярык, захапіць рас. ваен.-марскую базу Порт-Артур і разграміць рас. армію ў Маньчжурыі. Вайна пачалася нечаканым нападам у ноч на 9.2.1904 яп. флоту на рас. эскадру ў Порт-Артуры (гл. Порт-Артура абарона 1904—05): У карэйскім порце Чэмульпо (Інчхон) яп. флот напаў на крэйсер «Вараг» і кананерскую лодку «Карэец». Пасля цяжкага бою пашкоджаны «Вараг», затоплены камандай, а «Карэец» узарваны. Праз суткі Японія афіц. абвясціла вайну Расіі. Яп. флот заблакіраваў рас. эскадру ў Порт-Артуры, перакінутыя на мацярык сухап. войскі ў крас. 1904 пачалі актыўныя дзеянні. Пасля баёў на р. Ялу, каля Цзіньчжоў і Вафангоў (крас.—чэрв. 1904) рас. армія пакінула Карэю і Ляадунскі п-аў. Баі на сушы і моры сведчылі пра няўзгодненасць дзеянняў рас. вышэйшага камандавання (ген. А.М.Курапаткін, адм. Я.​І.​Аляксееў і інш.). Рас. армія пацярпела паражэнне і пад Ляаянам (гл. Ляаянская бітва 1904). З абложанага Порт-Артура рас. эскадра спрабавала прарвацца ва Уладзівасток, але беспаспяхова. 2.1.1905 нач. Квантунскага ўмацаванага р-на А.​М.​Стэсель здаў крэпасць Порт-Артур. Паражэнне рас. арміі ў Мукдэнскай бітве 1905, разгром 2-й рас. Ціхаакіянскай эскадры ў Цусімскім баі 1905 выклікалі незадавальненне насельніцтва, што паскорыла пачатак рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У выніку абодва бакі апынуліся ў цяжкім эканам. становішчы. Паводле Портсмуцкага мірнага дагавора 1905 Японія набыла перавагу ў Карэі, ёй перададзена паўд. ч. Сахаліна, арэндныя правы Расіі на Квантунскую вобл. (з Порт-Артурам) і ветку Кітайскай Чанчуньскай чыг. Рас.-яп. пагадненне дало Японіі права рыбалоўства ўздоўж усяго далёкаўсходняга ўзбярэжжа Расіі. У гэтай вайне ўдзельнічалі і таленавітыя рас. военачальнікі (С.В.Макараў, Р.І.Кандраценка), масавы гераізм паказалі салдаты і матросы, многія афіцэры і генералы, сярод якіх вызначыліся і ўраджэнцы Беларусі. У вайне ўпершыню ўжыта скарастрэльная зброя — гарматы і кулямёты, з’явіліся мінамёты і ручныя гранаты, набыты вопыт выкарыстання ў ваен. мэтах радыё, аэрастатаў, пражэктараў і інш.

Літ.:

История русско-японской войны, 1904—1905 гг. М., 1977;

Тайны русско-японской войны. М., 1993;

О.​Митрофан Сребрянский. Дневник полкового священника, служащего на Дальнем Востоке. М., 1996;

Игнатьев А.В. С.​Ю.​Витте — дипломат. М., 1989.

С.​В.​Пазняк.

т. 13, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)