АДЭНО́МА

(ад адэн... + ...ома),

дабраякасная пухліна, якая можа развіцца з залозістага эпітэлію і захаваць структурныя прыкметы зыходнай тканкі. Развіваецца ў тканках малочнай, шчытападобнай, прастаты, гіпофіза і інш. залоз, а таксама ў залозістым эпітэліі слізістых абалонак страўніка, кішэчніка і інш. Часам перараджаецца ў злаякасную пухліну. Лячэнне хірургічнае.

т. 1, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́КТАР ЭМАНУІ́Л III

(Vittorio Emanuele; 11.11.1869—28.12.1947),

апошні кароль Італіі [1900—46]. У 1922 пасля «Маршу на Рым» Б.Мусаліні прызначыў яго кіраўніком урада. Падтрымліваў фаш. дыктатуру ў Італіі. У 1943 пад пагрозай масавых хваляванняў у краіне адхіліў Мусаліні ад улады (т.зв. дварцовы пераварот 25.7.1943). Каб захаваць манархію, 5.6.1944 перадаў уладу свайму сыну Умберта, 9.5.1946 адрокся ад прастола. У выніку рэферэндуму 18.6.1946 Італія абвешчана рэспублікай.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРАЛІЗА́ЦЫЯ КАРТАГРАФІ́ЧНАЯ,

працэсы адбору і абагульнення зместу пры складанні геагр. карт. Мае на мэце захаваць і выдзеліць на карце асноўныя тыповыя рысы і характэрныя асаблівасці з’яў, якія адлюстроўваюцца. Кірункі і ступень генералізацыі картаграфічнай залежаць ад прызначэння карты, яе тэматыкі, магчымасцей маштабу, геагр. асаблівасцей мясцовасці, сродкаў картаграфічнага выканання і крыніц, па якіх складаюцца карты. Напр., поўнае ўяўленне аб горных сістэмах Каўказа можна атрымаць на дробнамаштабнай, моцна генералізаванай карце.

т. 5, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЖО́НАК Арэст Васілевіч

(н. 7.5.1935, в. Падомхі Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. дзеяч самадз. мастацтва, харавы дырыжор. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў Маладзечанскае муз. вучылішча (1963). З 1963 кіраўнік Казловіцкага нар. хору цэнтр. Дома культуры Слуцкага р-на, аднаго з лепшых самадз. хар. калектываў. Беражліва ставіцца да нар. песні, імкнецца захаваць яе ў блізкім да аўтэнтычнага выглядзе. Аўтар песень «Беларусі юбілейнай», «Наш край случанскі» і інш.

т. 6, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ФНА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі німфа, дачка багіні зямлі Геі і рачнога бога Пенея. Яна дала зарок захаваць цнатлівасць і бясшлюбнасць. Калі за ёю пагнаўся закаханы Апалон, Д. паклікала на дапамогу бацьку і ён ператварыў дачку ў лаўровае дрэва. Лаўр стаў любімай і свяшчэннай раслінай Апалона. На міф пра Д. напісана паэма «Метамарфозы» Авідзія, творы жывапісцаў Джарджоне, Н.Пусэна, Дж.Цьепала, кампазітараў Г.Шутца, А.Скарлаці і інш.

Апалон і Дафна. Л.Берніні. 1622—24.

т. 6, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЦЛАЎ IV

(Václav; 26.2.1361 — 16.8.1419),

чэшскі кароль з 1378, імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» [1378—1400]. Сын Карла IV, з Люксембургскай дынастыі. У ходзе барацьбы з кааліцыяй чэш. феадалаў двойчы паланёны (1394, 1402). Каб спыніць сепаратызм і захаваць цэласнасць чэш. дзяржавы, стварыў у 1396 пастаянны каралеўскі савет з буйных феадалаў. У 1400 скінуты курфюрстамі з ням. прастола. У апошнія гады яго кіравання ў Чэхіі пачаўся Гусіцкі рэвалюцыйны рух. Пэўны час Вацлаў падтрымліваў рэфарматарскую дзейнасць Я.Гуса.

т. 4, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮ́РГЕРСКІЯ ШКО́ЛЫ

(ад ням. Bürger гараджанін),

павышаныя пач. вучылішчы ў гарадах Германіі ў 17—18 ст. У іх дзеці рамеснікаў, гандляроў і інш. набывалі павышаную пач. адукацыю і рэальныя веды (ням. мова, матэматыка, пачаткі геаграфіі і прыродазнаўства, некаторыя прыкладныя веды). Стварэнне бюргерскіх школ давала магчымасць дваранству захаваць сярэднія школы (гімназіі) толькі для свайго саслоўя. У 19 ст. бюргерскія школы пераўтвораны ў вышэйшыя пач. з 4-гадовым курсам навучання або 6-гадовыя рэальныя вучылішчы.

т. 3, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТАКСІ́Я

(ад грэч. ataxia беспарадак),

расстройства каардынацыі адвольнага руху (тэмпу, хуткасці, дакладнасці, суразмернасці) пры нармальнай сіле адпаведных мышцаў. Адрозніваюць атаксію статычную (парушэнне раўнавагі, калі чалавек стаіць або сядзіць), дынамічную (немагчымасць выконваць адвольныя рухі рукамі, нагамі) і статычна-дынамічную (хістанне пры хадзе, немагчымасць захаваць цэнтр цяжару пры раптоўным спыненні). У залежнасці ад лакалізацыі пашкоджання нерв. сістэмы атаксія бывае мазжачковая, вестыбулярная, коркавая, сенсітыўная. Атаксія можа ўзнікаць і пры істэрыі. Лячэнне залежыць ад прычыны ўзнікнення і ступені неўралгічнага расстройства.

т. 2, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДЗІКІ́Д,

князь ВКЛ у 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1289, калі ён са сваім братам Будзівідам аддаў г. Ваўкавыск валынскаму кн. Мсціславу Данілавічу, каб захаваць з ім мір. У некаторых ням. хроніках Будзікід выступае пад імем Путувера і Лютувера. Апошні ўпамінаецца ў хроніцы П.Дусбурга пад 1291 як князь літоўскі, бацька Віценя. Магчыма, Будзікід пасля смерці кн. Трайдзеня разам з братам стаў вял. князем. Перадача Ваўкавыска магла азначаць паступовую страту Новагародскай зямлёй сваёй дамінуючай ролі ў ВКЛ.

М.І.Ермаловіч.

т. 3, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́НБЕ́КЕРЫ

(англ. greenbackers ад greenbacks літар. зялёныя спінкі),

удзельнікі фермерскага руху ў ЗША у 1870—80-я г. Выступілі ў 1875 з мэтай захаваць у абарачэнні абясцэненыя папяровыя грошы (т.зв. грынбекі, іх адваротны бок меў зялёны колер, адсюль назва), спадзеючыся заплаціць імі працэнты па даўгах. У 1875—76 створана паліт. партыя грынбекераў, якая пасля аб’яднання з дробнымі гар. прадпрымальнікамі і рабочымі стала называцца Нац. грынбекерска-рабочай партыяй. Пасля паражэння іх кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 1884 партыя перастала існаваць. У 1890-я г. грынбекеры прынялі ўдзел у руху папулістаў.

т. 5, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)