ЗА́СКАР,
горны хрыбет на ПнЗ Гімалаяў, у Індыі і Кітаі. Даўж. каля 600 км. Складзены з вапнякоў, пясчанікаў, сланцаў, гранітаў. На выш. каля 6400 м — шырокая, расчлянёная цяснінамі платопадобная паверхня, над якой узвышаюцца асобныя пікі (выш. да 7816 м, г. Нандадэві). Рэльеф альпійскі. Снежнікі, ледавікі. На паўд.-зах. схілах — лясы з гімалайскага кедру (да выш. 4000 м), лугі, на ПнУ — горныя стэпы.
т. 6, с. 544
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖА́МНА, Ямуна,
рака ў Індыі, правы, самы доўгі прыток р. Ганг. Даўж. 1384 км, пл. бас. 351 тыс. км². Пачынаецца ў ледавіках хр. Заскар у Гімалаях, у вярхоўі цячэ па вузкай глыбокай цясніне, у сярэднім і ніжнім цячэнні — на Інда-Гангскай раўніне. Буйны прыток Чамбал. Сярэдні расход вады каля 2,5 тыс. м³/с. Летнія паводкі ад мусонных дажджоў. Ад Дж. адыходзяць шматлікія арашальныя каналы. На Дж. — гарады Дэлі (пачатак суднаходства), Агра, Алахабад.
т. 6, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)