НІТРАГІ́Н,

бактэрыяльнае ўгнаенне для збожжавых, бабовых культур і траў. Мае клубеньчыкавыя бактэрыі, здольныя засвойваць атм. азот і ператвараць яго ў даступныя для раслін злучэнні.

т. 11, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЯКОМАЕ́ДНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

аўтатрофныя расліны, здольныя ўлоўліваць насякомых і часткова іх засвойваць з дапамогай пратэалітычных ферментаў, арган. к-т і т.ч. папаўняць недахоп пажыўных рэчываў у субстраце. 6 сям., каля 500 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 10 відаў з родаў; альдраванда, плывунец, расянка, тлушчанка. Трапляюцца ў вадаёмах, на забалочаных лугах, балотах, пераважна ў месцах з недахопам азоту, фосфару, калію. У Н.р. сфарміраваліся розныя складаныя прыстасаванні для прываблівання насякомых. Напр.. у плывунца — мешкападобныя органы ўтвораны сегментамі падводнага лісця; у трапічнага віду непентэса верхняя ч. лісцевага чаранка мае выгляд збана, лісце альдраванды ўкрыта ліпкімі залозістымі валаскамі, венерынай мухалоўцы ўласціва актыўнае зачыненне лісця-пастак. За дзень адна расліна расянкі здольна засвойваць некалькі дзесяткаў насякомых.

т. 11, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУТУАЛІ́ЗМ (ад лац. mutuus узаемны),

форма сімбіёзу, працяглае ўзаемакарыснае сумеснае жыццё двух арганізмаў розных відаў. Арганізмы ажыццяўляюць узаемную рэгуляцыю сваіх зносін са знешнім асяроддзем і не існуюць паасобку (напр., тэрміты і жгуцікавыя, што жывуць у іх кішэчніку і забяспечваюць ператраўліванне клятчаткі, якую спажываюць тэрміты, не здольныя засвойваць яе без сімбіёнтаў).

т. 11, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗОТФІКСАВА́ЛЬНЫЯ БАКТЭ́РЫІ, азотфіксатары,

мікраарганізмы, здольныя засвойваць малекулярны азот атмасферы і пераводзіць яго ў складаныя азоцістыя злучэнні. Сімбіятычныя азотфіксавальныя бактэрыі (найб. актыўныя фіксатары азоту) існуюць у сімбіёзе пераважна з бабовымі раслінамі (гл. Актынаміцэты, Клубеньчыкавыя бактэрыі), несімбіятычныя жывуць свабодна (азотабактэр, кластрыдыі, некаторыя віды цыянабактэрый, фотатрофных бактэрый, асобныя віды грыбоў і дражджэй). Азотфіксавальныя бактэрыі ўдзельнічаюць у кругазвароце азоту ў прыродзе, абагачаюць ім глебу і вадаёмы, пераводзяць яго ў форму, даступную для засваення вышэйшымі раслінамі.

т. 1, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСТРО́Й,

устойлівы псіхічны стан умеранай або слабай інтэнсіўнасці (параўнальна працяглы), які выяўляецца ў станоўчым або адмоўным эмацыянальным фоне псіхічнага жыцця індывіда. У адрозненне ад сітуацыйных эмоцый і афектаў Н. з’яўляецца эмацыянальнай рэакцыяй чалавека на розныя з’явы ў кантэксце яго абагульненых жыццёвых планаў, інтарэсаў, чаканняў. У залежнасці ад ступені ўсведамлення прычын, якія выклікалі Н., ён перажываецца як непадзельны агульны эмацыянальны фон (прыўзняты, прыгнечаны і г.д.) або як стан асобы (радасць, захапленне, смутак, туга, страх і г.д.). Імкненне кантраляваць свой Н., знаходзіць і засвойваць спосабы яго карэкцыі — задача выхавання і самавыхавання (гл. Самарэгуляцыя). Беспрычынныя ваганні Н. могуць мець паталагічнае паходжанне (гл. Дэпрэсія, Эйфарыя) або абумоўлены прыроднай канстытуцыяй чалавека.

т. 11, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІХЕ́ЙСТВА,

рэлігійнае вучэнне, якое ўзнікла ў 3 ст. на Б. Усходзе. Заснавальнік Мані (каля 216—277). Мела шмат прыхільнікаў на тэр. ад Кітая да Італіі. Аснова М. — сінтэз халдзейска-вавілонскіх, персідскіх (парсізм, зараастрызм, маздаізм) ідэй з хрысціянствам. Звычайна М. звязваюць з гнастыцызмам, ад якога яно ўзяло канцэпцыю дуалізму душы і цела, святла і цемры, дабра і зла. Паводле вучэння М., у сусвеце суіснуюць царствы святла і цемры, духоўны і матэрыяльны пачаткі. У царстве святла, заснаваным на прынцыпе дабра, пануе Бог з анёламі, а ў царстве цемры, прасякнутым злом, — д’ябал з дэманамі. Барацьба Бога з д’яблам заканчваецца глабальнай катастрофай у выглядзе пажару, які спапяляе ўсё цялеснае і выслабаняе дух. Зямны чалавек, паводле М., створаны д’яблам, але можа зменшыць уплыў зла, калі будзе спрыяць светламу, Боскаму пачатку. Ён павінен клапаціцца аб чысціні душы і цела, засвойваць вучэнне М., якое Бог дае людзям праз свайго сына Ісуса. Але гал. пасланнікам свету з’яўляецца сам Мані. У 8—9 ст. М. праследавалася прыхільнікамі ісламу, у далейшым спыніла існаванне як рэлігія і ў Еўропе, і ў Азіі. Хрысціянства лічыла М. ерассю, якая дала пачатак такім рухам, як паўлікіяне, багамілы, катары і альбігойцы.

А.​А.​Цітавец.

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)