БАКТЭРЫЯТРАФІ́ЗМ (ад бактэрыі + грэч. trophe ежа, засваенне),
узаемна карысныя адносіны паміж каранямі раслін і бактэрыямі; форма жыўлення вышэйшых раслін. Бактэрыі (напр., клубеньчыкавыя) сінтэзуюць розныя пажыўныя рэчывы, вітаміны, якімі жывяцца расліны. Бактэрыятрафізм характэрны, напрыклад, для бабовых раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧАТКО́ВАЯ АДУКА́ЦЫЯ,
першая ступень агульнай школьнай адукацыі, мэта якой — засваенне вучнямі агульнаадук. ведаў, якія забяспечваюць развіццё пазнавальных здольнасцей і сац. зносін, а таксама фарміраванне асн. навыкаў навуч. дзейнасці. Змест, метады і формы арг-цыі П.а. залежаць ад яе сац. значэння і месца ў сістэме адукацыі. П.а. вучні атрымліваюць у пач. класах агульнаадук. школы, або ў пачатковай школе як самаст. навучальна-выхаваўчай установе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСУЛІ́Н,
бялковы гармон, які выдзяляецца клеткамі астраўкоў Лангерганса падстраўнікавай залозы. Малекулярная маса каля 6000. Адкрыты канадскімі фізіёлагамі Ф.Бантынгам і Ч.Г.Бестам (1921—22). Універсальны анабалічны гармон, які ўплывае на падтрыманне пастаянства ўнутр. асяроддзя жывёльнага арганізма: памяншае колькасць цукру ў крыві, садзейнічае пераходу глюкозы ў глікаген, паляпшае засваенне тканкамі вугляводаў, актывізуе сінтэз бялку з амінакіслот, ператварэнне вугляводаў у тлушч. Прэпараты І. выкарыстоўваюцца ў медыцыне пры цукр. дыябеце, шызафрэніі, інтаксікацыі. Атрымліваюць з падстраўнікавых залоз жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕЗАБАКТЭ́РЫІ мікраарганізмы, здольныя акісляць закісныя злучэнні жалеза ў вокісныя. Адрозніваюць тыповыя аўтатрофы (выкарыстоўваюць вызваленую энергію на засваенне вугляроду з вуглякіслага газу ў працэсе хемасінтэзу) і гетэратрофы, у якіх акісленне жалеза з’яўляецца пабочнай рэакцыяй. Аўтатрофы акісляюць таксама серу і маюць першараднае значэнне ў фарміраванні зоны сернакіслага выветрывання сульфідных руд. Некаторыя гетэратрофныя Ж. спрыяюць утварэнню балотных руд, забруджваюць вадасцёкі, парушаюць водазабеспячэнне. Ж. засяляюць вадаёмы, маюць вял. значэнне ў кругавароце жалеза ў прыродзе. На дне вадаёмаў адкладаюць вокіслы марганцу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТРУ́ВІЙ (Vitruvius),
рымскі архітэктар і інжынер 2-й пал. 1 ст. да н.э. Аўтар «Дзесяці кніг пра архітэктуру» — першай буд.-тэхн. энцыклапедыі, што захавалася. Трактат Вітрувія істотна паўплываў на засваеннеант. спадчыны, фарміраванне эстэтыкі і тэорыі архітэктуры ў эпоху Адраджэння; у 19 ст. быў важным дапаможнікам для археолагаў, крыніцай звестак пра ант. помнікі, архітэктараў і іх тэарэт. працы. Ён сфармуляваў «тры законы» архітэктуры, т.зв. трыяду Вітрувія: трываласць, карысць, прыгажосць (firmitas, utilitas, venustas).
Вітрувій. Машыны для падняцця грузаў. Іл. да кнігі «Дзесяць кніг пра архітэктуру». Парыж. 1684.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІМІЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. assimilatio прыпадабненне),
зліццё, засваенне. 1) У этналогіізасваенне адным народам мовы, культуры і інш. этнічных прыкмет іншага народа (які сацыяльна больш развіты ці дэмаграфічна пераважае) да поўнага зліцця з ім. У выніку асіміляцыі мяняецца этнічная самасвядомасць асіміляванага народа. Натуральная асіміляцыя адбываецца пры непасрэдных кантактах этнічных груп, абумоўленых агульнасцю іх паліт., сацыяльнага, гасп. і культурнага жыцця, пашырэннем міжэтнічных шлюбаў. Прымусовая асіміляцыя звычайна ажыццяўляецца з дапамогай дыскрымінацыі.
2) У мовазнаўстве прыпадабненне аднатыпных (галосных ці зычных) гукаў у межах слова ці спалучэння слоў. Бывае поўная (адзін гук цалкам прыпадабняецца да другога: «насенне» — з «насеньйе», «шшытак» — пры напісанні «сшытак») і няпоўная [(гукі прыпадабняюцца толькі па якой-н. адной або некалькіх прыкметах, але не ўсіх, напрыклад, «каска» — пры напісанні «казка» (па глухасці-звонкасці), «сьмецце» — пры напісанні «смецце» (па цвёрдасці-мяккасці), «бяссільны» — пры пісьме «бяссільны» (па глухасці-звонкасці і цвёрдасці-мяккасці)]. Асіміляцыя наз. прагрэсіўнай, калі наступны гук прыпадабняецца да папярэдняга, і рэгрэсіўнай, калі папярэдні гук прыпадабняецца да наступнага (больш уласціва бел. мове). У выніку асіміляцыі ў бел. мове ўзніклі падоўжаныя зычныя. Частковае прыпадабненне галосных і зычных наз.акамадацыяй.
3) У біялогіі тое, што анабалізм.
4) У геалогіі працэс паглынання і перапрацоўкі (расплаўленне або растварэнне) магмай асадкавых або метамарфічных парод. Адбываецца каля кантактаў інтрузіўных целаў у бакавых (умяшчальных) пародах або на глыбіні пры абрушэнні ў расплаўленую магму цвёрдых парод скляпення. Асіміляцыя абумоўлівае разнастайнасць магматычных парод, можа быць прычынай дыферэнцыяцыі магмы, важным фактарам металагеніі. Асіміляцыі спрыяе кантрастнасць саставу магмы і ўмяшчальных парод, пераграванне магмы і наяўнасць у ёй лятучых кампанентаў. Значна пашырана пры ўтварэнні габра і дыярытаў у краявых частках гранітных інтрузій на кантакце з вапнякамі і асн. горнымі пародамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЛЕРА ПЛАН,
сістэма індывідуалізаванага навучання ў ВНУ. Стваральнік — амер. псіхолаг і педагог Ф.С.Келер. Спачатку К.п. распрацоўваўся (1963—64) як сістэма выкладання псіхалогіі ў Бразільскім ун-це; у 1968 прапанаваны як агульнадыдактычная сістэма навучання ў ВНУ. Асн. рысы К.П.: арыентацыя на поўнае засваенне зместу навуч. матэрыялу; індывід. работа студэнтаў ва ўласным тэмпе; выкарыстанне лекцый (каля 6 за семестр) толькі з мэтай матывацыі і агульнай арыентацыі навучэнцаў; бягучая ацэнка засваення матэрыялу па раздзелах курса проктарамі (асістэнты выкладчыка) і інш. Паводле К.п. навучэнцы могуць свабодна выбіраць від навуч. дзейнасці і рэжым працы. Найбольшае пашырэнне атрымаў у вышэйшых навуч. ўстановах ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПНАПЕ́ДЫ́Я (ад гіпноз + грэч. paideia навучанне),
навучанне ў час натуральнага сну. Сон (натуральны і штучны) як сродак для набыцця ведаў выкарыстоўваўся яшчэ ў старажытнасці (будыйскія святары ў Кітаі, факіры і ёгі ў Індыі і інш.). Спробу практычнага выкарыстання гіпнапедыі ў навейшы час рабілі Д.А.Фіней (1923, ЗША), А.М.Свядашч (1936, СССР). Цікавасць да гіпнапедыі і імкненне надаць ёй тэарэт. абгрунтаванне аднавіліся ў 1950—60-я г. Паводле эксперым. даных засваенне інфармацыі пры гіпнапедыі залежыць ад характару памяці, узросту навучэнца, колькасці сеансаў, аб’ёму праграмы за 1 сеанс навучання, інтанацыйнай характарыстыкі мовы. Аднак гіпнапедыя не замяняе натуральны пед. працэс; яна можа быць выкарыстана для замацавання ў памяці толькі некаторых відаў інфармацыі (замежныя словы, формулы, тэлегр. азбука і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭ́ЙНАСЦЬ,
свядомая прыхільнасць чалавека да пэўнага вучэння, сістэмы ідэй, якая знаходзіць сваё выяўленне ў яго жыццёвых паводзінах, складзе думак, ацэнак навакольнай рэчаіснасці. У практыцы праяўляецца ў сістэме сац. дзеянняў у адпаведнасці з захаванымі ідэйнымі пачаткамі з мэтай здзяйснення станоўчага сац. ідэалу. Паводле сваёй структуры І. — унутр. адзінства тэарэт. ведаў і пераканання ў іх правільнасці. Неабходнай перадумовай І. з’яўляецца свядомае засваенне ідэй і свабодны выбар практычнай дзейнасці па іх ажыццяўленні. Для ідэйнага чалавека характэрны пастаянства поглядаў і мэтанакіраванасць дзеянняў. І. адкрывае чалавеку сістэму каштоўнасцей і ідэалаў, якія дазваляюць яму акрэсліць гал. кірунак сац. прагрэсу, верыць у канчатковую перамогу дабра над злом, у чалавечы розум. У грамадскім і паліт. жыцці І. выступае альтэрнатывай бездухоўнасці, безадказнасці, абыякавасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́КТЫКА (ад грэч. prakticos актыўны, дзейны),
матэрыяльная мэтазгодная дзейнасць людзей, накіраваная на засваенне і пераўтварэнне аб’ектыўнай рэчаіснасці; працэс пераходу набытага вопыту ва ўмовы жыцця людзей. Як сукупная дзейнасць чалавецтва ў гіст. развіцці з’яўляецца асновай грамадства і пазнання. Асн. віды П. — вытв-сць матэрыяльных даброт і П., накіраваная на сац. пераўтварэнне. Структура П. ўключае патрэбнасць, мэту, матыў, мэтазгодную дзейнасць, прадмет, сродкі і вынік. Разглядаецца ў кантэксце ўзаемаўплываў з тэорыяй. У філасофіі праблема тэорыі і П становіцца актуальнай з 19 ст. Г.Гегель разглядаў П. як «валявую дзейнасць ідэі». Суб’ектыўныя ідэалісты сцвярджалі другаснасць П. ў адносінах да тэорыі. Вял. ролю ў пазнанні адводзілі П. прыхільнікі марксізму, сцвярджаючы дыялект. адзінства тэорыі і П Прагматысты разглядалі каштоўнасць вучэння толькі па яго практ. выніках.