Зародкавыя абалонкі 1/316

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Зародкавыя лісткі 2/347

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРО́ДКАВЫЯ ЛІСТКІ́, зародкавыя пласты,

слаі клетак зародка шматклетачных жывёл і чалавека, што ўтвараюцца ў працэсе гаструляцыі. Адрозніваюць тры З.л.: вонкавы — эктадэрма, сярэдні — мезадэрма, унутраны — энтадэрма. Кожны З.л. складаецца з маладыферэнцыраваных клетак з вял. магчымасцямі развіцця і дае пачатак пэўнай групе тканак і органаў. Тканкавая спецыфічнасць вытворных З.л. захоўваецца і ва ўмовах росту пухлін.

т. 6, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМНІЁТЫ (Amniota),

група першаснаназемных пазваночных жывёл (паўзуны, птушкі і млекакормячыя), у якіх на ранніх стадыях развіцця паяўляюцца асобныя зародкавыя абалонкі, у т. л. амніён (адсюль назва). У адрозненне ад анамній у амніётах зародак развіваецца ў яйцы (паўзуны, птушкі) або ў матцы самкі (млекакормячыя). Размнажаюцца і развіваюцца на сушы.

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАСТАЦЫ́СТА (ад бласта... + грэч. kystis пузыр),

бластадэрмічны пузырок, стадыя развіцця зародка млекакормячых жывёл і чалавека ў выніку драблення аплодненага яйца. Бластацыста — пузырок, запоўнены вадкасцю. Вонкава нагадвае бластулу млекакормячых, але адрозніваецца ад яе дыферэнцыроўкай груп клетак на трафабласт і эмбрыяпласт (зародкавы вузельчык). З зародкавага вузельчыка ўтвараюцца зародкавыя лісткі (эктадэрма, эндадэрма і мезадэрма), якія фарміруюць цела зародка. На стадыі бластацысты зародак перамяшчаецца па яйцаводзе ў поласць маткі, абалонка яйца разрываецца, што стварае ўмовы для імплантацыі.

т. 3, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ШАФ ((Biscoff) Тэадор Людвіг) (28.10.1807, г. Гановер, Германія — 5.12.1882),

нямецкі анатам, эмбрыёлаг і фізіёлаг. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1846). Праф. (1836). Вучыўся ў Бонскім і Гейдэльбергскім ун-тах. За 1836 працаваў у Гейдэльбергскім, Гісенскім, Мюнхенскім ун-тах. Даследаваў раннія стадыі развіцця зародка млекакормячых, увёў паняцці пра зародкавыя пласты (экта-, меза- і энтадэрму), апісаў працэс драблення яйца (1838). Выявіў у крыві жывёл кісларод і свабодную вуглекіслату, займаўся параўнальным вывучэннем мозга малпаў і чалавека. Абагульніў даныя ў манаграфіі «Эмбрыялогія чалавека і пазваночных жывёл» (1842).

т. 3, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНАГЕНЕ́З (ад грэч. organon прылада, інструмент + ...генез),

утварэнне зачаткаў органаў і іх дыферэнцыроўка ў анта- або філагенез шматклетачных арганізмаў. Амаль ва ўсіх жывёл зародак мае 3 зародкавыя лісткі: эктадэрму, мезадэрму і энтадэрму. У пазваночных з эктадэрмы ўзнікаюць зачаткі ц. н. с., органаў пачуццяў, покрываў, з мезадэрмы — шкілета, мускулатуры, крывяноснай сістэмы, палавых органаў і органаў выдзялення, з эктадэрмы — кішачная трубка, з якой потым утвараюцца зачаткі печані, падстраўнікавай залозы, органаў дыхання. Антагенетычны арганагенез да пэўнай ступені ўзнаўляе філагенетычны. У раслін арганагенез — гэта фарміраванне і развіццё асн. органаў (кораня, сцябла, лісця, кветак) у працэсе антагенезу з мерыстэмы.

т. 1, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРАТЫ́ЎНЫЯ О́РГАНЫ,

органы палавога размнажэння раслін; разам з органамі бясполага і вегетатыўнага размнажэння належаць да рэпрадукцыйных органаў. У ніжэйшых раслін з развітым палавым размнажэннем генератыўныя органы падзяляюцца на антэрыдыі і аагоніі, у імхоў, папарацей, хвашчоў і дзеразы — на антэрыдыі і архегоніі. У голанасенных адбываецца рэдукцыя генератыўных органаў, ад архегонія застаецца толькі яйцаклетка і некалькі пабочных клетак, мужчынскі гаметафіт рэдукаваны да трох клетак. У пакрытанасенных (кветкавых) утвараюцца высокаспецыялізаваныя структуры — двухклетачны мужчынскі гаметафіт (вегетатыўныя і генератыўныя клеткі) і зародкавыя мяшкі — жаночыя гаметафіты з яйцаклеткай і цэнтр. клеткай. Паняцце генератыўных органаў часта пашыраюць на кветкі і плады. Генератыўныя органы жывёл і чалавека наз. палавымі органамі.

Р.​Г.​Заяц.

т. 5, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЗЫРКО́ВАЯ КА́МЕРА,

прылада для рэгістрацыі слядоў (трэкаў) зараджаных часціц высокіх энергій. Прынцып дзеяння заснаваны на закіпанні перагрэтай вадкасці ў наваколлі траекторыі часціцы. Выкарыстоўваецца для рэгістрацыі актаў узаемадзеяння часціц з ядрамі вадкасці або па прадуктах іх распаду на інш. часціцы. Вынайдзена амер. вучоным Д.​Глезерам (1952).

Для вымярэння імпульсаў зараджаных часціц П.к. змяшчаюць у магн. поле. Пераграванне вадкасці ажыццяўляецца хуткім змяншэннем ціску ад пачатковага (раўнаважнага) значэння. Пры праходжанні зараджанай часціцы праз такую вадкасць уздоўж яе следу ўтвараюцца «зародкавыя» цэнтры кіпення.

Рабочая вадкасць П.к. — вадарод, у т. л. ў сумесі з неонам, прапан, фрэон, ксенон і інш.

Узаемадзеянне К-мезона ў вадкавадароднай пузырковай камеры з пратонамі, у выніку якога нараджаюцца часціцы Σ​+, K​+, π​+, π​, K​0, якія распадаюцца на π​+- і π​-мезоны.

т. 13, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЕ́ЎСКІ (Аляксандр Ануфрыевіч) (19.11.1840, с. Шусцянцы Прэйльскага р-на, Латвія — 22.11.1901),

расійскі біёлаг, эмбрыёлаг-эвалюцыяніст, адзін з заснавальнікаў параўнальнай эмбрыялогіі і фізіялогіі беспазваночных жывёл, эвалюцыйнай і эксперым. гісталогіі. Акад. Пецярбургскай АН (1890). Брат У.А.Кавалеўскага. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1863). Праф. Казанскага (з 1868), Кіеўскага (з 1869), Новарасійскага ў Адэсе (з 1874) і Пецярбургскага (у 1891—94) ун-таў; дырэктар Севастопальскай біястанцыі (у 1892—1901). Навук. працы пра агульныя заканамернасці развіцця пазваночных і беспазваночных жывёл: пашырыў на беспазваночных вучэнне пра зародкавыя лісткі і залажыў асновы адзінай тэорыі зародкавых лісткоў для ўсіх прадстаўнікоў жывёльнага свету, адзначыў іх эвалюц. падабенства. Адкрыў фагацытарныя органы ў беспазваночных і вызначыў іх ролю ў метамарфозе насякомых. Працы К. і І.Л.Мечнікава леглі ў аснову філагенетычнага кірунку ў эмбрыялогіі.

Тв.:

Избр. работы. М., 1951.

т. 7, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)