Заране 5/20

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАРА́НЕ»,

тайнае таварыства ў 1821 — пач. 1826 у Беластоцкай і Свіслацкай гімназіях. Заснаваў Ф.Ляховіч спачатку ў Беластоку (наз. «Згодныя браты», 1821), потым у Свіслачы. Выступалі за незалежнасць Рэчы Паспалітай, падрыхтоўку грамадскай думкі да пераўтварэнняў у існуючым ладзе. У пач. 1826 у таварыстве 53 чал. Пяць былых сяброў т-ва склалі 3-ю ступень т-ва «Ваенныя сябры». Некаторыя мелі дачыненне да Літоўскага піянернага батальёна выступлення 1825. У сувязі са следствам па гэтай справе «З.» былі выкрыты, створана спец. «Камісія для пошуку тайных таварыстваў» (ліп.—вер. 1826). Удзельнікі «З.» былі прыгавораны да розных тэрмінаў пакарання.

В.​В.​Швед.

т. 6, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯХО́ВІЧ (Фелікс Юзафавіч) (22.1.1804, г. Высокае Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 3.12.1878),

удзельнік рэв. руху 1-й пал. 19 ст. Вучыўся ў Беластоцкай (1818—20), скончыў Свіслацкую гімназію (1824). Заснаваў і кіраваў тайнымі вучнёўскімі т-вамі «Заране» філарэцкага кірунку — спачатку ў Беластоку (1820, першапач. назва «Згодныя сябры»), потым у Свіслачы (1822). У 1826 арыштаваны, пасля 6-месячнага зняволення ў Бабруйскай крэпасці высланы ў 42-і егерскі полк Каўказскага асобнага корпуса. Удзельнічаў у руска-турэцкай вайне 1828—29 і Каўказскай вайне 1817—64. З 1842 у адстаўцы, выконваў абавязкі акцызнага наглядальніка Оўруцкага пав.

В.​В.​Швед.

т. 9, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́ЦКІ (Іван) (Ян) Станіслававіч (каля 1803, Гродзенская губ. — не пазней 1854),

удзельнік руху дзекабрыстаў. Уваходзіў у тайнае т-ва «Заране» ў Свіслацкай гімназіі (1823). З 1824 у Беластоку, у 1825 уступіў у т-ва «Ваенныя сябры», быў адным з кіраўнікоў яго арганізацыі ў Беластоку. 14.5.1826 арыштаваны, прыгавораны да пакарання смерцю. Па царскай канфірмацыі (1827) пазбаўлены дваранства і прыгавораны да крапасных работ тэрмінам на 5 гадоў з далейшым пасяленнем у Сібіры. Летам 1827 сасланы ў Омскую, потым у Усць-Каменагорскую крэпасці. У 1830 прызначаны радавым у Сібірскія лінейныя батальёны. Служыў у г. Петрапаўлаўск Табольскай губ. У 1845 звольнены ў адстаўку, жыў у Петрапаўлаўску пад тайным наглядам паліцыі.

В.​В.​Швед.

т. 4, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУКЕ́ВІЧ (Міхаіл Іванавіч) (12.11.1794, в. Гожна ?, Беласточчына — 11.9.1841),

удзельнік дваранскага рэв. руху. З бел. шляхты. Скончыў Віленскі ун-т (1820). У 1812—14 ваяваў на баку Напалеона ў Літоўскіх войсках 1812. У 1814 трапіў у палон на тэр. Францыі, з 1815 на радзіме. З 1819 член, з сак. 1820 в.а. прэзідэнта тайнага Саюза сяброў. З 1819 чл.-кар., з 1820 правадз. чл. т-ва філаматаў. Адзін з ініцыятараў стварэння т-ва прамяністых (1820), для якога напісаў «Малітву прамяністых», і т-ва філарэтаў. У 1820 разам з З.​Навіцкім стварыў у Беластоцкай гімназіі т-ва «Згодных братоў» (з 1823 «Заране»), У 1823—24 быў арыштаваны па справе філаматаў і філарэтаў, вызвалены за недастатковасцю доказаў. У 1825 ініцыятар стварэння арг-цыі «Ваенныя сябры» і гал. натхняльнік Літоўскага піянернага батальёна выступлення 1825. У 1826 арыштаваны і прыгавораны да смяротнага пакарання, але па царскай канфірмацыі 1827 пазбаўлены шляхецтва і высланы на 10 гадоў катаржных работ у Сібір. Катаргу адбываў разам з дзекабрыстамі ў Чыце (з 1828) і Пятроўскім з-дзе ў Забайкаллі (з 1830). У 1833 пераведзены на пасяленне ў в. Коркіна Іркуцкай губ., дзе і памёр.

В.​В.​Швед.

т. 13, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РДА (Напалеон) (11.2.1807, в. Варацэвічы Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 26.4.1883),

піяніст, кампазітар, педагог, муз. пісьменнік, мастак. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Польшчы. З 1823 вучыўся ў Віленскім ун-це, з якога ў 1827 выключаны за прыналежнасць да тайнага студэнцкага т-ва «Заране». Удзельнік паўстання 1830—31, пасля яго задушэння эмігрыраваў у Францыю, дзе ў 1833 удасканальваў майстэрства ігры на фп. ў Ф.​Шапэна. У 1838 выдаў «Альбом твораў польскіх кампазітараў», свае творы для фп. (паланэзы, вальсы, серэнады, мазуркі), рамансы і песні на словы С.​Вітвіцкага і А.​Плуга. У сярэдзіне 1840-х г. — дырэктар Італьянскай оперы ў Парыжы; там жа атрымаў маст. адукацыю ў студыі П.​Жэрара. З 1856 жыў у Варацэвічах, у 1862—63 у Гродне, потым на Валыні, быў хатнім настаўнікам музыкі. Лепшыя яго муз. творы, асабліва паланэзы, вызначаюцца маштабнасцю, віртуозным стылем, меладычнасцю, драматызмам, разнастайнасцю і багаццем фактуры; у некат. творах пераважае лірычны пачатак, у паланэзах назіраецца імкненне да «паэмнасці», што характэрна для эвалюцыі жанру ў сярэдзіне 19 ст. Аўтар «Граматыкі музыкі» (Варшава, 1873). Шмат падарожнічаў па Беларусі, Украіне, Польшчы і Літве, рабіў замалёўкі мясцін, звязаных з жыццём вядомых людзей, і арх. помнікаў. Вял. каштоўнасць для гісторыі архітэктуры маюць арх. замалёўкі (больш за 200 па Беларусі), якія вызначаюцца строгай дакументальнасцю. Паводле яго малюнкаў і акварэлей у 1873—83 створаны (мастак А.​Місуровіч) і выдадзены ў Варшаве літаграфіі (260 графічных аркушаў у 8 серыях). У г. Іванава Брэсцкай вобл. пастаўлены помнік О. (1997, скульпт. І.​Голубеў). Іл. гл. таксама да арт. Беларусь, Графіка, Класіцызм, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс.

Літ.:

Дробаў Л. Напалеон Орда — мастак і збіральнік // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 3;

Ахвердова Е. Друг Мицкевича и Шопена // Неман. 1983. № 6;

Яе ж. Пачынальнікі беларускага піянізму // Мастацтва Беларусі. 1985. № 2;

Якімовіч Ю.А. Беларуская архітэктура ў малюнках Напалеона Орды // Там жа 1983. № 7.

Л.​Н.​Дробаў.

Н.Орда.
Н.Орда Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў.

т. 11, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)