Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫКА́ЛАЎСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва канца 18 — пач. 19 ст. Размешчаны на хутары Крыкалы ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. на левым беразе р.Заражанка. Створаны пры сядзібе, ад якой уцалелі 2 аднолькавыя драўляныя флігелі з мураванымі тарцовымі фасадамі ў стылі позняга класіцызму, клець і бутавы арачны мост. Парк пейзажнага тыпу (пл. каля 15 га) на перасечаным рэльефе, з ПдЗ абмежаваны дарогай Дунілавічы—Варапаева. На ўсх. ускраіне парку ландшафтная кампазіцыя з круглым вадаёмам. Маляўнічая гал. алея праходзіць паміж узгоркамі і завяршаецца штучнай круглай тэрасай, абсаджанай клёнамі. У парку пераважаюць мясц. пароды дрэў, ёсць экзоты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́ДНА,
возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Галбіца, за 25 км на У ад г. Паставы. Пл. 0,97 км², даўж. 1,45 км, найб.шыр. 980 м, найб.глыб. 11,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 4 км. Пл. вадазбору 8,43 км². Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы выш. 4—6 м, спадзістыя, разараныя. Пойма шыр. 10—20 м, забалочаная, укрыта хмызняком. Берагі нізкія, на ПдЗ сплавінныя, на У і Звыш. 0,5—0,8 м абразійныя, пясчаныя і пясчана-гліністыя, пад хмызняком. Дно лейкападобнай формы, да глыб. 5 м выслана пясчанымі і апясчаненымі адкладамі, глыбей гліністым ілам. Зарастае. Сцёк у р.Заражанка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛБІ́ЦА, Галбеіца, Галубейка,
рака пераважна ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток Дзісны (бас.Зах. Дзвіны). Даўж. 63 км. Пл. вадазбору 1050 км². Пачынаецца за 0,5 км на ПдЗ ад в. Глінскія, цячэ ў межах Свянцянскіх град пад назвай Заражанка (на працягу 5 км у Мядзельскім р-не Мінскай вобл.), ніжняе цячэнне на Полацкай нізіне. Асн. прытокі Лаўрыха, Шурыца, Паловіца (злева), Чэртка, Карнееўка, Ласіца і Плісаўка (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 200—400 м. Пойма шыр. 50—150 м. Рэчышча ў верхнім цячэнні на працягу 11 км каналізаванае, у сярэднім і ніжнім цячэнні яго шыр. 20—30 м. Рака працякае праз азёры Задняе возера і Галбея, створаны сажалкі.