ПАЛАМАРЧУ́К (Анатоль Сямёнавіч) (25.5.1920, с. Вярхоўка Барскага р-на Вінніцкай вобл., Украіна — 23.6.1979),
бел. вучоны ў галіне батанікі. Д-рбіял.н. (1965), праф. (1966). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1942). З 1969 заг. кафедры Гомельскага ун-та. Навук. працы па марфалогіі, генезісе і тэратагенезе, біялогіі і экалагічнай радыебіялогіі караняплодаў, фізіялогіі росту раслін, насенняводстве і селекцыі с.-г. культур. Кіраваў складаннем гербарыя Палесся (35 тыс. аркушаў).
Тв.:
Заповедник на Припяти Мн., 1976 (у сааўт);
Гербарий Белорусского Полесья кафедры ботаники Гомельского университета (разам з Г.Л.Паламарчук) // Ботанич. журн. 1978. Т. 63, № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАВЕ́ДНІКІ,
1) тэрыторыя сушы або акваторыя, у межах якой увесь прыродны комплекс поўнасцю выключаны з гасп. дзейнасці і ахоўваецца дзяржавай; від запаведных тэрыторый. Участкі зямлі, яе нетраў і воднай прасторы ў межах З. аддаюцца ў карыстанне грамадскім ці дзярж. органам. Асн. задачы З.: зберажэнне эталонных або найб. тыповых для вызначанай геагр. зоны прыродных ландшафтаў, рэдкіх і каштоўных відаў жывёл і раслін; вывучэнне прыродных працэсаў у натуральным стане; распрацоўка пытанняў рэканструкцыі флоры, фауны і комплексу інш. прыродаахоўных праблем; культ.-асв. работа, папулярызацыя прыродаахоўных поглядаў і аховы прыроды (гл.Маніторынг, Біясферны запаведнік). Вылучаюць З. накіраванага рэжыму, прыродныя, эталонныя, біясферныя, мемарыяльныя і інш. Для аховы прыродных комплексаў З. ствараюцца ахоўныя зоны. Ахоўвае З. спец. служба (дзяржінспектары, егеры). Навук. работа ў З. мае комплексны характар, вядуцца даследаванні па праграме «Летапіс прыроды».
Першыя дзярж. З. ўзніклі ў стараж. Вавілоне, Грэцыі, Індыі і ствараліся з рытуальнымі і паляўнічымі мэтамі. Найстаражытнейшы З. на слав. землях — Белавежская пушча. Першымі дзярж. З. Расіі былі Баргузінскі запаведнік, Кедравая Падзь, Лагадэхскі запаведнік, Саянскі (1915). Самы вял. З. у свеце — Вялікі Габійскі (Манголія, пл. 5 млн.га), у Расіі — Таймырскі запаведнік. Найб. вядомыя З. — Асканія-Нова, Байкальскі запаведнік, Жувінтас, Каўказскі запаведнік, Кызылагаджскі запаведнік, Рэпетэкскі запаведнік і інш.
На Беларусі два З.: Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік (адзіны ў свеце). Стварэнне, статут, структура і рэжым З. вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах» (1994) і адпаведнай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13.3.1995. Вял. роля З. Беларусі ў зберажэнні і аднаўленні каштоўных і рэдкіх відаў жывёл (алень высакародны, бабёр, зубр, лось і інш.) і раслін, даследаванні па геабатаніцы, фларыстыцы, лесазнаўстве, фауністыцы, паляўніцтвазнаўстве, глебазнаўстве, экалогіі і інш. З. ўдзельнічаюць у міжнар. праграмах па ахове прыроды ў рамках МАБ, ЮНЕП, ЮНЕСКА.
2) Навукова-даследчыя ўстановы, за якімі замацаваны тэрыторыі, дзе вядуцца адпаведныя арганізацыйныя работы і даследаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭМЛЬ,
цэнтральная ўмацаваная частка стараж.-рус. гарадоў. Упершыню згадваецца ў летапісе як «крэмнік» каля 1331. Да 14 ст. К. называлі дзядзінцам, у 16—17 — горад, град. Звычайна размяшчаўся на высокім месцы, часцей на беразе ракі ці возера. Спачатку ўзводзіліся земляныя і драўляныя ўмацаванні, з 11 ст. — мураваныя (з каменю ці цэглы, напр., у Ноўгарадзе з 1044, у Старой Ладазе з 1116, Пскове з 13 ст.), часта абкружаліся ровам з вадой. Плошча К. мела значныя памеры, тут звычайна знаходзіліся палац князя, гал. сабор, двары баяр і царк. знаці. Падкрэслены рэльефам, К. дамінаваў у забудове, быў градаўтваральным ядром стараж.-рус. горада, вызначаў яго сілуэт. Горад рос за кошт пасадаў і звязваўся з К. радыяльнымі вуліцамі. Шырокае буд-ва мураваных К. вялося ў 16—17 ст. Вядомы К. ў Пскове, Каломне, Туле, Ніжнім Ноўгарадзе, Казані, Смаленску, Растове, Суздалі, Ноўгарадзе, Табольску, Крэмль Маскоўскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕВА-ПЯЧЭ́РСКАЯ ЛА́ЎРА,
мужчынскі правасл. манастыр у Кіеве. Засн. ў 1051 пры князю Яраславе Мудрым манахамі Антоніем і Феадосіем у пячэрах (адсюль назва) на правым беразе Дняпра. У 11 ст. адзін з гал. цэнтраў распаўсюджання хрысціянства на Русі, стараж. кніжнасці (вялося летапісанне, складзены зб. жыціяў манахаў «Кіева Пячэрскі пацярык»), стараж.-рус. і ўкр. іканапісу. У 1096 манастыр моцна пацярпеў ад набегу полаўцаў, у 1240 разбураны войскамі хана Батыя, у 1482 разрабаваны і спалены крымскім ханам Менглі-Гірэем. У 16—17 ст. адзін з цэнтраў антыкаталіцкага і антыуніяцкага руху на Украіне. З 1598 манастыр меў статус лаўры, пры якой у пач. 17 ст. адкрыта друкарня (у 2-й пал. 17 ст. надрукавана больш за 120 назваў кніг), у 1631 заснавана школа (гл.Кіеўская акадэмія). Да часу секулярызацыі (1786) К.-П.л. належалі 3 гарады, 7 мястэчак, каля 200 вёсак і хутароў (больш за 70 тыс. прыгонных), 2 папяровыя ф-кі, 11 цагельняў, 6 шклозаводаў і інш. У 1917 у лаўры было 300 манахаў, 6700 дзесяцін зямлі. З 1926 музей-запаведнік, у 1929 зачынены манастыр (часова дзейнічаў у 1942—61). У 1988 адчынены Свята-Успенскі Кіева-Пячэрскі манастыр, у 1989 — духоўная семінарыя. У 1187—1870 у Феадосіевай пячоры лаўры знаходзіліся мошчы Ефрасінні Полацкай.
Арх. комплекс Верхняй лаўры і ансамбля Блізкіх і Далёкіх пячор склаўся ў 11—19 ст.Найб.стараж. пабудовы: гал. храм — Успенскі сабор (1073—78, рэстаўрыраваны ў 1723—29, зруйнаваны ў 1941), Троіцкая надбрамная царква (1106—08, перабудавана ў 1722—29) з размалёўкамі ўкр. майстроў і разным іканастасам. У стылі ўкр. барока пабудаваны каменныя абарончыя сцены (1690—1702), царква Усіх святых (1696—98) над Эканамічнай брамай, царква Спаса на Бераставе (1113—25, зруйнавана, адноўлена ў 1-й пал. 17 ст.) са званіцай (1813—14, арх. А.І.Мяленскі, класіцызм), Коўніраўскі корпус (1744—72, арх. С.Дз.Коўнір), цэрквы Узвіжання (1700) на Блізкіх і Раства Багародзіцы (1696) са званіцай (1754—61) на Далёкіх пячорах. Гал. вертыкаль лаўры, што звязвала ўсе тры ансамблі ў адзіную прасторавую кампазіцыю — Вял. лаўрская званіца (1731—45, арх. Ф.Васільеў, будаваў Г.І.Шэдэль, выш. 96,5 м). З 1926 гіст.-культ. музей-запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЗІНСКІ БІЯСФЕ́РНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у паўночнай частцы Беларусі, на тэр. Докшыцкага і Лепельскага р-наў Віцебскай і Барысаўскага р-на Мінскай абласцей. Засн. ў 1925 для аховы і развядзення каштоўных, рэдкіх і тых, што знікаюць, птушак і звяроў, асабліва баброў (на час стварэння тут была адзіная на З Беларусі калонія). З 1979 запаведнік набыў статус біясфернага паводле Праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера». У 1993 уключаны Саветам Еўропы ў сетку біягенетычных запаведнікаў. Пл. 90,6 тыс.га, у т. л. абсалютна запаведнай зоны 81 тыс.га, ахоўная зона вакол запаведніка 33 тыс.га. Займае ч. Верхнебярэзінскай ніз. ўздоўж верхняга цячэння р. Бярэзіна (бас. Дняпра) з 30 прытокамі. Адм.-гасп. цэнтр у в. Домжарыцы Лепельскага р-на.
Рэльеф пераважна раўнінны, з невял. ўзвышшамі і ўзгоркамі ў паўн.-ўсх. і зах. частках і нізінамі на Пд. Клімат умерана цёплы, вільготны. У межах запаведніка больш за 50 невял. забалочаных рэк і ручаёў, перагароджаных бабровымі плацінамі. Р. Сергуч (Бузянка) — найб. левы прыток р. Бярэзіна — ч. пабудаванай з дапамогай ням. інжынераў у канцы 18 — пач. 19 ст.Бярэзінскай воднай сістэмы, якая дазволіла звязаць рэкі бас. Балтыйскага і Чорнага м. і аднавіць т.зв.гіст. шлях «з варагаў у грэкі». Яе рэчышча ў розных месцах расшырана, выраўнавана і канчаецца Сергуцкім каналам, працягласць якога 9 км. З канца 19 ст.гасп. значэння гэта сістэма не мае. Шмат азёр, найб. Палік, Вольшыца, Плаўна, Домжарыцкае, Манец. Рэкі і азёры займаюць 2,3% тэр. запаведніка, адкрытыя балоты — 10,3%. Есць вял. балотныя масівы (Домжарыцкае каля 10 тыс.га, Каралінскае 7 тыс.га, Жары 4,8 тыс.га і інш.). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя пясчаныя і супясчаныя, ва ўпадзінах і катлавінах тарфянабалотныя. Забалочаных і балотных глеб каля 60% глебавага покрыва Частыя выхады на паверхню марэнных адкладаў з валунамі і пясчана-галечных утварэнняў. Расліннасць разнастайная, пераважна лясная, лугавая і балотная, спалучае рысы цемнахвойных паўд.-таежных і шыракалістых лясоў. Пад лесам 83,3% тэр., пераважаюць хваёвыя (45,4% лесаўкрытай пл.) і бярозавыя (24,4%) лясы, трапляюцца чорнаальховыя (16,4%), яловыя (10,8%), асінавыя (1,1%), дубовыя (0,5%). У паўд.ч. запаведніка зберагліся унікальныя ясянёвыя і чорнаальхова-ясянёвыя дрэвастоі (0,4%), некаторыя маюць узрост да 160—170 гадоў. Пад лугамі 1,4% тэр. У флоры 780 відаў сасудзістых раслін, больш за 200 відаў мохападобных, шмат відаў грыбоў, лішайнікаў і водарасцяў. У фауне каля 52 відаў млекакормячых, 217 птушак, 8 земнаводных, 5 паўзуноў, 34 віды рыб. Больш за 200 паселішчаў баброў. Каля 1 тыс. баброў вывезена з запаведніка для рассялення ў інш. рэгіёны. Водзяцца лось, воўк, высакародны алень, казуля, дзік, буры мядзведзь, рысь, ліс, барсук, выдра, лясная куніца, тхор, еўрап. і амер. норкі, гарнастай, ласка і інш., з Белавежскай пушчы завезены зубры. Гняздуюцца рэдкія драпежныя птушкі (арол-беркут, малы падворлік, скапа, барадатая няясыць, філін і інш.), а таксама чорны бусел і шэры журавель. Трапляюцца чорны каршун і белая курапатка. Шмат баравой дзічыны.
Бярэзінскі біясферны запаведнік — адзінае месца ў паўн. і цэнтр.ч. Беларусі, дзе прыродныя раслінныя комплексы захаваліся амаль у некранутым стане, каля 30 відаў раслін і 10 відаў жывёл занесены ў Чырв. кнігу. Дзейнічае ў сістэме глабальнага маніторынгу, мае станцыю па назіранні і кантролі за станам навакольнага асяроддзя. З’яўляецца н.-д. і прыродаахоўнай установай, базай для стажыроўкі спецыялістаў у галіне аховы прыроды і запаведнай справы. Працуе музей прыроды, школа экалагічнага выхавання, станцыя фонавага маніторынгу.
Літ.:
Заповедники Прибалтики и Белоруссии. М., 1989;
Биосферный заповедник на Березине. Мн., 1993.
Г.У.Вынаеў.
Да арт.Бярэзінскі біясферны запаведнік. 1. Цэнтральная сядзіба. 2. Адмірал. 3. Бусел чорны. 4. Кажан двухкаляровы. 5. Бабёр. 6. Алень.