АРГАНАТЭРАПІ́Я,

лячэнне прэпаратамі, атрыманымі з залоз унутранай сакрэцыі або інш. органаў і тканак жывёл. Часцей мае замяшчальны характар — уводзяцца рэчывы, якіх не хапае ў арганізме хворага і якія выпрацоўваюцца або назапашваюцца ў адпаведных органах. Да арганатэрапіі належыць і перасадка органаў (касцявы мозг, ныркі, печань, сэрца), калі яны не выконваюць сваіх функцый (гл. Трансплантацыя). Да арганапрэпаратаў адносяцца прэпараты гіпофіза (пітуітрын, пралактын, АКТГ), шчытападобнай залозы (тырэаідзін), парашчытападобных залозаў (паратгармон), падстраўнікавай залозы (інсулін, ліпакаін), кары паднырачнікаў (картызон), вілачкавай залозы (тымазін), жаночых (фалікулін, сінестрол, прагестэрон) і мужчынскіх (метыландрастэндыёл) палавых органаў. Прэпараты ўводзяцца ўнутрымышачна або ўнутрывенна. Выцяжка з селязёнкі (спленін) стымулюе імунітэт. Пры нізкай страўнікавай сакрэцыі ў хворых на гастрыт, пры язвавай хваробе як замяшчальны выкарыстоўваюць страўнікавы сок сабак, свіней (натуральны сок, сугаст). У гематалагічнай практыцы выкарыстоўваецца натуральная кроў, плазма крыві, суспензія эрытрацытаў, трамбацытаў. Яны выконваюць замяшчальную функцыю і стымулююць імунітэт.

Л.Р.Кажарская.

т. 1, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКАРЫ́РУЮЧЫЯ ВІ́ДЫ

(ад лац. vicarius замяшчальны),

замяшчальныя віды, блізкароднасныя віды раслін або жывёл, якія займаюць розныя арэалы (геагр. вікарыят) ці трапляюцца ў межах аднаго арэала, але ў розных экалагічных умовах (экалагічны вікарыят). Эвалюцыйна вікарыруючыя віды фарміруюцца ва ўмовах геагр. ці экалагічнай ізаляцыі. Напр., арэал роду лістоўніцы ўтвораны шэрагам яе геагр. вікарыруючых відаў: лістоўніцай сібірскай (Еўрап. частка і Зах. Сібір), даурскай (Усх. Сібір), амерыканскай (Паўн. Амерыка); у пустынях Еўразіі арэал тушканчыка ўтвораны яго экалагічнымі вікарыруючымі відамі: махнаногім (на пясках) і малым (на гліністых участках). На Беларусі прыклады вікарыруючых відаў: мыш лясная (на Пд і ў сярэдняй частцы) і мыш малая (на Пн); бяроза бародаўчатая (сухія месцы) і бяроза пушыстая (забалочаныя ўчасткі) і інш.

В.В.Грычык.

т. 4, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)