Замежная ваенная інтэрвенцыя ў СССР 1918—1920, гл. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя ў СССР 1918—20
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.
Засн. ў 1984 у г. Нясвіж як пед. вучылішча, з 1994 — каледж. Рыхтуе настаўнікаў пач. класаў і настаўнікаў замежнай мовы (ням., англ.) для базавай школы. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): педагогіка і методыка пач. навучання; замежная мова. Прымаюцца асобы з базавай (тэрмін навучання 3 г. 10 мес.) і сярэдняй (тэрмін навучання 2 г. 10 мес.) адукацыяй. Навучанне дзённае.
т. 11, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.
Працаваў у Магілёве ў 1946—49. Створаны на базе пераведзенага Гомельскага драм. т-ра. Маст. кіраўнік М.Нікіцін, з 1947 А.Данаці. Ставіліся п’есы бел. і рус. драматургаў, замежная класіка: «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «Жаніцьба Бальзамінава», «Позняе каханне» А.Астроўскага, «Апошнія» М.Горкага, «Даўным-даўно» А.Гладкова, «Рускае пытанне» К.Сіманава, «Гаспадыня гасцініцы» К.Гальдоні і інш. У т-ры працавалі рэж. С.Астравумаў (таксама і акцёр), В.Меяроўскі, М.Рэхельс, акцёры М.Абрамаў, Л.Весніна, В.Казакова, Г.Качаткова, Я.Палосін.
Дз.У.Стэльмах.
т. 9, с. 466
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ імя Ф.Скарыны.
Засн. ў 1872 у г. Полацк Віцебскай губ. як Полацкая настаўніцкая семінарыя. У 1918 на базе семінарыі адкрыты пед. курсы, а ў 1924 створаны пед. тэхнікум. З 1936 пед. вучылішча (з 1964 імя Ф.Скарыны). З 1994 пед. каледж. Рыхтуе настаўнікаў пач. класаў, выхавальнікаў дзіцячых дашкольных устаноў, выкладчыкаў замежнай мовы базавай школы, выкладчыкаў музыкі. Спецыяльнасць (2000/01 навуч. г.): педагогіка і методыка пач. навучання; педагогіка і псіхалогія дашкольная; замежная мова; выкладанне музыкі і музычнае выхаванне. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.
т. 12, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́НАН ((Kennan) Джордж Фрост) (н. 16.2.1904, г. Мілуокі, ЗША),
амерыканскі дыпламат, саветолаг. Скончыў ваен. акадэмію Сент-Джонс, Прынстанскі ун-т (1925). З 1926 на дыпламат. службе. У 1944—46 саветнік-пасланнік, у 1952 пасол ЗША у Маскве (адкліканы па патрабаванні сав. ўрада). У 1961—63 пасол у Югаславіі. З 1956 праф. Прынстанскага ун-та. Сфармуляваў прынцыпы палітыкі ЗША ў адносінах з СССР (1947), т.зв. дактрына стрымлівання, якая стала сімвалам «халоднай вайны» і грунтавалася на памылковым перакананні ў хуткім падзенні СССР. У канцы 1950-х г. адмовіўся ад сваёй канцэпцыі і падтрымліваў т.зв. палітыку раз’яднання ўзбр. сіл дзвюх супердзяржаў, скіраваную на пазбяганне ядз. вайны. Аўтар прац «Савецкая замежная палітыка 1917—1945» (1960), «Ядзерная памылка. Савецка-амерыканскія адносіны ў атамны век» (1982) і інш.
т. 8, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ГУМАНІТА́РНЫ АДУКАЦЫ́ЙНА-КУЛЬТУ́РНЫ ЦЭНТР (БГАКЦ) Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь, установа, мэтай якой з’яўляюцца навучанне, выхаванне і перадпрафесійная падрыхтоўка будучых дзеячаў бел. культуры і навукі. Засн. 28.11.1990 па ініцыятыве Мін-ва адукацыі і Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны. У структуры цэнтра гуманітарны ліцэй (з 1991), метадычны, выдавецкі, кінатэлевізійны і вытворчы аддзелы.
Ліцэй мае дзённае, нядзельнае (школьнікі) і вячэрняе (дарослыя) аддзяленні. На дзённае аддзяленне прымаюцца школьнікі пасля 7 класаў агульнаадук. школы. Тэрмін навучання 4 гады. На 1-м і 2-м курсах вучні атрымліваюць базавую адукацыю, на 3-м і 4-м — сярэднюю. Пашырана вывучаюцца гісторыя Беларусі, бел. мова, яе гісторыя і культура, геаграфія Беларусі і краязнаўства, замежная мова, агульная геаграфія, а таксама бел. этнаграфія, фальклор, гісторыя бел. дойлідства, выяўл. мастацтва, муз. культуры, асновы рэлігіязнаўства, права, паліталогіі, традыц. логіка, лац. мова, культура вуснай мовы.
Цэнтр рыхтуе і выдае навуч. і метадычныя дапаможнікі, здымае навуч. фільмы. У 1992 адчынены філіялы цэнтра ў Брэсце, Гомелі, Гродне, Магілёве, Светлагорску.
т. 2, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́ДБЕРЫ ((Bradbury) Рэй Дуглас) (н. 22.8.1920, Уокеган, штат Ілінойс, ЗША),
амерыканскі пісьменнік-фантаст. Першы зб. фантаст. апавяданняў «Змрочны карнавал» (1947). Аўтар рамана-антыутопіі «451° па Фарэнгейту», філас.-прыгодніцкага рамана-прытчы «Набліжаецца бяда» (1962), дэтэктыва-стылізацыі пад прозу Д.Хэмета і Р.Чандлера «Смерць — лёс адзінокіх» (1985), рамана «Могільнік лунацікаў» (1990), прасякнутага міфал. матывамі, аўтабіягр. аповесці «Віно з дзьмухаўцоў» (1957), зб-каў апавяд. «Размаляваны чалавек» (1951), «Залатыя яблыкі Сонца» (1953), «Сродак ад меланхоліі» (1959), «Глыбока за поўнач» (1976) і інш., цыкла апавяд. «Марсіянскія хронікі» (1950), п’ес, кніг для дзяцей, радыё-, тэле- і кінасцэнарыяў. Асн. тэмы твораў — небяспека механізацыі і рабатызацыі грамадства, рост бездухоўнасці і уніфікацыі людзей; суаднесенасць рэальна-зямнога і касмічнага, часу і гісторыі, вайны і міру.
Тв.:
Бел. пер. — Пра вандроўкі вечныя і пра Зямлю // Замежная фантастыка. Мн., 1990;
рус. пер. — Рассказы. М., 1975;
Память человечества. М., 1982;
Холодный ветер, тёплый ветер. М., 1983;
О скитаньях вечных и о Земле. М., 1988;
Фантастика Рея Брэдбери М., 1992;
Чикагская бездна. М., 1993.
Е.Л.Лявонава.
т. 3, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ ЯЎРЭ́ЙСКІ ТЭА́ТР БССР.
Існаваў у 1926—49 у Мінску. Створаны з выпускнікоў Яўр. студыі ў Маскве (1922—26). Узначальвалі т-р М.Рафальскі (1926—37) і В.Галаўчынер (1938—46). Маст. аблічча т-ра вызначалі спектаклі, створаныя паводле твораў яўр. класікі: Шолам-Алейхема («Тэўе-малочнік»), А.Гольдфадэна («Суламіф»), І.Аксенфельда («Рэкрут»), М.Мойхер-Сфорыма («Маленькі чалавечак»). Значнае месца ў рэпертуары займала замежная класічная драматургія — п’есы У.Шэкспіра, Мальера, Лопэ дэ Вэгі, К.Гальдоні, Б.Шоу. Т-р імкнуўся папаўняць рэпертуар тагачаснымі нац. п’есамі: «Гірш Лекерт» А.Кушнірова, «Бойтра» М.Кульбака, «Сям’я Авадзіс» П.Маркіша і інш. У 1930-я г. пастаўлены п’есы М.Горкага («Фальшывая манета», упершыню на сав. сцэне), А.Карнейчука, А.Арбузава, М.Пагодзіна. Тэатр героіка-рамантычнага кірунку. У яго пастаноўках — тэатральна яркіх, дынамічных, маляўнічых, насычаных музыкай, танцамі. нар. песнямі — яркая відовішчнасць спалучалася з псіхалагізмам. У Айч. вайну т-р працаваў у Новасібірску. З 1946 у Мінску. У рэпертуары п’есы, прысвечаныя вайне: «Паўстанне ў гета» Маркіша, «Помста» І.Левіна, «Так і будзе» К.Сіманава і спектаклі паводле твораў нац. класікі. Сярод акцёраў т-ра: засл. арт. БССР Ю.Арончык, М.Моін, М.Сокал, А.Трэпель. У канцы 1940-х г. т-р абвінавацілі ў фармалізме, касмапалітызме, нацыяналізме і ў 1949 расфарміравалі.
т. 6, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕДАГАГІ́ЧНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,
сярэднія пед. навуч. ўстановы, якія рыхтуюць кадры для ўстаноў Мін-ва адукацыі (школ, дзіцячых садоў, ПТВ). Навучанне вядзецца па спецыяльнасцях: педагогіка і методыка пач. навучання (настаўнікі пач. класаў), педагогіка і псіхалогія дашкольная, музыка і спевы (выхавальнікі дашкольных устаноў), бел. мова і л-ра, замежная мова, працоўнае навучанне, пазашкольная і пазакласная выхаваўчая работа, педагогіка сацыяльная. Засн. ў 1921, да 1937 наз. пед. тэхнікумамі. На Беларусі ў 1921 былі 3 пед. тэхнікумы, у 1930/31 навуч. г. — 18, у 1940/41 навуч. г. — 26 П.в., у 1944/45 і ў 1967—70 навуч. гадах адпаведна 23 і 9. З 1990-х г. некат. П.в. рэарганізаваны ў пед. каледжы. Існуюць таксама індустрыяльна-пед. каледжы, якія разам з прафесіянальнай адукацыяй даюць пед. веды і рыхтуюць майстроў для ПТВ. У П.в. і каледжы прымаюцца асобы з сярэдняй і базавай адукацыяй. Тэрмін навучання адпаведна 3 і 4 гады. У індустрыяльна-пед. каледжы — пасля заканчэння ПТВ (тэрмін навучання 3 гады). У 1999/2000 навуч. г. ў Беларусі 7 П.в. (Ваўкавыскае, Горацкае, Гродзенскае, Лідскае, Лоеўскае, Пінскае, Рагачоўскае), 11 пед. каледжаў (Аршанскі, Баранавіцкі вышэйшы, Барысаўскі, Гомельскі музычна-пед., Магілёўскі, 2 мінскія, Нясвіжскі, Полацкі, Рэчыцкі, Салігорскі), 3 індустрыяльна-пед. каледжы (Віцебскі, Мінскі, Пінскі), у якіх больш за 17 тыс. навучэнцаў.
І.М.Раманава.
т. 12, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ САЮ́З,
(European Union; ЕС), саюз 15 еўрап. дзяржаў, створаны на аснове Маастрыхцкага дагавора 1992 краінамі—членамі Еўрапейскіх супольнасцей: Бельгіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, Грэцыяй, Даніяй, Ірландыяй, Іспаніяй, Італіяй, Люксембургам, Нідэрландамі, Партугаліяй, Францыяй. 1.1.1995 да яго далучыліся Аўстрыя, Фінляндыя і Швецыя. Дзейнічае з 1.11.1993. Мэта ЕС — стварэнне эканам., валютнага і паліт. саюза, а таксама ўвядзенне агульнага грамадзянства. Эканам. саюз будзе рэалізаваны шляхам правядзення супольнай знешняй эканам. палітыкі, прыняццем агульных рэкамендацый па ўнутр. палітыцы краін-удзельніц, увядзеннем адзінага рынку і ліквідацыі ўсялякіх абмежаванняў на перамяшчэнне людзей, паслуг, тавараў, капіталаў у межах ЕС. Паступова павінна быць уведзена бюджэтная дысцыпліна пад кантролем Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН. Рэалізацыя валютнага саюза плануецца шляхам стварэння Еўрап. валютнага ін-та, Еўрап. цэнтр. банка, абмежавання ваганняў валютных курсаў, рэгістрацыі біржавых каціровак у ЭКЮ і ўвядзення адзінай валюты на тэр. ЕС (да 1999). Замежная палітыка будзе рэалізоўвацца ў форме пастаянных кансультацый і шляхам выпрацоўкі адзінай пазіцыі краін-удзельніц ЕС. Значная ўвага аддаецца пытанням экалогіі, барацьбе са злачыннасцю, наркабізнесам і інш. Палітыка бяспекі распрацоўваецца сумесна з Заходнееўрапейскім саюзам. Грамадзянства ЕС не замяняе грамадзянства краін-удзельніц, яно забяспечвае права ўдзельнічаць у мясц. выбарах, выбарах у Еўрапарламент, звяртацца са скаргамі ў Еўрапарламент і да прадстаўніка ЕС па правах чалавека. Органы Еўрап. супольнасцей (Савет Еўропы, Савет Еўрапейскага саюза, Еўрапейская камісія, Еўрапейскі парламент, Еўрапейскі суд) аўтаматычна сталі органамі ЕС.
Н.К.Мазоўка.
т. 6, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)