МАРО́ЖАНАЕ,

замарожаны асвяжальны дэсертны прадукт, прыгатаваны з малака, вяршкоў, масла, цукру, сокаў садавіны, арэхаў, яек, пахучых і смакавых рэчываў і інш. харч. сыравіны. М. высокакаларыйнае, добра засвойваецца, мае нязначную колькасць вітамінаў. Асн. віды М.: малочнае, сметанковае, пламбір, фруктова-ягаднае. Некаторыя віды дробнафасаванага М. вырабляюць у шакаладнай глазуры (напр., эскімо). Пры вытв-сці М. з зыходнай сыравіны рыхтуюць сумесь, якую пастэрызуюць, ахалоджваюць і збіваюць у фрызерах, расфасоўваюць, а потым ажыццяўляюць «загартоўку» — далейшае замарожванне да т-ры -10 ці -20 °C.

К.​В.​Фамічэнка.

т. 10, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТЫ́ ЗАПА́С,

цэнтралізаваны рэзервовы фонд золата ў злітках і манетах, які належыць дзярж. казначэйствам або цэнтр. банкам, а таксама міжнар. валютна-крэдытным арг-цыям. З 1970-х г. практычна замарожаны; выкарыстоўваецца ў некаторых выпадках як забеспячэнне крэдытаў замежных дзяржаў або міжнар. арг-цый, а краінамі, што сталі на шлях развіцця, — для атрымання замежнай валюты шляхам продажу металу на рынках золата, аўкцыёнах, фін. органам інш. краін. Пэўная частка дзярж. З.з. вылучаецца для прам-сці або прадаецца прыватным асобам (як правіла, у выглядзе залатых манет). Асн. частка З.з. ў сярэдзіне 1990-х г. прыпадала на прамыслова развітыя краіны (77% ад сусветных), на 130 краін, што сталі на шлях развіцця (13%). У першай пяцёрцы па З.з. знаходзіліся ЗША — 8,1 тыс. т, Германія — 3,7 тыс. т, Францыя — 3,2 тыс. т, Італія —2,6 тыс. т, Швейцарыя — 2,6 тыс. т (усяго 20,2 тыс. т). Агульныя сусв. афіцыйныя З.з. ў 1980 складалі 35,8 тыс. т, у 1994—34,2 тыс. т. Гл. таксама Золатавалютныя рэзервы.

В.​А.​Драздоў.

т. 6, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)