ЗА́ЛПАВЫ ВЫ́КІД,
адначасовы канцэнтраваны выкід значнай колькасці забруджвальных рэчываў у навакольнае асяроддзе; аварыйны выкід. Выкарыстоўваўся прадпрыемствамі з устарэлымі сістэмамі ачышчальных збудаванняў наўмысна, напр., на буйных вадатоках у час паводкі (з мэтай хуткага разбаўлення сцёкаў). Прычыняе ўрон прыродзе, рэзка парушае колькасныя і якасныя суадносіны асн. матэрыяльна-энергетычных кампанентаў асяроддзя (вод, глеб, энергіі, расліннага покрыва, жывёльнага свету і інш.).
т. 6, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГО́НЬ (ваен.),
стральба з розных відаў агнястрэльнай зброі, адзін з асн. сродкаў знішчэння і паражэння праціўніка.
Адрозніваюць агонь адзіночнымі выстраламі, залпавы, бесперапынны; па напрамках — перакрыжаваны, франтальны, флангавы; можа быць беглы, кінжальны, масіраваны, метадычны і інш., з артыл. сістэм — сканцэнтраваны, рухомы і нерухомы загараджальны, паслядоўны, агнявы вал і інш. Агонь уключае таксама пуск ракет у звычайным начынні.
т. 1, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)