«ЗАДО́РА»,

прыватнаўладальніцкі герб, якім у Польшчы, Беларусі, Літве і на Украіне карысталіся больш за 60 родаў, у т. л. Борхі, Даўгялы, Кезгайлы, Лянцкаронскія. У блакітным полі сярэбраная галава льва, з пашчы шугае полымя; клейнод — над прылбіцай з каронай такая ж галава. Вядомы з канца 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

В.С.Пазднякоў.

Герб «Задора».

т. 6, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Задора П. К. 8/220, 247

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЗГА́ЙЛЫ, Кежгайлы,

магнацкі род герба «Задора». Паходзяць са стараж. літ. баярства, ахрышчанага ў каталіцтва пасля 1385, ад баярына Бушкі (каля 1320 — пасля 1385) і яго сына Валімонта (каля 1350 — пасля 1398). Прозвішча роду К. паходзіць ад імя трэцяга з сыноў Валімонта — Кезгайлы (Міхала, каля 1380 — каля 1450), намесніка вількамірскага (1409—12, старосты жамойцкага ў 1412—32, 1440—41 і з 1442), кашталяна віленскага (з 1445). Найб. вядомыя К.:

Міхаіл (каля 1410—76), сын Кезгайлы, канцлер ВКЛ (1444), адначасова ваявода віленскі (з 1459). Ад вял. кн. Казіміра атрымаў у 1451 частку Лукомскай вол., Дварэц і Ельну ў Новагародскім пав., воласць Бакшты (пазнейшыя Дукора і Смілавічы) у Менскім пав., у 1465 — Любчу на Нёмане і Ракаў. Я н (каля 1415—85), сын Кезгайлы, атрымаў у 1451 ад вял. кн. Казіміра Мсцібогаў у Ваўкавыскім пав., у спадчыну пасля бацькі — частку Дзевялтова, Крожаў і інш. маёнткаў у Літве і Жамойці. Староста жамойцкі (з 1465) і адначасова кашталян віленскі (з 1478). Станіслаў (мянушка Рэкуць, каля 1450—1527), сын Яна, атрымаў частку Дзевялтова, Крожаў, Мсцібогаў, Ракаў, частку Бакштаў, Налібак і Дзераўную ў Менскім пав. і інш. Староста жамойцкі (1485), часова гетман найвышэйшы (1501—02), кашталян віленскі (з 1522). Трэці сын Станіслаў (каля 1500—1532), староста жамойцкі (з 1527), адначасова кашталян трокскі (з 1528). Мікалай (1461? — 1512), малодшы сын Яна, атрымаў частку Крожаў, Налібак, Дзевялтова, Ельну. Яго ўнук Станіслаў Мікалаевіч (каля 1520—54) паступіў у світу вял. кн. Жыгімонта Аўгуста. У 1545 кухмістр, потым стольнік ВКЛ. У 1549 атрымаў тытул графа «Свяшчэннай Рымскай імперыі». З 1551 падчашы ВКЛ. Пасля яго смерці род К. згас, уладанні падзялілі родзічы па жаночай лініі.

В.Л.Насевіч.

т. 8, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)