НЕГАТО́РНЫ ІСК (ад лац. actio negotoria іск адмовы) у цывільным праве і працэсе, патрабаванне ўласніка маёмасці да асобы, якая сваімі проціпраўнымі дзеяннямі перашкаджае яму ажыццявіць права карыстання ці распараджэння гэтай маёмасцю. Напр., пад’езд да гаража ўласніка загрувашчаны буд. матэрыяламі суседа. што стварае перашкоду нармальнаму ажыццяўленню правоў уласніка. Зместам Н.і. з’яўляецца: спыненне дзеянняў адказчыка, устараненне парушальнікам сваімі сіламі і сродкамі створаных ім перашкод і забарона іх учынення на будучае. Н.і. можа быць задаволены толькі да таго часу, пакуль працягваецца правапарушэнне або не ліквідаваны яго вынікі; уласнік таксама мае права патрабаваць кампенсацыі нанесеных страт.
А.П.Марыкаў.
т. 11, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКЛА́ДНІЦТВА,
пераход дзярж. цяглых людзей да феадалаў у Рус. дзяржаве 13 — пач. 18 ст. Каб пазбавіцца цяжкіх дзярж. падаткаў і павіннасцей, збяднелыя сяляне і гараджане дамаўляліся («закладваліся») з феадаламі перайсці да іх, калі будуць зменшаны павіннасці. Пры гэтым закладнікі трацілі асабістую свабоду і траплялі ў залежнасць да феадала. Упершыню З. ўпамінаецца ў дагаворнай грамаце 1266 Ноўгарада з цвярскім князем. Урад, не задаволены памяншэннем даходаў ад скарачэння цяглых сялян, Судзебнікам 1550 забараніў гандл. людзям «закладвацца» за манастыры, а ў 1584 — свецкім феадалам прымаць закладнікаў. Пастановы 1619, 1638 абавязалі закладнікаў вярнуцца на старыя месцы. З. фармальна забаронена Саборным улажэннем 1649, аднак існавала да пач. 18 ст. Дакументы 15—16 ст. сведчаць пра існаванне З. і на Полацкай зямлі.
т. 6, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)