Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЭКСТРУ́ЗІЯ (ад гідра... + экструзія),
спосаб апрацоўкі металаў ціскам, пры якім змешчаная ў замкнуты кантэйнер загатоўка выціскаецца праз канал матрыцы вадкасцю пад ціскам (0,5—3 ГПа). Выконваецца на ўстаноўках са знешняй крыніцай ціску вадкасці і прамога дзеяння, у якіх ціск вадкасці ў кантэйнеры ствараецца перамяшчэннем прэс-штэмпеля. Рабочыя вадкасці — вада, масла, расплаўленыя шкло, солі, легкаплаўкія металы. Выкарыстоўваецца для атрымання металург. паўфабрыкатаў (дрот, пруткі і профілі з цяжкадэфармуемых і тугаплаўкіх металаў) або загатовак для металарэзнага інструменту (свердлаў, метчыкаў, раскрутак і інш.).
Схемы гідраэкструзіі: а — з вынесенай крыніцай ціску вадкасці; б — прамога дзеяння; 1 — ушчыльненні; 2 — матрыцы; 3 — вадкасць; 4 — загатоўка; 5 — кантэйнер; 6 — прэс-штэмпель.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЮМ, блум (англ. bloom),
стальная загатоўка квадратнага сячэння са стараной больш за 140 мм. Атрымліваецца са зліткаў ці з літых загатовак пракаткай на абціскных станах — блюмінгах або блюмінгах-слябінгах. Прызначана для вытв-сці сартавога пракату (рэек, бэлек і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙСМУСАВЫ СТАНО́К,
адзін з відаў дрэварэзальных станкоў для прастругвання дошак, брусковых загатовак або шчытавых зборачных адзінак цыліндрычным фрэзераваннем. Рэзальны інструмент — нажавы вал з устаўленымі нажамі, падача загатоўкі — вальцовым механізмам. Для апрацоўкі на Р.с. ў загатоўкі папярэдне фарміруюць 1—2 базавыя паверхні на фугавальным станку.
Схема аднабаковага рэйсмусавага станка: 1 — ролік; 2 — стол; 3 — загатоўка; 4 і 8 — задні і пярэдні падавальныя вальцы; 5 і 7 — задні і пярэдні прыціскачы; 6 — вал з рэжучымі нажамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАВА́Я ШТАМПО́ЎКА,
від штампоўкі, пры якой з ліставога пракату (ліста, паласы, стужкі) атрымліваюць вырабы плоскай або прасторавай формы без змены таўшчыні матэрыялу. Бывае гарачая (штампуюць лісты таўшчынёй больш за 15 мм) і халодная (да 15 мм). Да Л.ш. адносяць гібку, выцяжку, рэзку (разразанне, вырубку, прабіўку адтулін), а таксама адбартоўку, закрутку, зборку і інш. Выкарыстоўваецца ў аўтамаб., радыётэхн., электроннай і інш. галінах вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАЗІ́ЎНА-І́МПУЛЬСНАЯ АПРАЦО́ЎКА,
від ультрагукавой апрацоўкі, пры якім паверхня крохкіх матэрыялаў апрацоўваецца імпульсным уздзеяннем абразіўных часцінак. Пры абразіўна-імпульснай апрацоўцы ў зону апрацоўкі нагнятаецца суспензія абразіўных часцінак алмазу, вокісу алюмінію, карбіду крэмнію ці бору, рух якіх выклікаецца канцэнтратарам ультрагукавых ваганняў. Пры ўздзеянні на матэрыял часцінкі зразаюць яго, і апрацаваная паверхня капіруе форму рабочай часткі канцэнтратара. Крыніцай ваганняў з’яўляецца ультрагукавы генератар. абразіўна-імпульснай апрацоўкі выкарыстоўваецца пераважна для фарміравання адтулін, поласцяў, фасонных паверхняў, шліфавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́БКА,
спосаб апрацоўкі металаў ціскам, пры якім загатоўцы або яе частцы надаецца выгнутая форма. Да гібкі адносіцца ўласна гібка, або гнуццё (атрыманне гнутых профіляў), прафіляванне (гафрыраванне, выгінанне), згортванне (атрыманне зварных труб), навіванне спружын, праўка і інш. Гібка ажыццяўляецца на гібачных машынах, універсальных прэсах або ўручную. Спосабам гібкі вырабляюць дэталі машын і прылад, розныя метызы і інш.
Узоры дэталей, якія можна зрабіць гібкай.Да арт.Гібка: а — схема гібкі, б — гібка па шаблоне (1 — прыціскач, 2 — загатоўка, 3 — націскны ролік, 4 — шаблон).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАКА́ТКА,
накатванне, апрацоўка пластычным дэфармаваннем вонкавых паверхняў метал. вырабаў і дэталяў з дапамогай накатвальнага інструменту (ролікаў, плашак і інш.).
Формаўтваральная Н. выкарыстоўваецца для ўтварэння рысак і сетак (напр., на ручках інструментаў), для надання формы зубам зубчастых колаў, утварэння разьбы на дэталях, нанясення шкал, умацавальная Н. — для ўтварэння наклёпу і павышэння трываласці, зносаўстойлівасці паверхняў валоў, восей, утулак і г.д. Для Н. выкарыстоўваюць спец. прыстасаванні, зубанакатныя станкі, рэзьбанакатныя аўтаматы.
Схема накаткі рыфленай паверхні (а) і віды рыфленняў (б): 1 — загатоўка; 2 — ролікі накатніка; 3 — трымалка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЁМНАЯ ШТАМПО́ЎКА,
від штампоўкі, пры якой загатоўка прымае аб’ёмную форму рабочай поласці штампа. Пры гарачай аб’ёмнай штампоўцы матэрыял награваюць да 200—1300 °C у полымных печах, індукцыйных або інш. тыпу ўстаноўках, затым апрацоўваюць на штамповачных молатах і прэсах (пры вырабе, напр., зубчастых колаў, каленчатых валоў). Пры халоднай аб’ёмнай штампоўцы атрымліваюць вырабы з гладкай паверхняй (заклёпкі, цвікі, загатоўкі балтоў і інш.) пераважна на прэсавых аўтаматах.
Аб’ёмная штампоўка: 1 — верхняя частка штампа; 2 — выраб ва ўнутранай частцы штампа; 3 — завусенец (лішак металу); 4 — ніжняя частка штампа.