БЕЛАСТО́ЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войскаў 2-га Бел. фронту (ген.-палк. Г.Ф.Захараў) 5—27 ліп.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі 3, 49, 50, 4-я паветраныя арміі. Задача аперацыі — без аператыўнай паўзы развіць наступленне ў напрамку на Навагрудак, Ваўкавыск, Беласток, завяршыць разгром рэшткаў 4-й і 9-й ням. армій, выйсці да граніцы з Усх. Прусіяй і Польшчай. У ходзе аперацыі адбіты спробы праціўніка вырвацца з акружэння з т.зв. мінскага «катла» ў паўд. і паўд.-зах. напрамках, вызвалены Дзяржынск, Навагрудак, Зэльва, Масты, Ваўкавыск, Гродна, Беласток, фарсіраваны Свіслач і Нёман, сав. войскі выйшлі на подступы да граніцы з Усх. Прусіяй, пачалося вызваленне паўн.-ўсх. раёнаў Польшчы. 11 часцям і злучэнням нададзены ганаровыя найменні «Ваўкавыскіх», 17 — «Гродзенскіх», 24 — «Беластоцкіх».
т. 3, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАРБАРО́СА ПЛАН»
(«Barbarossa Fall»),
умоўная назва плана ваен. кампаніі фаш. Германіі супраць СССР у 2-ю сусв. вайну. Аформлены некалькімі дакументамі. Назва ад імя герм. караля і імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Фрыдрыха І Барбаросы — кіраўніка крыжовых паходаў на Усход у 12 ст. Распрацоўваўся камандаваннем герм. узбр. сіл з 21.7.1940, зацверджаны Гітлерам 18.12.1940 (дырэктыва № 21). Зыходзіў са стратэгіі «маланкавай вайны» (ням. «бліцкрыг») — завяршыць вайну да зімы 1941. Прадугледжваў раптоўнае нанясенне некалькіх моцных удараў буйнымі сіламі танкавых, механізаваных войскаў і авіяцыі з мэтай расчляніць, акружыць і знішчыць гал. сілы Чырв. Арміі на З ад рэк Дняпро і Зах. Дзвіна, захапіць гал. стратэгічныя аб’екты — Ленінград, Маскву, Цэнтр. прамысл. раён і Данецкі вугальны басейн, далейшы рух у глыб СССР і канчатковы выхад на лінію Архангельск—Астрахань. На У ад гэтай лініі меркавалася «паралізаваць з дапамогай авіяцыі» ўральскую прамысловасць. Вайну супраць СССР Гітлер разглядаў як «канфлікт двух светапоглядаў» і патрабаваў весці яе «на знішчэнне». У сувязі з Балканскай кампаніяй 1941 уварванне ў СССР перанесена з мая 1941 на 22.6.1941. Ход Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941—45 сарваў поўную рэалізацыю «Барбароса плана».
Публ.:
План «Барбаросса» // Военно-ист. Журнал. 1991. № 3.
У.Я.Калаткоў.
т. 2, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗІ́НА-АБХА́ЗСКІ КАНФЛІ́КТ 1990-х г. З’явіўся вынікам рэзкага абвастрэння супярэчнасцей у груз.-абх. адносінах, выкліканага незадаволенасцю Абхазіі сваім дзярж. статусам і нац. палітыкай груз. кіраўніцтва. Масавыя антыгруз. хваляванні абх. насельніцтва адбыліся ў 1964, 1967, 1978. У 1989 канфлікт выліўся ў кровапралітнае сутыкненне, якое ўдалося лакалізаваць. У лют. 1992 Вярх. Савет Грузіі прыняў рашэнне аб увядзенні ў дзеянне Канстытуцыі Груз. Дэмакр. Рэспублікі 1921, у якой Абхазская АССР як суб’ект дзярж.-прававых адносін не згадвалася. У адказ Вярх. Савет Абхазіі прыняў рашэнне аб вяртанні да Канстытуцыі рэспублікі 1925, дзе абумоўліваліся дагаворныя адносіны паміж Грузіяй і Абхазіяй. У ліп.—жн. 1992 становішча ў Зах. Грузіі і Абхазіі рэзка абвастрылася. 14.8.1992 сілы нац. гвардыі Грузіі ўвайшлі на тэр. Абхазіі. Груз. кіраўніцтва заявіла, што гэта вымушаная мера, якая мае на мэце абарону камунікацый. Кіраўніцтва Абхазіі назвала дзеянні груз. боку «ўзброенай агрэсіяй супраць рэспублікі з мэтай яе акупацыі». Грузіна-абхазскі канфлікт імкліва выходзіў за рамкі Грузіі, дэстабілізуючы становішча ва ўсім каўк. рэгіёне. У канцы 1993 пачаліся груз.-абх. перагаворы пад эгідай ААН. 4.4.1994 груз. і абх. дэлегацыі падпісалі ў Маскве Дэкларацыю аб мерах паліт. ўрэгулявання, якая ўключала адмову абодвух бакоў ад выкарыстання ваен. сілы і пагадненне аб добраахвотным вяртанні бежанцаў і перамешчаных асоб. У зону грузіна-абхазскага канфлікту ўведзены міратворчыя сілы Расіі. Толькі за 1 год абодва бакі страцілі каля 10 тыс. чал., матэрыяльныя страты склалі больш як 500 млрд. руб. (у цэнах жн. 1992). У жн. 1997 у Тбілісі прынята груз.-абх. заява аб намеры бакоў завяршыць канфлікт і аднавіць адносіны мірнага жыцця і ўзаемнай павагі.
Літ.:
Белая книга Абхазии: Док., материалы, свидетельства [1992—1993]. М., 1993.
В.С.Клімовіч.
т. 5, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)