МІ́НСКАЕ ДО́СЛЕДНАЕ РЫБАПЕРАПРАЦО́ЎЧАЕ КО́МПЛЕКСНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА.

Засн. ў 1973 у Мінску. З 1988 наз. Мінскі холадакамбінат па захаванні, перапрацоўцы і рэалізацыі рыбных тавараў, з 1990 арэнднае прадпрыемства, з 1995 адкрытае акц. т-ва «Рыбакомплекс». Працуюць асн. цэхі: вяндлярны, кулінарны, прэсерва-марынадны, сыравінны і дапаможныя, халадзільныя камеры. Выпускае (1999) больш за 100 найменняў рыбапрадукцыі, у т. л. з марской капусты 7, прэсерваў больш за 30, рыбы халоднага і гарачага вэнджання больш за 50, салёнай рыбы больш за 10 найменняў. Сыравіна завозіцца ў асн. з краін Балтыі і Расіі.

т. 10, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАЗДАБЫЎНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

спецыялізаваная галіна прамысловасці, якая ўключае разведку, здабычу нафты і спадарожных ёй газаў, пач. падрыхтоўку нафты для яе транспарціроўкі і перапрацоўкі. Н.п. Беларусі грунтуецца на радовішчах у Гомельскай вобл. Прамысл. распрацоўка першага на Беларусі радовішча нафты пачалася ў 1965 (за год здабыта 39 тыс. т). У 1966—70 уведзены ў эксплуатацыю Асташкавіцкае, Вішанскае і Давыдаўскае радовішчы (усе Светлагорскі р-н). Да канца 1970-х г. разведаны 18 радовішчаў. Нафта ў іх залягае ў сярэдніх і малых радовішчах пл. ад 50 км² да 1—2 км². Дэбіт свідравін невялікі, асн. спосаб здабычы — помпавы. Эфектыўнасць нафтаздабычы абумоўлена высокай якасцю нафты, дастатковай гасп. асвоенасцю тэрыторыі. З усіх радовішчаў (іх больш за 30) па нафтаправодах нафта ідзе да Рэчыцкага і Асташкавіцкага, дзе праходзіць прамысл. падрыхтоўку (абязводжванне, абяссольванне, сепарацыя), потым падаецца ў нафтаправод «Дружба» і на нафтаперапрацоўчыя з-ды. За 1965—90 здабыта каля 90 млн. т нафты. У 1998 здабыта 1830 тыс. т (уключаючы газавы кандэнсат). Здабытай нафты для патрэб Беларусі не хапае, таму яна завозіцца з Расіі.

Сусв. запасы нафты складаюць больш за 130 млрд. т. Найб. запасы яе знаходзяцца ў Саудаўскай Аравіі, Кувейце, Расіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Іраку, Іране, дзе адпаведна сканцэнтравана значная частка Н.п. У Н.п. краін Блізкага, Сярэдняга і Далёкага Усходу, Лац. Амерыкі, Паўд.-Усх. Азіі пануюць манаполіі ЗША і Вялікабрытаніі, на долю якіх прыпадае больш як палавіна здабычы і перапрацоўкі нафты.

Да арт. Нафтаздабыўная прамысловасць. Нафтапромысел у Рэчыцкім раёне.

т. 11, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЙНА-ТЛУ́ШЧАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці, вытв-сць раслінных алеяў, маргарыну, маянэзу, кулінарнага тлушчу, пакосту, гліцэрыну, гасп. мыла, мыйных сродкаў на тлушчавай аснове, а таксама гідрагенізацыя і расшчапленне тлушчу.

У старажытнасці выраблялі аліўкавы і пальмавы алей, які лёгка выдзяляецца пры невял. ціску. У пач. 19 ст. пашырыўся прэсавы метад, у 1856 вынайдзены больш эфектыўны экстракцыйны метад з выкарыстаннем арган. растваральнікаў алею (бензіну, дыхлорэтану). Вырабляецца соевы, пальмавы (з пладоў алейнай і какосавай пальмаў), сланечнікавы, рапсавы, бавоўнікавы, ільняны, гарчычны, кукурузны, арахісавы, аліўкавы, тунгавы, рыцынавы, абляпіхавы і інш. алей (гл. Алейныя культуры). Сусветны выраб за год больш за 90 млн. т (1986), больш як палова яго — харчовы. Найбуйнейшыя вытворцы: ЗША, Бразілія, Мексіка (соевы алей); Кітай, Індыя, Германія, Канада (рапсавы); Аргенціна, Расія, Германія, Украіна (сланечнікавы); Іспанія, Італія, Партугалія (аліўкавы); Малайзія, Інданезія, Нігерыя, Калумбія (пальмавы).

Вытворчасць алею на Беларусі вядома з ранняга сярэднявечча. Выціскалі з насення лёну і канопляў. Галіна алейна-тлушчавай прамысловасці ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. спачатку на мясц. сыравіне, потым — на прывазной. У 1913 дзейнічала 6 цэнзавых алейных, 5 мылаварных і 2 стэарынавыя з-ды. У 1931 пабудаваны маслабойны завод у Віцебску, у 1932 — маргарынавы ў Гомелі (з 1935 — тлушчавы камбінат), у 1939 дзейнічалі Баранавіцкі і Глыбоцкі маслабойныя з-ды; у 1940 наладжаны выраб пакосту (Віцебск). Пасля Вял. Айч. вайны аднавілі работу Бабруйскі і Баранавіцкі маслабойныя з-ды, Гомельскі тлушчавы камбінат. У 1951 пабудаваны Мінскі маргарынавы завод. Рэканструяваны Бабруйскі маслабойны з-д. На Віцебскім маслабойным з-дзе пушчаны экстракцыйны цэх. У 1991 уведзены ў строй маслабойны цэх у калгасе «Новы быт» (Мінскі р-н). Працуюць (1995): Віцебскі алейнаэкстракцыйны завод, Гомельскі тлушчавы камбінат, Мінскі маргарынавы завод, Бабруйскі алейны з-д, алейны цэх у калгасе «Новы быт». Выраб алею ў 1994 склаў 5,2 тыс. т (найб. аб’ём вытв-сці ў 1990 — 26,4 тыс. т), маргарынавай прадукцыі 19,2 тыс. т (найб. аб’ём у 1987—127,7 тыс. т). Адходы алейна-тлушчавай в. ідуць на корм жывёле (гл. Макуха, Шрот). Алей для спажывання і далейшай перапрацоўкі завозіцца на Беларусь з Украіны, Малдовы, Расіі, Германіі, Польшчы (129,2 тыс. т, 1990; 44,3 тыс. т, 1994); сыравіна для алейна-тлушчавай прамысловасці — з Польшчы і Германіі.

Т.​Н.​Жданоўская, Г.​П.​Астапенка.

т. 1, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)