Заа... 4/456

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗОА..., тое, што і Заа...

т. 7, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАА..., зоа... (ад грэч. zōon жывёла, жывая істота), першая састаўная частка складаных слоў, што абазначае: які адносіцца да жывёл, жывёльнага свету, напр., заалогія, зоагеаграфія.

т. 6, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААНО́ЗЫ (ад заа... + грэч. nosos хвароба),

інфекцыйныя і інвазійныя хваробы, на якія хварэюць жывёлы. Да З. адносяць некрабактэрыёз, мыт, пастэрэлёз, чуму свіней і буйн. раг. жывёлы і інш. З. наз. таксама хваробы, якімі чалавек можа заразіцца ад жывёл (антрапазаанозы, напр., шаленства, бруцэлёз, чума).

т. 6, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗААСПЕРМІ́Я (а... + заа... + грэч. sperma семя),

адсутнасць у сперме сперматазоідаў пры наяўнасці іх папярэдніх формаў (клетак сперматагенезу, прадуктаў сакрэцыі прастаты і семявых пузыркоў); адна з прычын бясплоддзя ў мужчын. Азааспермія могуць выклікаць прыроджаныя (генет.) парушэнні, таксічныя ўздзеянні радыеактыўных і хім. рэчываў, хваробы палавых органаў.

т. 1, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААФІ́ЛІЯ (ад заа... + ...філія),

1) перакрыжаванае апыленне раслін з дапамогай жывёл, звычайна насякомых, што жывяцца кветкавым пылком, нектарам, сакаўнымі тканкамі кветкі і інш., іншы раз (пераважна ў тропіках) — птушкамі (калібры) і млекакормячымі.

2) Адна з форм палавой ненармальнасці ў чалавека, пры якой ён атрымлівае задавальненне ад сексуальнага кантакту з жывёлай.

т. 6, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААСПО́РА (ад заа... + спора),

зоаганідый, рухомая клетка (спора) водарасцей і некаторых грыбоў, якая служыць для бясполага размнажэння і рассялення. Утвараецца ў аднаклетачным органе — зоаспарангіі. У адрозненне ад тыповай расліннай клеткі пазбаўлена шчыльнай абалонкі. У многіх водарасцей З., акрамя храматафору, маюць таксама чырв. вочка і пульсуючыя вакуолі. У вадзе З. перамяшчаецца з дапамогай жгуцікаў, якія праз некат. час губляе, утварае шчыльную абалонку і развіваецца ў новы арганізм водарасці ці грыба.

т. 6, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААБЕ́НТАС (ад заа... + бентас),

сукупнасць донных жывёл, што жывуць на грунце і ў грунце марскіх і мацерыковых вадаёмаў. Адрозніваюць жывёл, якія жывуць у тоўшчы грунту (інфауна), перамяшчаюцца на паверхні грунту (анфауна) — многашчацінкавыя чэрві і малюскі, большасць ігласкурых, ракападобныя; прымацоўваюцца да субстрату (эпіфауна), плаваюць паблізу дна і толькі перыядычна апускаюцца на дно (нектабентас) — крэветкі, мізіды, некат. галатурыі, прыдонныя рыбы і інш. Асн. маса З. жыве на мелкаводдзі, дасягае многіх дзесяткаў кілаграмаў на 1 м² (пераважна малюскі), на большай глыбіні — паліхеты, ракападобныя, ігласкурыя. Гл. таксама Бентас.

т. 6, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААТЭ́ХНІЯ (ад заа... + грэч. technē майстэрства, уменне),

навука пра развядзенне, кармленне, утрыманне, догляд і гасп. выкарыстанне с.-г. жывёл; тэарэт. асновы жывёлагадоўлі. Тэрмін «З.» прапанаваў франц. вучоны Ж.Бадэман (1848). Падзяляюць на агульную (вывучае агульныя прынцыпы З.) і прыватную (распрацоўвае сістэму вядзення галін малочнай і мясцовай жывёлагадоўлі, свіна-, авечка-, коне-, птушкагадоўлі, пчалярства, зверагадоўлі і інш., пытанні тэхналогіі вытв-сці асобных відаў прадукцыі: малака, ялавічыны, свініны, прадуктаў птушка- і авечкагадоўлі).

Рэкамендацыі па доглядзе жывёл сустракаюцца ў антычных вучоных. Навукова абгрунтаваныя формы кармлення с.-г. жывёл пачалі распрацоўваць з 17 ст., з канца 18 ст. ствараюцца розныя пароды с.-г. жывёл.

У Беларусі даследаванні па З. вядуцца з 1919 (І.І.Калугін, М.М.Кулагін, М.В.Найдзёнаў і інш.). Яе развіццю спрыялі працы В.С.Антанюка, К.Ф.Барысаўца, А.А.Гайко, З.Д.Гільмана, В.Ц.Горына, М.П.Грыня, В.А.Івановай, У.П.Лемеша, І.М.Нікітчанкі, С.І.Пляшчанкі, К.М.Сонцава, У.І.Шляхтунова, М.А.Янко і інш. Н.-д. работа вядзецца ў Бел. НДІ жывёлагадоўлі, БСГА, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, шэрагу ВНУ. Вырашаюцца праблемы павышэння ўстойлівасці жывёлы да хвароб і стрэсаў, прафілактыкі распаўсюджвання спадчынных анамалій, працягласці гасп. выкарыстання і інш.

А.Ф.Трафімаў.

т. 6, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЛЁНЫЯ ВО́ДАРАСЦІ (Chlorophyta),

аддзел ніжэйшых раслін. 5 класаў: вальвоксавыя, кан’югаты, сіфонавыя водарасці, пратакокавыя (Protococcophyceae), улотрыксавыя (Ulotrichophyceae). Каля 400 родаў, да 20 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах і ў морах; трапляюцца ў вадаёмах, глебе, на скалах і сценах, кары дрэў, поўсці млекакормячых. У якасці эндасімбіёнтаў жывуць у клетках прасцейшых, губак, гідраў (зоахларэла). Планктонныя і бентасныя арганізмы, ёсць эпіфіты на раслінах і жывёлах, сімбіёнты з інш. арганізмамі (напр., лішайнікі). На Беларусі 140 родаў, каля 650 відаў. Найб. пашыраныя роды: аацысціс, анкістрадэсмус, вальвокс, гідрадыкцыён, дэсмідыум, зігнема, кладофара, кластэрыум, лагерхеймія, мужоцыя, пандарына, спірагіра, сцэнедэсмус, тэтраэдран, улотрыкс, хламідамонас, хларэла, цэластрум, эўдарына і інш. У складзе планктону выклікаюць «цвіценне» вады. Некат. (напр., ульва) ядомыя. Актыўныя фотасінтэтыкі і ўдзельнікі самаачышчэння вады. аб’екты даследаванняў як крыніцы харч. біямасы ў замкнёных экалагічных сістэмах (напр., хларэла і сцэнедэсмус).

Адна-, шматклетачныя, каланіяльныя, цэнабіяльныя арганізмы рознай марфал. структуры цела (акрамя амебоіднай), памерам ад 1 мкм да дзесяткаў сантыметраў. Колер зялёны (хларафіл пераважае над жоўтымі пігментамі — карацінамі і ксантафіламі), рэдка бясколерныя арганізмы. Клеткі з цэлюлознай, цэлюлозна-пекцінавай ці пекцінавай абалонкай, адна- або шмат’ядравыя. Хларапластаў 1 ці некалькі, восевыя ці пасценныя, рознай формы. Запасныя рэчывы — крухмал і зрэдку алей. Размнажэнне вегетатыўнае, бясполае (заа-, апланаспорамі або акінетамі), полавае (іза-, гетэра-, гола-, аагамія і кан’югацыя). У рухомых З.в. ёсць вочка, 2—4 і больш жгуцікаў.

С.С.Мельнікаў.

Зялёныя водарасці: 1 — хларэла звычайная; 2 — сцэнедэсмус чатыроххвосты; 3 — ульва салатная; 4 — хара звычайная; 5 — ацэтабулярыя мяцёлчатая; 6 — кодыум крохкі.

т. 7, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)