ПЕРСЕФО́НА, Кора,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня ўрадлівасці і падземнага царства мёртвых. Лічылася дачкой Зеўса і Дэметры. Бог падземнага царства Аід выкраў яе і зрабіў сваёй жонкай. Няўцешная Дэметра наслала на зямлю засуху і неўраджай. Зеўс загадаў Аіду адпусціць П. да маці, але П., якую Аід прымусіў з’есці чароўнае гранатавае зерне, штогод імкнецца да мужа ў царства мёртвых, дзе праводзіць трэць года. Дэметра ў гэты час зноў пакутуе, прырода на зямлі замірае. У міфе пра П. адбіўся штогадовы працэс замірання і ажывання прыроды. Стараж. рымляне шанавалі П. пад імем Празерпіны.
т. 12, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́ЙНАЯ ВЯЧЭ́РА,
паводле Евангелляў, апошняя сумесная трапеза Ісуса Хрыста і дванаццаці апосталаў у Іерусаліме напярэдадні «перадвелікоднай пятніцы», распяцця Хрыста на крыжы і яго смерці. У час святочнай вячэры, прыгатаванай вучнямі (апосталамі), Хрыстос прадказаў, што адзін з іх (Іуда Іскарыёт) здрадзіць яму. Надламаўшы хлеб, Ісус даў яго з’есці вучням са словамі: «гэта ёсць цела маё», потым даў ім папіць з кубка з віном, кажучы: «гэта ёсць кроў мая Новага Запавету, якая за многіх праліваецца». Ён завяшчаў вучням і надалей рабіць так, як успамін пра яго, уводзячы тым самым адно з таінстваў хрысц. царквы — прычасце (еўхарыстыю).
т. 15, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЫЁМА (ад грэч. idiōma своеасаблівы выраз) у мовазнаўстве, складанае па структуры моўнае адзінства з цэласным семантычным зместам. У вузкім сэнсе — фразеалагічнае зрашчэнне (гл. Фразеалагізм). Састаўныя ідыяматычных адзінстваў наз. кампанентамі, у І. яны страчваюць сваё звычайнае значэнне (напр., «сабаку з’есці» — мець вял. навык, вопыт у чым-н.).
Вылучаюцца марфалагічныя І. — словы, значэнне якіх не абумоўлена сукупнасцю значэнняў іх марфем; лексічныя І. — спалучэнні двух і больш слоў пастаяннага лексіка-грамат. складу, злітнае значэнне якіх не вынікае са зместу асобных кампанентаў; сінтаксічныя І. — простыя або складаныя канструкцыі, агульнае значэнне якіх не вынікае з сумы значэнняў форм і ўласцівых ім сінтакс. адносін. І. — сродак выразнасці і вобразнасці мовы. Вывучае І. ідыяматыка.
І.Р.Шкраба.
т. 7, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)