ЖЭЛАЦІ́НА, жэлацін (франц. gélatine ад лац. gelatus замёрзлы, застылы),
сумесь бялковых рэчываў жывёльнага паходжання; прадукт дэнатурацыі калагену. Сухая Ж. без паху, смаку, празрыстая, злёгку афарбаваная ў жоўты колер. Набухае ў вадзе і раствараецца пры награванні, раствор пры ахаладжэнні ўтварае студзіну. Атрымліваюць з касцей, сухажылляў, храсткоў (найб. чыстая — з рыбных), адходаў скуры шляхам працяглага кіпячэння з вадой. Выкарыстоўваюць у харч., папяровай, паліграф. прам-сці, у вытв-сці фота- і кінаплёнак, фотапаперы, у мікрабіялогіі (пажыўнае асяроддзе).
т. 6, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАГЕ́Н (ад грэч. kolla клей + ...ген),
фібрылярны бялок, што ўтварае аснову калагенавых валокнаў злучальнай тканкі і забяспечвае яе трываласць. Складае каля 1/3 усіх бялкоў арганізма. Малекула К. ўтворана з 3 поліпептыдных ланцугоў; у саставе К. гліцын, аксіпралін і аксілізін. Не раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Раствараецца ў шчолачы. Ад доўгага награвання ператвараецца ў жэлацін. Устойлівы да пратэалітычных ферментаў, расшчапляецца калагеназай. Парушэнне структуры і абмену К. — адна з прычын калагенавых хвароб.
т. 7, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ЖЭЛАЦІ́НАВЫ ЗАВО́Д Пабудаваны ў 1937 у Магілёве як косцеперапрацоўчы з-д. У Вял. Айч. вайну разбураны. Адноўлены ў 1947. З 1953 пачалася вытв-сць касцявога клею, з-д перайменаваны ў клеявы. З 1959 з-д па вытв-сці касцявой мукі. У 1964—68 расшыраны і рэканструяваны. З 1973 працуе цэх па вырабе жэлаціну. З 1979 сучасная назва, з 1996 адкрытае акц. т-ва. Асн. прадукцыя (1999): клей касцявы, жэлацін харч. і тэхн., касцявы паўфабрыкат кармавы і тэхн., тлушч тэхнічны.
т. 9, с. 466
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРОВАСПЫНЯ́ЛЬНЫЯ СРО́ДКІ,
антыгемарагічныя, гемастатычныя сродкі, лекавыя, фармакалагічныя рэчывы, якія ўжываюцца для спынення крывацёкаў. Бываюць мясц. (непасрэдны кантакт з кроватачывай тканкай) і агульнага, рэзарбцыйнага (увядзенне ў арганізм унутрывенна, падскурна і інш.) дзеяння. Да К.с. мясцовага ўздзеяння належаць трамбін, гемастатычная губка і рэчывы, якія каагулююць бялкі (танін, танальбін, тромбапласцін, оксіцэладэкс і інш.), солі цяжкіх металаў у невял. колькасцях (жалеза хларыд, медзі сульфат, прэпараты вісмуту, серабра нітрат, цынку хларыд), часта ўжываюць калію перманганат, галын, перакіс вадароду, фармальдэгід, ёд і інш. Да К.с. агульнага ўздзеяння належаць вітамін K (вікасол), 10 %-ны раствор хларыду кальцыю, лек. сродкі, якія звужаюць перыферыйныя сасуды (адрэналін, глюкакортыкастэроіды, эфедрын, метазон і інш.). Кроваспыняльны эфект дае пераліванне крыві (або плазмы), эрытрацытнай і трамбацытарнай масы крыві. Пры крывацёках, звязаных з парушэннем пранікальнасці капіляраў, ужываюць аскарбінавую к-ту, руцін, жэлацін, дыцынон і інш. Як гемастатыкі выкарыстоўваюць эпсілонамінакапронавую к-ту, авамін, кантрыкал і інш. Пры дрэннай згусальнасці крыві ўжываюць фібрынаген, антыгемафільныя глабуліны, крыяпрэцыпітат і інш. У якасці К.с. карыстаюцца прэпаратамі з розных раслін: арнікі, вадзянога перцу, каліны, кары дубу, крапівы, крываўніку, купальніку горнага, ліста шалфею. Да К.с. належаць таксама матачныя сродкі для спынення матачных крывацёкаў.
Я.П.Іваноў.
т. 8, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)