ЖЫЛЕ́ ((Gillet) Нікала Франсуа) (2.3.1709, г. Мец, Францыя —7.2.1791),

французскі скульптар. Вучыўся ў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы (да 1745), у Франц. акадэміі ў Рыме (1746—52). Выкладаў ў Пецярб. АМ (1758—77), значна паўплываў на развіццё рас. скульптуры; сярод вучняў Ф.І.Шубін, М.І.Казлоўскі, Ф.Ф.Шчадрын, Х.П.Пракоф’еў і інш. Удзельнічаў у аздабленні Зімняга палаца ў Пецярбургу (1758—77). У 1778 вярнуўся ў Парыж. Працаваў у станковай і арнаментальна-дэкар. скульптуры, дзе спалучаў рысы ракако з асобнымі элементамі класіцызму («Парыс з яблыкамі», 1757, партрэт вял. кн. Паўла Пятровіча, 1765, і інш.).

т. 6, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Жыле Н. 11/366

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЕ́МНАЯ ЗДАБЫ́ЧА карысных выкапняў,

спосаб здабывання цвёрдых карысных выкапняў з нетраў зямлі з дапамогай падземных горных вырабатак (раскрыўных, падрыхтоўчых, ачышчальных). П.з. пластавых пакладаў ажыццяўляюць пераважна суцэльнымі, стаўбавымі, камернымі і камбінаванымі сістэмамі.

Выбар сістэмы П.з. вызначаецца відам пакладу (пластавы, адвольнай формы, жыльны, россыпны і інш.), характарам залягання (пакатае, нахіленае, стромкае). Вырабаткі ў тоўшчы моцных парод вядуць буравыбуховым спосабам, у больш мяккіх пародах — праходчымі комплексамі. Непасрэдна здабыча выкапняў ажыццяўляецца ў ачышчальных вырабатках, якія праводзяцца па пласце, целе пакладу, па жыле і бесперапынна або цыклічна прасоўваюцца па пакладзе. Для комплекснай механізацыі П.з. выкарыстоўваюць комплексы, якія ўключаюць вузказахопныя ачышчальныя горныя камбайны, механізаванае горнае мацаванне, забойны канвеер і інш. Для вымання пакладу пры камерных сістэмах выкарыстоўваюць праходча-здабыўныя комплексы ў складзе праходча-здабыўнога камбайна, самаходных цыклічных транспартавальных машын (вагонаў, бункераў, перагружальнікаў і інш.) або неперарыўных (стужачных ці паслядоўных кароткіх канвеераў).

На Беларусі П.з. выкарыстоўваецца пры распрацоўцы Старобінскага радовішча калійных солей, дзе пабудаваны 4 калійныя руднікі.

П.Я.Антонаў.

т. 11, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАКО́ННАЯ О́ПТЫКА,

раздзел оптаэлектронікі, які вывучае распаўсюджванне святла і перадачу інфармацыі па валаконных святлаводах і займаецца распрацоўкай апаратуры. Вылучылася ў самаст. кірунак у 1950-я г. ў сувязі з развіццём выліч. тэхнікі, кабельнага тэлебачання, сістэм аптычнай сувязі, мед. тэхнікі (зонды), стварэннем квантавых узмацняльнікаў, лазераў і інш.

Па святлаводах светлавыя сігналы перадаюцца з адной паверхні (тарца святлавода) на другую (выхадную) як сукупнасць элементаў відарыса, кожны з якіх перадаецца па сваёй святловядучай жыле. Стрыжань святлавода мае паказчык пераламлення святла, большы за абалонку, таму на мяжы стрыжня і абалонкі адбываецца шматразовае поўнае ўнутранае адбіццё святла, якое распаўсюджваецца па святлаводзе з малымі стратамі. Калі дыяметр святлавода большы за даўжыню хвалі (мнатамодавыя святлаводы), распаўсюджванне святла падпарадкоўваецца законам геаметрычнай оптыкі, у больш тонкіх валокнах (парадку даўжыні хвалі; аднамодавыя святлаводы) — законам хвалевай оптыкі. Святлаводы бываюць жорсткія (аднажыльныя, шматжыльныя) і ў выглядзе жгутоў з рэгулярнай укладкай валокнаў. Якасць відарыса вызначаецца дыяметрам жыл, іх колькасцю, дасканаласцю вырабу. Гал. прычына страт энергіі ў святлаводах — паглынанне святла шклом жылы.

На Беларусі даследаванні па валаконнай оптыцы, пачаліся ў 1974 у Ін-це прыкладной оптыкі АН Беларусі (г. Магілёў), вядуцца ў Аддзеле аптычных праблем інфарматыкі АН Беларусі, Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Акадэмічным навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава» і інш.

Літ.:

Волоконная оптика. М., 1993;

Тидекен Р. Волоконная оптика и ее применение. Пер. с англ. М., 1975.

Я.В.Алішаў.

т. 3, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)