СМАК,

адчуванне, якое ўзнікае пры ўздзеянні раствораў хім. рэчываў на рэцэптары смаку органаў у жывёл і чалавека. Асн. смакавыя адчуванні — кіслае, салёнае, салодкае, горкае. Вызначаюцца канфігурацыяй малекул рэчываў, што адсарбіруюцца на рэцэптарах органаў С., і дзейнасцю смакавай сістэмы. Усе складаныя смакавыя адчуванні утвараюцца камбінацыяй асн. і з’яўляюцца вынікам адначасовага паступлення ў нерв. цэнтры інфармацыі ад смакавых, нюхальных, а таксама болевых, тактыльных, тэмпературных рэцэптараў ротавай поласці (напр., жыгучы і востры С. выклікаецца раздражненнем болевых рэцэптараў). Пры працяглым уздзеянні рэчыва на рэцэптар паніжаецца смакавая адчувальнасць да яго ў выніку адаптацыі. Адаптацыя да салодкага і салёнага адбываецца хутчэй, чым да горкага і кіслага. У ходзе эвалюцыі С. фарміраваўся як механізм, што вызначаў паводзінскія рэакцыі па выбары якаснай ежы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)