МУ́ХІ САПРА́ЎДНЫЯ (Muscidae),

сямейства насякомых атр. двухкрылых. Каля 5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Каля 50 сінантропных відаў. На Беларусі больш за 200 відаў. Найб. трапляюцца прадстаўнікі родаў: афіра (Ophyra), гнаявіцы (Mesembrina), жыгалкі (Stomoxys), зубаножкі (Hydrotaca), мухі дамавыя (Muscina), М.с. (Musca), фанія (Fannia) і інш. Звычайныя віды; жыгалка асенняя, муха пакаёвая, афіра беларотая (O. leucostoma), гнаявіца чорная (M. meridiana), муха палявая жывародная (Musca larvipara) і інш.

Даўж да 15 мм. Цела бурае, жоўтае, шэрае, чорнае з метал. бляскам (зялёным або сінім). Большасць відаў корміцца і развіваецца ў арган. тканках і рэштках, некат. — драпежнікі і крывасмокі, ёсць паразіты (на саранчовых і джалячых перапончатакрылых).

А.​В.​Дзерункоў.

Мухі сапраўдныя: 1 — муха пакаёвая; 2 — афіра беларотая; 3 — муха палявая жывародная; 4 — гнаявіца чорная.

т. 11, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РХЕЛЬ (Уладзімір Іосіфавіч) (н. 20.4.1940, в. Жыгалкі Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. літаратуразнавец, перакладчык. Канд. філал. н. (1982). Скончыў БДУ (1964). Настаўнічаў. З 1969 у Цэнтр. навук. б-цы імя Я.​Коласа, з 1971 у Аддзеле навук. інфармацыі па грамадскіх навуках, з 1978 у Ін-це л-ры імя Я.​Купалы Нац. АН Беларусі. Даследуе бел. л-ру 19 ст., бел.-польск. літ. ўзаемасувязі. Аўтар кніг «Лірнік вясковы: Сыракомля ў бел.-польск. літаратурным узаемадзеянні» (1983), «Крыніцы памяці: Старонкі бел.-польск. літаратурнага сумежжа» (1990), «Прадвесце: Бел.-польск. літ. ўзаемадзеянне ў першай палавіне XIX ст.» (1991), «Ты як здароўе...»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння бел. літаратуры» (1998). Укладальнік «Твораў» В.​Каратынскага (1981, дапоўненае і перапрацаванае выд. 1994), «Твораў» Я.​Лучыны (1988), і «Санетаў» А.​Міцкевіча, кнігі С.​Манюшкі «Ліра мая для спеваў: Рамансы і песні на словы У.​Сыракомлі» (з В.​І.​Скорабагатавым), зб. «Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай: Бел. польскамоўная паэзія XIX ст.» (усе 1998) і інш. З польск. на бел. мову пераклаў паасобныя творы Я.​Купалы, В.​Дуніна-Марцінкевіча, У.​Сыракомлі, В.​Каратынскага, Я.​Лучыны, Я.​Каханоўскага, Л.​Стафа, Ю.​Тувіма, Р.​Дабравольскага, Б.​Драздоўскага і інш.

Тв.:

Вяшчун славы і волі: Уладзіслаў Сыракомля. Мн., 1989;

Прысутнасць былога. Мн., 1997.

т. 10, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛУЧЫ́НКА»,

літаратурна-мастацкі і навукова-папулярны часопіс для моладзі. Выдавалася ў 1914 у Мінску на бел. мове на 16 старонках. Рэдактар-выдавец А.​Уласаў, літ. рэдактар Цётка (А.​Пашкевіч). Мела асветніцка-краязнаўчы кірунак. Садзейнічала прапагандзе ідэі нац. асветніцтва, самаадукацыі, духоўнага і патрыят. выхавання бел. моладзі, пашырэнню яе кругагляду, абуджэнню нац. самасвядомасці. Змяшчала навук. публікацыі пісьменнікаў, дзеячаў культуры, журналістаў, студэнтаў па пытаннях гіст. і культ. спадчыны Беларусі, яе эканам. і геагр. становішча. Сярод праграмных (рэдакцыйных) публікацый верш Цёткі «Лучынка», артыкулы «Да вясковай моладзі беларускай», «Да школьнай моладзі», «Аб душы маладзёжы», нарысы «Шануйце роднае слова!», «Наша народная беларуская песня» і інш. Апублікавала навукова-пазнавальныя краязнаўчыя і прыродазнаўчыя артыкулы В.​Ластоўскага (Власта) «Якога мы роду-племені», А.​Паўловіча «Вадаспады», «Вулкан», М.​Баброўскага (Л.​Гмырака) «Сіла з народу», Цёткі (пад псеўд. Мацей Крапіўка) «Газа», «Гутаркі аб птушках», «Пералётныя птушкі», «Радый», У.​Рышкевіча (пад крыптанімам В.Р-іч) «Аб той вадзе, што падае з неба», А.​Балкоўскага (пад крыптанімам А.​Бол-і) «Паветра», нарысы пра асновы эканомікі А.​Смоліча (А.​Жывіцы) «Даўнейшая натуральная гаспадарка і цяперашняе царства рубля», «Капітал», «Як цана робіцца і што яна азначае», успаміны Б.​Тарашкевіча (Я.​Тараса) пра У.​Эпімах-Шьшілу і інш. На старонках «Л.» друкаваліся маст. творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Цёткі, К.​Буйло, Я.​Журбы, З.​Бядулі, У.​Галубка, Ц.​Гартнага, Паўловіча, М.​Арла, Ядвігіна Ш., А.​Жыгалкі, В.​Лявіцкай і інш. Планавала выданне перакладных твораў для дзяцей (выйшаў адзін зборнік апавяданняў у перакладзе з польск. мовы). Друкавала нар. песні, гульні, шарады. Рэкламавала бел. кнігі, перыяд. выданні. Выйшла 6 нумароў.

С.​В.​Говін.

т. 9, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)