ХЛАРО́З РАСЛІ́Н,
хвароба, пры якой парушаецца ўтварэнне хларафілу ў лісці і зніжаецца інтэнсіўнасць фотасінтэзу. Прыкметы: заўчаснае пажаўценне лісця і лістапад, карлікавасць, драбналістасць, разетачнасць, засыханне верхавінак парасткаў, скручванне, мазаічнасць і інш. Часцей пашкоджвае пладова-ягадныя і дэкар. культуры. Выклікаецца Х.р. патагеннымі мікраарганізмамі, неспрыяльнымі глебава-клімат. ўмовамі, парушэннямі тэхналогіі вырошчвання культуры. Адрозніваюць спадчынны, інфекц. і неінфекц. Х.р.
Спадчынны Х.р. узнікае як мутацыя, спадчынная прыкмета шматлікіх сартоў і форм дэкар. раслін (пярэстапялёсткавасць цюльпана, стракаталістасць хларафітуму і інш.) і выкарыстоўваецца ў селекцыі. Інфекцыйны Х.р. выклікаюць вірусы, часам фітапатагенныя грыбы. На Беларусі часцей адзначаюцца хлароз маліны (жоўкнуць лісце, пладаножкі і пладаложы; плады дробныя, аднабокія і сухія), хлароз фасолі, мазаіка цукр. буракоў. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў — тлі і інш. насякомыя. Неінфекцыйны Х.р. на Беларусі ўзнікае пераважна ў выніку залішняга вапнавання глебы (жалеза ў глебе пераходзіць у недаступны для раслін стан, развіваецца жалезны Х.р.: лісце жаўцее, сохне і ападае, расліны адстаюць у росце, ураджайнасць зніжаецца, плады драбнеюць, сохнуць) і парушэнняў рэжыму мінер. жыўлення. Напр., пры недахопе серы ў кукурузы жаўцеюць ці чырванеюць жылкі і верхняе лісце парасткаў. Пры недахопе цынку ў пладовых дрэў вясной утвараюцца кальчаковыя парасткі з разеткамі дробнага пажоўклага лісця.
т. 17, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)